Алесь зайшоў да пана Юрыя і нагадаў, каб той Паўлюка і Юрася ўладкаваў у Горацкую акадэмію. Абодва любілі зямлю і мелі добрыя галовы.
Вочы пана Юрыя былі сумныя і зараз зусім не нагадвалі вачэй маладога чорта. Ён нявесела ўсміхаўся і падтакваў сыну:
– Але. Вядома. Не збяднеем. Затое агаворым, каб вярнуліся сюды. Два свае аграномы. Адзін у Вежу, другі – да нас. І суседзям памогуць. Я ведаю... Агрыкультура!
...Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі.
Ён мінуў курганы – іх было тут дзесяткі тры, розных – відаць, нейкі старажытны племянны могільнік, – і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць.
Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька – нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:
– Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua[19] прыехала.
Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.
Сціснула горла. Не хацелася кідаць усяго гэтага.
І ўсё ж абшар, і велічная плынь, і бярозавы гай, у які ён зайшоў, дзіўна супакоілі яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце.
Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.
Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі – для гівала было позна – ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.
Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.
Было ціха. Быў мір.
...Ён ішоў дадому, а над ім, у вышыні, плылі зялёныя, пурпурна-чырвоныя і сінія аблокі, якія свяціліся сваім святлом.
На двары, ля ўпакаваных павозак, Халімон Кірдун лаяўся з Фельдбаўхам. Кірдун з жонкай павінны былі ехаць разам з Алесем. І таму Халява быў поўны самым невыносным для ўсіх гонарам.
Але ж плед такі паніч ацаніць, – казаў Фельдбаўх. – Плед гэты ёсць практычны. Не пэцкаецца ён. Nüch?
Панюхай ты, ведаеш што... – злаваўся Халімон. – Гэтай анучай набожчыкаў укрываць. – Халімон смела валіў цераз пень-калоду, бо ведаў, што немец дрэнна разумее хуткую гаворку. – А яму трэба яркі, вясёлы. Да нас з панічом, магчыма, кабеты хадзіць будуць. Зірне якая на гэткую посцілу ды яшчэ, крый божа, пасівее... До ўжо тваёй улады над хлопцам!
Хам-Халімон, – сумна сказаў Фельдбаўх. – Драўляная галава Халімон. Хвалько-Халімон.
І адвярнуўся.
Няма ўжо ні твая, ні мая ўлада, – сказаў ён пасля паўзы. – Гарэлка нам з табой толькі ўлада хлябтаць. Пі адзін... Наг-бом... Вайсрусішэ свін-нья!
Кірдун раптам з сілаю ляснуў шапкай аб зямлю.
Ды што ты да мяне прывязаўся, перачніца нямецкая?! Мала мы з табою, ты, нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі? – на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. – Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць.
Я таксама ёсць басурман.
Ты свой басурман, – гарачыўся Халява. – Наш. Беларускі. Ай, ды ідзі ты!...
Схапіў немца за плечы і патрос. А той яго. З хвіліну яны торгалі адзін аднаго. Усё больш і больш павольна. І ўрэшце кінулі.
Сумна, – сказаў Кірдун.
Сумна.
– Кладзі гэтую анучу. Спатрэбіцца. Хадзем лепей вып’ем.
Алесь усміхнуўся і падумаў, што яму, канечне, трэба зрабіць яшчэ нешта. Ага, трэба развітацца з самім сабою, маладым. Бо калі ён вернецца, магчыма няхутка, ён будзе ўжо зусім другі, непадобны, а Урга можа састарэць ці нават здохнуць.
Ён абмінуў дом, прайшоў пад срэбнымі фантанамі італьянскіх таполяў і папраставаў да карціннага павільёна, купал якога цямнеў пад шатамі дрэў.
...Моўчкі, нібы запамінаючы, ён сядзеў перад карцінай у пацямнелай ад часу раме.
Зноў, нібы ў маленстве, яна ззяла сваім святлом. І пад галінамі яблыні, цёмная зеляніна якой хавала далягляд, юнак вёў за аброць белага каня. Нібы сотні залатых сонцаў, ззялі ў лістоце плады. І белы конь, трапяткі і спакойны, бы ў казцы, быў Урга. А юнак у круглай шапачцы – ён, Алесь.
У павільёне было цёмна. Гарэла толькі адна свечка перад карцінай. Ён так задумаўся, што не адразу пачуў, як яго нехта заве.
Алесь убачыў цемру, а ў ёй, як на карцінах Рэмбранта, аранжавае аблічча і кісці рук. Распаўнелая і добрая Анежка стаяла перад ім, жонка суровага Карпа.
Паніч, – сказала Анежка. – А божа ж мой. І не даклічашся.
19
Адвольны пераклад на лацінскую мову разрэзанага на часткі рускага слова “подвода”: sub – под, aqua – вода.