– Што ж вы маўчыце? – спытаў Алесь.
– А што гаварыць? Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы... Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ.
Віктар нечакана ўсміхнуўся. Відаць, прыйшлі ў галаву новыя думкі, і ён адразу забыў пра сваё раздражненне.
– Вы не заўважалі, што найбольш хлусяць у гісторыі? I якраз тыя, што найбольш крычаць аб сённяшнім дні і рэкамендуюць былое як альбом з цікавенькімі малюнкамі. Ну, хаця б мой непасрэдны начальнік барон Мадэст Корф[22], нямецкая каўбаса на імперскай рускай службе. Нашто ім хлусіць, калі гісторыя – было і быллём парасло?
ён усміхнуўся і прылёг на локаць:
– Старонка гісторыі... Ведаеце, з кім Модзінька вучыўся? З Пушкіным. Ворагі былі. Сварыліся. Афрыканец наш яго, здаралася, і пабіваў. I атрымалася так, што перакрыжоўваліся іхнія шляхі. Адзін за кнігу – і другі за кнігу. Адзін гісторыю пісаць – і другі пісаць. Мяркую, у Модзінькі, хоць ён і нахапаў чыноў, увесь час аставалася пачуццё ўшчэрбнасці, абдзеленасці, падсвядомае жаданне саперніцтва. Ну і пісалі. Адзін свае смярдзючыя кніжачкі, абяцадла для бедных, а другі – “Гісторыю пугачоўскага бунту”. Гісторыя – лухта, гісторыя – парахня! То скажыце мне, князь Загорскі, скажыце мне, чаму за гэтую парахню аднаго ўсё жыццё ганялі, застрэлілі ўрэшце і нават пасля смерці баяцца?! I чаму другога за парахню гэтую, за непатрэбшчыну, узвысілі, ступеняў надавалі?
Закурыў і закашляўся:
– Чаму б гэта? Калі паны лямантуюць, што ўсё гэта лухта... А, ды што там!.. А вы не думалі,можа, гэта таму, што адзін рабіў усё, каб людзі ад “былой непатрэбшчыны” морды адвярнулі, знайшлі там доказы вечнага свайго рабства, бездапаможнасці, залежнасці ад старэйшых, няздатнасці самім уладкоўваць свой лёс, беднасці мозгам і талентам, слабасці і вечнага глядзення чужымі вачыма. А другі ўсё рабіў, каб паказаць людзям іхнюю сілу, гордую самастойнасць, права на веліч сваёй уласнай думкі, без чаго чалавек не мае права звацца чалавекам. Урэшце гордае права на сваю ўласную дарогу, па якой ты ідзеш, не чакаючы ўзнагароды, а проста так, таму што ты чалавек і таму адчуваеш патрэбу і неабходнасць думаць самому і ісці самому. Бо табе сорамна рабіць іначай. Бо ты проста не ўяўляеш, як гэта так – “іначай”? Бо ты не быдла, каб ісці туды, куды вядуць, а цар прыроды. Не “цар польскі, вялікі князь фінляндскі”, а цар сусвету... I таму маеш права сам глядзець на ўсё, сам мацаць, сам узважваць... Вось гак... Паэты, калі яны сапраўдныя паэты, таксама гісторыкі. I не могуць быць іншымі. Гісторыкі думкі, гісторыкі праўды. I таму ў гісторыкаў страляюць часцей, чым, скажам, у членаў сената.
Віктар раптам перарваў сам сябе і задумаўся. Потым хітравата ўсміхнуўся:
– Гісторыя... Мне здаецца, супраць яе больш за ўсё лямантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разабраліся ў сённяшнім дні.
Абаяльнасць гэтага чалавека была такая вялікая, што Алесь раптам падумаў, ці не варта яму ва універсітэце акрамя філалогіі заняцца яшчэ і гісторыяй. Бадай, так і трэба будзе зрабіць.
ён думаў аб сваёй будучыні шмат. Юрыдычны факультэт яго не вабіў: якому праву могуць навучыць у краіне бяспраўя? Добра, на факультэце выкладаюць такія велічыні, як Уцін, будуць выкладаць, з гэтага года, людзі, пра якіх шмат гавораць за апошні час, – Кавелін і Спасовіч. Кавелін будзе гаварыць пра грамадзянскае права ў той час, калі ў дзяржаве няма грамадзян, а ёсць абываталі. Уцін будзе параўноўваць заканадаўства імперыі з заканадаўствам іншых краін, у той час, калі ўсім вядома, што законаў “ад Пермі да Таўрыды” няма, а ёсць замест іх паліцэйскае самавольства.
Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі.
Статыстыка і палітэканомія былі надзвычай цікавай штукай. Але хто дазволіць сумленна падлічваць галодных і раздзетых?
– Дзе вы? – спытаў Віктар.
– Думаю аб сваёй дарозе. Разумееце, люблю пісьменства, люблю філалогію. З ахвотаю пайшоў бы туды. Але ж я таксама сучасны чалавек. Ведаю, людзям зараз патрэбна фізіялогія, батаніка, хімія, медыцына. Патрэбна практычная дзейнасць...
– Лухта, – сказаў Віктар. – Добры філолаг лепшы за дрэннага медыка. Нашто ж вам перці супраць схільнасці? Чалавек павінен сваёй справай займацца з асалодай.
– Але карысць...
– А што карысць? Што, можа, у нас ёсць лішнія філолагі? Вы якія мовы ведаеце?
– Беларускую, рускую, польскую (апошнія дзве не так добра). Ну і яшчэ французскую, амаль як сваю, нямецкую, амаль як сваю, англійскую значна горш... I яшчэ італьянскую, каб чытаць.
22
Корф Мадэст – рэакцыйны гісторык, у 1849 – 1861 гг. – дырэктар Публічнай бібліятэкі. У 1864 – 1872 гг. – старшыня дэпартамента законаў Дзяржаўнага савета.