Выбрать главу

Кірдун з добрай мяккай усмешкай паціснуў плячыма.

— Ды што… Тут жывеш, як вольны казак. Плывеш сабе, сонца вакол. А дома… Бабы гэтыя. Шкада ж іх біць, слабыя… Лаяцца — сабе даражэй. Дый хваліць няма за што.

І па дурасці ляпнуў:

— Жанчыны гэтыя — ну іх да д'ябла! Вось і паніч Алесь са мной згодзен.

Андрэй лыпнуў вачыма.

Кандрат, нібы толькі тут заўважыў сома, паспешліва сказаў:

— Праўда твая, Алесь, — атаман… Колькі яму год можа быць?

— А чорт яго ведае. Многа.

Чаўны ляцелі зусім побач па плыні, між зялёных дрэў.

— З рыбамі гэтымі бяда, — заліваўся Кандрат. — З вялікімі. Дзеда Бельскага ведаеш, Алесь?

— Ну. Заіка?

— Ага. І ў портках калашыны рознакаляровыя. Еду аднойчы, а ён вялізную шчупачыху спаймаў. І нанізвае, хоча пад лазу прывязаць, каб жыла. І так пяшчотненька кажа: "Р-р-ра-буша м-мая, р-раб-буша. Заўтра яўрэям цябе прад-дам". Аж тая раптам — боўць! І пайшла. То Бельскі як завёўся: "А туды т-т-т-т…". І так да самага Сухадола.

Чаўны выплылі на сіні абшар. Роўны на многія вёрсты, імклівы і спакойны, ён імчаў да далёкага мора і ўвесь зіхацеў пад залатым сонцам.

Жыццё было спакойнае, але нічога не абяцала. І таму Алесь амаль узрадаваўся, атрымаўшы "з вернай аказіяй" ліст ад Кастуся. Ліст абяцаў трывогу і працу вышэй сіл.

Кастусь пісаў:

"Усё ў свеце плыве хутка. Мне здавалася, нядаўна пісаў табе. А мінула амаль сем месяцаў. Не апраўдваюся. Закруціўся я тут. Ды і ты, відаць, бо адказаў на адной старонцы… Што ў цябе? Паненка Міхаліна?.. І, напэўна, ўжо і вяселле скора?

У кастрычнiку я стаў студэнт iмператарскага Санкт-Пецярбургскага унiверсiтэта, а праз адзiнаццаць дзён мяне вызвалiлi ад платы за навучанне. Бачыў ты? Дзiвосы! Ва ўсякiм разе, дзякуй iм. Магу жыць… Я наогул "шчасця балавень бязродны". Атрымаў урок, якi дае каля трохсот рублёў ў год. Гэтага досыць.

Можна было б жыць. І ўсё ж я, відаць, аддам перавагу голаду, бо не хачу бываць у гэтым доме… Уяві сабе істоту накшталт вашага пана Мусатава, толькі забагацелага і з сякімі-такімі тытуламі. Гэта страшна — чалавек без перакананняў, ці то з тымі "перакананнямі", якіх сёння трымаецца Дзяржаўны савет. І сына, нядрэннага хлопчыка, паспеў сапсаваць і разбэсціць. Часам гаспадар прыходзіць, сядае ў рэкрэацыйнай і гадзінамі даводзіць, што наш край — праваслаўны і што я, напрыклад, каталік памылкова. Няхай нават так. Я ведаю, што і продкі Міцкевіча былі праваслаўныя, але ва ўсіх гэтых разважаннях столькі сытага свінства, яны выклікаюць такую гідоту, што я ў сектанты пайшоў бы, шамана слухаў бы — толькі не яго. Бо тых гоняць, а за гэтым — тупая сіла, якая спрачаецца толькі для добрай работы страўніка, а ўвогуле ўважае за лепшае душыць.

Татаршчына!

Алесь, я ведаю, гэта глупства — адмаўляцца ад магчымасці не жыць у нэндзы. Скажуць: "Дзяцініцца, дурань. Ну, паслухай якую гадзіну. Затое астатні час жыві як хочаш". Але гэта не лухта. Я не магу саступаць нават у дробязях. Мне здаецца, калі я сцярплю, калі я зраблю выгляд, што не чую, — я сцярплю і большае, не пачую, калі народ пачне крычаць ад болю. Сцярплю, калі будуць пляваць на мяне і яго. Кожны падлец калі-небудзь рабіў першы крок да подласці. Я не хачу яго рабіць. Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі.

І потым, мы і так занадта церпім, і так ідзём на кампрамісы, да яшчэ кожны з іх тлумачым необходнасцю. Я не хачу.

Сапраўдным людзям улада жыць не дае. Дае толькі такім, як мой генерал, тым, што "ўвайшлі ў розум", то бо жаруць, п'юць, спяць з законнай жонкай ці з рабынямі, калі жонка не ведае, і не думаюць ні аб чым, акрамя прасоўвання па службе да ўласнай кішэні.

І яны жывуць, вернападданыя: плодзяць вырадкаў, падлюжаць, крадуць і ліжуць зад начальству і моляцца за "царствующую фамилию".

Гэтым, і толькі гэтым, даюць жыць.

