– Выкладчык быў з наваколля Радама, – сказаў падкрэслена Алесь. – З маёнтка Пёнкі.
– Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.
– Ямант-мамант, – буркнуў Віктар Каліноўскі.
Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.
– Зноў? – спытаў ён у Яманта. – Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?
– Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? – выпраўляў становішча Віктар. – Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!
Эдмунд смяяўся:
– А што? Хіба дрэнны?
– Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: “О, гер Вя-ры-га! Жартаўніч-ка! Што вы?!” Вось ажэнішся – мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол – плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: “Morgenstunde hat Gold im Munde” – у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.
– А ён усё роўна да паўдня дрыхне, – падтрымаў Віктара Валеры.
– Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.
Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.
– Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазія. I гумар такі самы. Імпатэнцкі. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпіць, жарэ. Не з вашымі мазгамі вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды і паважна так кажу: “Фунт кілбасных абрэзкаў для майго сабакі”. А яна мне: “Вам загарнуць ці тут будзеце есці?..” Во як! А вы лезеце з посным рылам...
Хлопцы зарагаталі.
– Вось што, хлопцы, – сказаў Алесь. – Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.
– У мяне прынцып, – сказаў Вярыга. – Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.
– Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.
– Нязручна, – сказаў Кастусь. – Толькі прыехалі – нá табе хеўра.
– А не жэрці зручна?
– Усе збянтэжыліся.
– Ну, кіньце вы, сапраўды. – Алесь пачырванеў: пачыналася. – На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. “Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба... і клюшня вон тырчыць”.
Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.
– ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, – сказаў Віктар. – Зойдзе і па-руску: “Есть есть?” А ты яму: “Есть нет”.
– Калі ласка, – перасек жарт Алесь. – Заўсёды буду чакаць.
Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.
– Дык, кажаш, і ракі? – спытаў Вярыга.
– I ракі.
– А да ракаў?
– Як належыць. Белае віно.
– Белае?
– Белае.
– Хлопцы, – прастагнаў Вярыга. – Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы-тры-ма-ю.
– Вось і добра, – сказаў Алесь. – Хадзем хутчэй.
Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.
– Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, – скончыў Алесь. – Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць “у арэнду”. Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: “Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай...” А бацьку: “Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі”. Дзед на такіх сяк-так цісне, але цяжка.
– Нічога, – сказаў Кастусь. – Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.
Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла-сіняя, амаль празрыстая ноч.
– У Мсціслава маці памерла, – сказаў Алесь. – Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.
– А што ён павінен зрабіць?
– Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.
– Думаеш, дадуць?
– Могуць не даць. Тут ужо – зрабіў дый стрэлу чакай.
– Вось так яно і ёсць.
Яны ішлі, абняўшыся за плечы.
– Як з маёй просьбай? – спытаў Кастусь.
– Я пагаварыў з усімі хлопцамі “Чартапалоху і шыпшыны”. Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па-ранейшаму. “Братэрства” не распалася.
– Як добра!
– Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма... ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.
– Што, мяркуеш, прычынаю?
– Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае... Нехта рыхтуе вялікі закалат... Нехта бунт рыхтуе.