Выбрать главу

Плача, горкімі слязьмі заліваецца баба ў намітцы.

— Чаго ты?

— Ды я-як не плакаць… Пла-ашчаніцу зараз у алтар панясуць. Сорак дзён ён, бацюхна, па зямлі хадзіць будзе… Бачыць будзе ўсіх, усё наша… бачыць.

Чародка дзяўчат і хлопцы вакол яе. Відавочна чакаюць хрыстосавання.

А вось дзяўчына ў сіняй з золатам старадаўняй хустцы. Стаіць, скрыжаваўшы рукі. Тварык закінуты ўгору, рот прыадкрыты. Слухае, а ў вялізных вачах — слёзы… Б'ецца, пабіваецца галавой аб зямлю нейкі шляхціц. Укленчыў, і такое, відаць, нясцерпнае гора, што калоцяцца плечы.

— Не пабівайся так. Не трэба.

Алесь ішоў — і нібы ўсе людзі праплывалі, уставалі перад ім. І ад раптоўнай любві да іх, замілавання і вялікага жалю ў яго нешта дрыжала ў горле.

Бледны, са змарнелым абліччам і бяскроўнымі вуснамі, ён ішоў бліжэй і бліжэй да адчыненых дзвярэй, да скляпенчатай аранжавай плямы, адкуль даляталі спевы.

Нехта асцярожна ўзяў яго за плячо. Азірнуўся — Кандрат Кагут. Светла-сінія, з добрай хітрасцю вочы.

— Юж по вшысткем, — іранічна сказаў Кандрат, — по мшы і по казаню[11].

— Здароў, братка, — узрадаваўся Алесь.

— Здароў. Хадзем са мною. Нашы там.

Кагуты-малодшыя прымасціліся трохі ў баку ад алеі, не сталі праціскацца за бацькамі і дзедам Данілам у царкву. Але яшчэ да таго, як Алесь і Кандрат дайшлі да іх, з-за дрэў выступіла танклявая зграбная постаць Андрэя Кагута.

— Ты з кім, Кандраце? — сказаў, бы праспяваў.

— Вось, — сказаў Кандрат. — Загорскі. Градзе, як жаніх у палунашчы.

— Што я, страшны суд? — адказаў жартам Алесь.

Нечаканыя словы Кандрата зачапiлi яго. Ён сапраўды прыйшоў, як жанiх у палуначы, хацеў убачыць Майку.

— Ну, не зусім страшны, — сказаў Андрэй. — А трохі ёсць. — Нясмела ўсміхнуўся, сціпла прыкрыў доўгімі веямі вочы. Алесь не спадабаўся яму.

І амаль адразу Алесь трапіў у абдымкі. Адусюль у вочы лезла адно і тое: залацістыя патлатыя валасы, дзікаватыя сінія вочы, простыя насы, белазубыя ўсмешкі. Ага, вось нехта іншы: Марта, Стафанава жонка. А вось і сам Стафан з маладымі, але густаватымі ўжо вусамі — ціхі, вады не скаламуціць, Стафан.

— З велікоднай ночкаю вас.

Адзін Стафан з усіх Кагутоў перайшоў на "вы", калі Алесь скончыў гімназію.

— Ты што, пазней не мог?

Бацюхны, Паўлюк, гарачы часам, але такі часцей за ўсё салідны Паўлюк! Павёлка, равеснік, вясковы сябра! І гэта за які месяц стаў такі, што не пазнаеш, перайшоў мяжу да дарослага хлопца: кучаравяцца маленькія залацістыя вусікі. Світка на адно плячо, быццам рыхтуецца біцца на кулаках; магерка зухавата заламана назад.

— Гэй, а мяне? — разважлівы голас ззаду.

Нехта торгае за рукаў, Юрась.

— Юраська-Юраська, — смяецца Алесь. — А хто быў галыш мужаска полу?

— Ды ну цябе, — з паважным дакорам кажа пятнаццацігадовы, ладны хлапец.

— Што "ну цябе"? — смяецца Кандрат. — А каму яшчэ ўчора… што?.. Ну што, Алесь?

— Каму яшчэ ўчора бондачку[12] давалі? — падкусвае Алесь.

Рогат.

— Цiха вы, — паважна кажа Марта. — До ўжо. Во, грэх якi. Пахрыстосуемся загадзя, Алесь Юр'евiч.

Вочы маладзіцы смяюцца. Яна выцірае хусцінкай рот.

— А хрыстосавацца загадзя — не грэх? — пытае Стафан.

Алесь стаіць сярод іх і адчувае, што горла нібы сціснула. Яму было так дрэнна ўсе апошнія дні, што ён, трапіўшы раптоўна ў сваё, у роднае кола, трымаецца з апошніх сіл.

— Кагосьці яшчэ няма, — глухім голасам сказаў Алесь.

— Мяне, — і з паўзмроку выйшла Янька Кагут у беленькіх чаравічках і сіненькім кабаціку.

Алесь жартам узняў яе, — ого!

Янька глядеза на яго сур'ёзна і строга. Удалася яна не зусім у Кагутоў. Рот маленькі, а вочы ўдвая большыя, чым у іх. Ужо цяпер у яе была тоўстая каса, ледзь не з руку таўшчынёй.

На сцежцы пачуліся крокі.

— Хто гэта тут маю нявесту чапае? — прагучаў юначы прыемны голас.

— Мсціслаў, — віскнула Янька і кінулася да яго.

Алесь і Маеўскі сустрэліся позіркамі і апусцілі вочы, нібы кожны заспеў другога ў не зусім належным месцы, але цудоўна разумее, чаму ён тут.

