– Ды ідзі ты да д'ябла! – выбухнуў Кастусь.
– Зараз, – сказаў Загорскі.
Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.
– Алеська! Не пайшоў! Алеська!
Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.
Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.
– Вой, хлопцы, – спахапіўся Кастусь. – Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па-старому князь, а па-новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго – Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на “ты”. I ты, Алесь, пра “вы” забудзь. Французяціну гэтую – прэч. Мы тут усе – браты.
Першы, працягваючы руку, сказаў па-мужыцку:
– Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, – вінавата ўсміхнуўся ён. – Вядома, не ў вочы.
– Не буду, – сказаў Алесь.
– I не раю, – сказаў Віктар. – Ён у нас у гарачай вадзе купаны.
Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.
– Я з ляснога інстытута, – усміхнуўся хлопец.
Па-руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах “л”, па-дзіцячы падобнае на “в”.
– Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.
– Палясоўшчык будзе, – іранічна ўставіў непапраўны Віктар. – I знаеш чаму?
– Ну? – мякка спытаў Валеры.
– Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго “Пана Тадэвуша” сяк-так зразумеў толькі адзін слупок:
Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам – ахова лясоў.
– Маеш рацыю, – падтрымаў гульню Валеры. – Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў – і іх не будзе. – Алесь раптам заўважыў амаль сур'ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. – Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.
Урублеўскі ўсміхнуўся.
– I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне – куды я заўсёды бягу? “До лясу”. Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?
– Ты можаш з ім і па-польску гаварыць, калі табе зручней, – сказаў Віктар. – Ён трохі ведае.
– Чаму? – сказаў Валеры. – Я па-беларуску таксама ведаю.
I скончыў па-беларуску:
– Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?
– Праўда,– сказаў Алесь.
Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.
– Ану я, – сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. – Дайце я гэтага дружбістага сябрука-земляка за бакі патрымаю... Здароў, малец!
Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на “а”, вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між “а” і “о” – “гэто-го”. I, аднак, ён не быў падобны на “грака”. Можа, з віцебскай глушыні?
“Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец”.
– Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. – Голас у хлопца быў спеўны. – Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць[24] будзем... Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго... а прозвішча маё – Вярыга...
Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.
– Юзаф Ямант, – сказаў ён па-польску. – Вельмі мне прыемна.
– Таксама мне прыемна, – адказаў па-польску Алесь. – Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?
– Не.
– А адкуль? Дзе зямля таварыша?
Юзаф трохі сумеўся:
– Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.
Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.
– Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?
– Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.
– Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.
– Чаму так? Вы ж князь?
– Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш-менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя – усяго гэтага і так замнога сярод дваран.
Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.
Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.
– Пан цалкам прыстойна гаворыць па-польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы...
23
Дрэвы, помнікі нашы, колькі кожны год вас жарэ купецкая або ўрадавая маскоўская сякера
24
Старажытны, яшчэ з XVI стагоддзя, беларускі шкалярскі выраз барбарыстычнага паходжання: сябраваць, бавіць разам час, не вельмі звяртаць увагу на вучобу, але швэндацца заўсёды разам, не даючы сябра ў крыўду.