Можна было б, вядома, даехаць іначай і хутчэй. Ну, хаця б да Дынабурга коньмі, а потым – цягніком. Але ён не хоча сам. Што ўбачыш з акна вагона? Нават з фурманкі бачыш мала, і лепей бы ісці пехатою.
Яму вельмі, яму прагна хочацца жыцця. Бачыць, слухаць, піць паветра, усміхацца на ямскіх станцыях прыгожым дзяўчатам.
Ах, як жа хочацца жыць!
Лухта ўсё. Поўніць сэрца любоў і ўпэўненасць. ён дараваў усім, нават Хаданскаму. Бедны дурань! Што ён ведае аб шырокай плыні жыцця?
...Вось Паўлюк на кані праваджаў яго... А потым ён звярнуў з дарогі, заехаў у гай і вярнуўся адтуль з Міхалінай.
...Майка нібы баялася дакрануцца да яго і толькі развітваючыся, відаць, не вытрымала. Заплюшчыла вочы.
– Embrassez moi, – глуха сказала яна. – Еt nе doutez jаmаіs de mоі[19].
Ён абняў і ўбачыў, што яна зусім нерухомая, а з апушчаных веек падаюць слёзы.
I ён пацалаваў яе ў вочы. Ён разумеў, што ёй проста было сорамна сказаць гэта па-свойму. Па-французску лягчэй.
Ён схіліўся і пацалаваў яе ў нерухомы цёплы рот.
– Алесь, – на гэты раз па-свойму сказала яна. – Ты мне вер. Я цябе не падману.
...Развіталіся. Паўлюк глядзеў змрочна:
– Ну вось. I на некалькі год.
– Не, – сказаў Алесь. – Я павінен быць тут. Прыблізна ў лютым.
– Я тады буду ў Горках, – засмучана сказаў Кагут.
I раптам праз заўсёдную – не па ўзросту – паважнасць нечакана, як заўсёды ў яго, вырвалася:
― Чорт ведае што! Навука! Едзеш немаведама куды, мучышся. За кавалак пéку сем вёрст квэкай. Сваёй мудрасці няма, ці што?
Толькі тут Алесь балюча адчуў страту... “Пек” гэта было азярышчанскае. Дзіцячае. Падгарэлая скарынка бохана... Там, куды ён едзе, так ніхто не скажа. Дома куды ні пойдзеш – паўсюль чуеш: “Дзень добры, гаспадар”. I Кагуту гэта кажуць, і Халімону, і яму. А там хто скажа?
– Нічога, – сказаў ён. – Вярнуся. – Пацалаваліся. Паўлюк сядзеў на кані пахмурны. – Цалуй там усіх.
– Д-добра. I падумаць толькі: як скончыш, Янька ўжо нявестай будзе. А можа, і жонкай.
– Кінь,– сказаў Алесь.– Дзіця гэтае дурное? Ты ёй перадай ведаеш што?
– Ну.
– “Шуба кажара: у лес пабяжара, ваўкоў напужара”.
Паўлюк сумна ўсміхнуўся.
...Алесь успамінае гэта і заплюшчвае вочы.
Час, калі малады Загорскі збіраўся і ехаў у Пецярбург, а потым уладжваўся на новым месцы, быў складаны і цяжкі.
Яшчэ ў ліпені 1858 года член Дзяржаўнага савета і міністр унутраных спраў граф Сяргей Ланской падаў гасудару запіску аб асноўных пачатках будучай рэформы.
Гэта быў чалавек няпэўны, і тымі самымі якасцямі вызначалася і яго запіска. Уласна кажучы, сам ён пра вызваленне не думаў ніяк. Як большасці такіх, яму хацелася лішні раз звярнуць на сябе ўвагу гасудара, і ён узяўся за справу, на выкананне якой у яго ўжо не было ні мазгоў, ні сілы. Нават памяркоўна да яго настроеныя людзі казалі, што ён хацеў “исполнения государевой мысли”, але “был не в силах ее осуществить”. Заўсёдная трагедыя халуёў без волі, без уласнай думкі, без гордасці.
Праз недахоп мазгоў ён занадта абапіраўся на падначаленых і адкрыў другарадным дзеячам шляхі да ўплыву на рух і напрамак справы. У тых, аднак, былі мазгі, непераборлівасць у сродках і цвёрдае разуменне сваёй – саслоўнай і асабістай – выгады. Зямля была дарагая. Рабочыя рукі без зямлі – танныя. А грашовая прывязка трымала нават мацней, чым ланцужная, і яны, самі будучы ўтрыманцамі кожнага, хто меў сілу і грошы, добра гэта разумелі.
Ланской прапанаваў – яны адрэдагавалі.
Галоўным у запісцы было дараванне мужыку асабістай волі, пры ўмове, калі ён выкупіць сядзібу (у растэрміноўку на дзесяць – пятнаццаць год). Пры гэтым улічвалася і ўзнагарода памешчыку за страту ўлады над асобай.
Улада над асобай! Ніхто не думаў, ці варта чагосьці асоба, якая дазваляе, каб нехта над ёю ўладарыў, і ці вялікая гэта страта – страта ўлады над такою асобай.
Цікавіла не асоба, а рукі.
Менавіта праз тыя легенды, якія распаўсюджвалі пра яго і правыя і левыя, пра Ланскога трэба пагаварыць больш-менш падрабязна. Адны называлі яго добрым геніем вялікай рэформы і чалавекам, які хацеў прымірыць паноў і мужыкоў, бессаромна нахабную сатрапію Раманавых і інтарэсы заходаіх ускраін. Другія лаялі яго на ўсе чатыры вятры і інтрыгавалі супраць яго.
А ён не быў варты ні таго, ні другога. Гэта быў проста кар'ерыст, што на старасці год выжыў з розуму. I інтрыгаваць супраць яго таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Толькі верны да нізкапаклонства слуга.
Ён ніколі не быў анёлам міру. Згодніцтва было ўласціва яму нават менш, чым яго спадчынніку на пасадзе Валуеву. I не ад розуму, як у таго, а ад мазгавой невыстарчальнасці і вернападданасці.
19
Адвольны пераклад на лацінскую мову разрэзанага на часткі рускага слова “подвода”: sub – под, aqua – вода.