Мсціслаў ускінуў вейкі, і на вуснах ягоных з'явілася ўсмешка:

— Вялікая ноч?

— Вялікая ноч, дружа.

І гэта гучала, як: "Па-ранейшаму?" — "Давай па-ранейшаму, дружа".

І адразу, нібы пакарыстаўшыся гэтай магчымасцю і хочучы замацаваць яе, Мсціслаў сказаў з іроніяй:

— То чаго гэта пан Загорскі прыехаў у царкву Мокрай Дубровы?

— Бо тут Кагуты, — сказаў Алесь.

— Во шчасце якое, — наiўна сказала Янька. — А мы якараз хацелi ў Мiлае ехаць, каб цябе ўбачыць, Алеська.

Кандрат лёгка штурхнуў яе ў бок. Янька не зразумела і адказала брату штуршком, так, што ўсе заўважылі, і сціпламу Андрэю стала няёмка.

Янька глядзела на Мсціслава сінімі вачыма, бліскучымі, як мокрыя каменьчыкі: лавіла словы.

Мсціслаў стаяў і смяяўся.

— Я гэта чаму, — з удаванай наіўнасцю сказаў ён. — Я цябе хацеў знайсці. Я ў Загоршчыну — няма. Я ў Мілае — няма. Куды, думаю, цяпер?

У гэты момант удар звона пракаціўся над голымі яшчэ, але жывымі дрэвамі, паплыў пад свежыя і празрыстыя зоры.

— Пачынаецца, — сказаў Андрэй.

Яны рушылі бліжэй да царквы. Натоўп плыў туды ж і хутка адцёр Кандрата з Андрэем і Мсціслава з Алесем ад іншых.

— Ты малайчына, — сказаў Мсціслаў на вуха Алесю. — Значыцца, вырашыў: мір. Добра, памірым… Яна тут. Я назнарок праціснуўся ў царкву і паглядзеў.

І тут Алесь адчуў, што ён сапраўды больш за ўсё на свеце жадае міру і злагады.

— Зараз званы ўдзярбаняць, — сказаў Кандрат. — Асцярожна, хлопцы. Кажуць, часам ад такой прычыны з цвінтарных дрэў чэрці падаюць.

— Лухта якая! — скзаў Мсціслаў.

— Я і не кажу, што праўда.

— Людзі вераць, — сказаў Андрэй. — Таму што нібыта як людзі ў чысты чацвер свечкі дахаты данясуць і крыжы на ўсіх дзвярах паставяць, то нячысцікі з хат уцякаюць. Куды ім падзецца? На цвінтарныя дрэвы. Сядзяць галодныя, халодныя, бо злезці баяцца. Ну, а як бомкне велікодны звон — валяцца яны з дрэў, як грушы. Шмяк-шмяк! Некаторыя ногі выкручваюць.

— Ты глядзі, — сказаў Мсціслаў, — за гэткія ерэтычныя забабоны атрымаеце вы ад папа.

Ягоныя вочы смяяліся, і ў тон яму Андрэй сказаў:

— І няхай. Усё адно падаюць. Сачы, Алесь, можа, якога за хвост ухопіш.

— А ў яго хаданская мыза, — сказаў Мсцiслаў.

У Кандрата захадзілі жаўлакі на шчоках.

— Тады мы ўжо табе, Алеська, дапаможам. Ты яго толькi ў хмызы з Мсцiславам завалачы… каб начальства нас не бачыла. А там мы яго, каб вам рукi не пэцкаць, асвенцiм.

Зоры віселі над галавою. Прыціхлі дрэвы. З цвінтара спускалася рознакаляровая стужка людзей. Нібы з расплаўленага металу, цяклі і зіхацелі і пераліваліся рызы папоў. Ззяла на золаце крыжоў чырвонае зарыва ад соцень свечак. І над усім гэтым густа плыў бас дыякана:

— "Уваскрэсенне твае, Хрысце спасе, ангелi пяюць на небясех: i нас на зямлi спадобi чыстым сэрцам цябе славiцi".

Пад зоркамi мiж снежных бяроз, якiя сталi цяпер аранжавыя знiзу, плыло, агiнаючы царкву, шэсце: нiбы нехта павольна рассыпаў чырвоны мiгатлiвы жар.

Алесь зноў убачыў дзяўчыну ў сiняй з золатам хусце. Яна нiбы iмкнулася да агнёў, як сiнi i залаты сумны махаон. I раптам у яго адлягло ад сэрца: не магло здарыцца нiчога дрэннага, пакуль на зямлi iснавала надзея.

— Раўбічы, — голас Мсціслава ўпаў.

І адразу ўпала Алесева сэрца. Ён убачыў.

…Пан Яраш з Эвелiнай, Франсам, Стасем i Юллянам Раткевiчам iшлi паперадзе. Моцная Ярашава рука сцiскала свечку, змрочныя вочы глядзелi паўзверх галоў: ён, вiдавочна, думаў пра iншае. I такi ён быў моцны сярод гэтага натоўпу, i так клалiся на яго аблiчча i аблiччы суседзяў, на блiскучы жалезны бранзалет мяккае святло i змрок, што Алесь раптоўна здрыгануўся ад замiлавання да яго i да ўсёй гэтай сям'i.

вернуться

11

Ужо ўсё… Скончылася набажэнства і казані (польск.)

вернуться

12

Бондачка — хвосцік каўбасы з завязкай. Даюць маленькім дзецям, каб не грашылі пад сябе.