Сядзіць, павіч, і лае сучасную літаратуру: "Якое гэта прыгожае пісьменства? Дзе ж тут вытанчанасць? Чаму гэта ўсё вучыць народ?"

Словам, можаш красці і забіваць, абы толькі прапаведаваў пры гэтым высокую мараль. Можаш кожны дзень хадзіць да Фрын на Лігаўку, абы прапаведаваў законную любоў да бога, імператара і жонкі.

Нiхто не хоча праўды. Нiхто нават не падумае, што ўсё гэта — калос на глiняных нагах, якi вось-вось звалiцца.

І такая поскудзь кіруе намі ды яшчэ і крычыць усюды, што будучыня за праваслаўем (братняя любоў з пугаю ў руцэ), народнасцю (права смаркацца ў руку, лаяць іншаверцаў і атрымліваць поўхі) і самадзяржаўем (роўнасць усіх сумленных і чыстых перад плахай). Інквізітары!

І такая поскудзь лае маладых хлопцаў, што ідуць за Чарнышэўскім. Яны нібыта заходнікі, сацыялісты, распусныя зеляпаны, валасатыя бамбісты. У ніх не шлюб, а палавая распуста. Іхнія стрыжаныя дзеўкі трыбушаць мерцвякоў замест таго, каб сумленна гандляваць сабою ў шлюбным ложку. Іхняя літаратура, замест таго каб паказваць сумленных дваран ды клопаты імператара аб народным дабрабыце, малюе рызманы ды галоту перакатную, ды такіх самых якабінцаў, як яны… А што ім маляваць?.. Высакароднасць даносчыка Фадзея Булгарына? Фадзеяў хапае і не ў кнігах… Маральнасць імператара, які перабірае пепіньерак са Смольнага, а потым дае ім пасаг ды спіхае замуж за сваіх халуёў? Сапраўды маральна: мог бы потым проста выгнаць на вуліцу… Або захапляцца высокай адукацыяй грамадства, якое ўсё яшчэ не можа расхлябаць спадчыны Мікалая-душыцеля ды Сергія-зацямніцеля прозвішчам Уварава?

Не, тыя хлопцы чыстыя. Яны ведаюць сэрцам, што лепей хай не будзе ніякай дзяржавы, чым такая імперыя. Лепей — ніякай велічы, чым веліч на касцях народаў.

Але ім цяжка. Ім амаль немагчыма дыхаць.

Нядаўна ў сувязi з агульным ажыўленнем надзей, у сувязi з чуткамi пра вызваленне (не вельмi яснымi) i чуткамi пра судовую рэформу (яшчэ больш цьмянымi), а галоўным чынам у сувязi з дзейнасцю "Современника" правыя ўзнялi нясцерпны вiск i брэх. Ажыўленне лiтаратуры iм ненавiснае. Яны б увесь век пiсьменнiкаў у рэкрэацыйнай трымалi ды частавалi за даносы цукеркамi. Раннi Тургенеў — скандал, дыскрэдытацыя панства ў вачах народа! Някрасаў — жах, небяспечнасць, парахавы зарад пад магутныя бастыёны дзяржавы.

Малады Талстой, якога ты, напэўна, чытаў, — і той ім не даспадобы. А ён, пакуль тое, нічым асаблівым іх не дапёк. Нічога, дапячэ, па почырку відаць. Не быў ворагам, дык будзе. Зробяць.

І, галоўнае, па ўласнай дурасці яны не могуць нават давесці, чым для іх варожы той ці іншы. Бачаць чысціню, празрыстасць, сумленне, дабрыню да людзей — значыць, гатова. Патэнцыяльны вораг.

Гэта як ведаеш што? Памятаеш, калі я быў у вас, Кагуты недзе знайшлі позняе ваўчаня і прынеслі табе. І мы вырашылі, каб сучка яго выгадавала разам са шчанюкамі. Сучку замкнулі, а ваўчаня паклалі між смактуноў, каб прапахнула іхнім пахам. Памятаеш, як яны? Сляпыя, дурныя, як клёцкі, а як яны пачалі вішчаць ды падскакваць.

Так і гэтыя. Нічога не разумеюць, а чуюць.

А паколькі ўсе яны накшталт майго генерала і думаюць гатовымі катэгорыямі, то галоўны іхні довад у спрэчцы з сапраўднымі пісьменнікамі ёсць той, што іхняя творчасць ганьбіць радзіму (нібы мы не абавязаны радзіме перш за ўсё ісцінай), што яны падрываюць устоі радзімы, што яны не любяць яе, бо, пішучы свае сатыры і пакутныя элегіі, дыскрэдытуюць бацькаўшчыну ў вачах іншаземцаў.

І хочацца адказаць ім словамі Гогаля:

"Спокойно сидят себе по углам и занимаются совершенно посторонними делами, накопляют себе капитальцы, устраивая судьбу свою за счет других; как только случится что-нибудь, по мнению их, оскорбительное для отечества, появится какая-нибудь книга, в которой скажется иногда горькая правда, — они выбегут из всех углов, как пауки, увидевшие, что запуталась в паутине муха, и подымут вдруг крики: "Да хорошо ли выводить это на свет, провозглашая об этом? Ведь это все, что ни описано здесь, это все наше — хорошо ли это? А что скажут иностранцы? Разве весело слышать дурное мнение о себе?"