Тон гэты быў брыдкі, але Гелена ведала: толькі дзелавітасцю і вонкавай сухасцю можна не сапсаваць справы, не насцярожыць, пераканаць у тым, у чым хочаш…І яшчэ — трошкі — упэўненасцю ў сабе. Каб адчувала, што ніхто яго не адбіраў і не адбірае, але ёсць такі чалавек, які… можа адабраць у кожную хвіліну.
— Віншую вас.
— Як вы думаеце, што магу я адчуваць да чалавека, які бескарысліва даў мне ўсё гэта?
Майчыны зрэнкі здрыгануліся.
— Мяркую… удзячнасць.
— Вядома, удзячнасць. І самую глыбокую павагу. І… любоў, бо чалавека такой маральнай чысціні мне яшчэ не даводзілася бачыць.
Сэрца Міхаліны сціскалася ад думкі, што субяседніца таксама можа кахаць яго. Таксама? А хто яшчэ? Хіба яна? Хіба ёй не ўсё адно? І яна сказала назнарок суха:
— Яму яшчэ не было дзе страціць мараль.
— Мы не судзiм людзей за будучае, — сказала Гелена, нiбы не заўважаючы, што чырвань кiнулася Майцы ў твар ад гэтых слоў. — Як вы думаеце, павiнна я, у сваю чаргу, у меру маiх сiл памагчы яму?
— Пэўна.
— Не ведаю, магчыма, я перашкоджу, але іначай не магу. Некалькі апошніх месяцаў я заўважала, што ён пакутуе. Я не ведала прычыны, але ўрэшце здагадалася, што гэтая прычына — вы.
— Прабачце, але аб гэтым я не хачу гаварыць.
Тон быў рэзкi, але Гелена бачыла прасвятлелыя вочы дзяўчыны i разумела, што тая раптам перайшла ад безнадзейнасцi i адчаю да самай высокай трапяткой радасцi. Гелена ведала, што Мiхалiна цяпер даруе ёй нават словы, якiя яна мелася вымавiць, адмовiцца ад дзявочай грэблiвасцi перад яе словамi, вызвалiцца ад рэўнасцi i, магчыма, будзе нават любiць яе, Гелену, за тое, што яна прынесла ёй гэтую iскрынку святла. Гелена ведала, што лепшы сродак узвысiць чалавека, якi знаходзiцца ў такiм стане, — гэта прышчапiць усведамленне таго, што, нягледзячы нi на што, нехта ўсё ж кахае яго.
— У мяне будзе дзіця, — сказала Гелена. — Ад каго, спадзяюся, не важна. Гэты чалавек звязаны з другою, і рассекчы гэты вузел можа толькі бог.
Майка і сапраўды не адчувала грэблівасці. Наадварот, шчымячы жаль.
— Смерць? — спытала яна.
— Бог. Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што я кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго.
— Гэта было б ханжаства… Што ж рабіць, калі зямныя законы супраць?
— Божыя.
— І няхай… няхай… Усё адно. Гэта ўсё адно шчасце.
— Што ж тады сказаць аб тых, хто сваім капрызам разбураюць шчасце?.. І калі быць з каханым не грэх, то што тады грэх?
Майка апусціла веі.
— Нейкім чынам балбатня чэлядзі аб гэтай акалічнасці дайшла да пана Алеся. Ён заўсёды ставіўся да мяне добра. Я думаю, яму стала не пад сілу жыць. Вы ведаеце, гэтыя абрыдлівыя плёткі… Адна з іх, самая хлуслівая, пару тыдняў таму дайшла да яго. Толькі гэтым ды яго дабрынёю я магу растлумачыць тое, што ён мне прапанаваў, — Гелена зрабіла паўзу.
Звінела за ракою жніво.
— А прапанаваў ён мне ні больш ні менш як прыкрыць мой "грэх". Я дарую яму, ён жа нічога не ведаў, а пасля яму было ці не ўсё адно… І вось таму я і прыйшла да вас. Мне здаецца, тое, што здарылася, гэта ўжо занадта.
Гелена прыціснула далонь да грудзей:
— Сёння ён зрабіў гэта. Заўтра падставіць галаву пад кулю. І вось я пытаюся ў вас, — у голасе была відавочная пагроза, — ці сапраўды вы вырашылі назаўсёды парваць усе сувязі з гэтай фаміліяй?
— Я… не ведаю.
— Вырашайце.
Майка сапраўды не ведала, што ёй рабіць.
— Ён памрэ, Міхаліна Яраслаўна, — нібы адчужана да яе, сказала Гелена. — Нельга так жорстка.
І гэты амаль умольны тон вярнуў Міхаліне ўпэўненасць:
— Я ўсё ж не да канца разумею вас. Мне здаецца, жанчына здольна на высакародныя ўчынкі толькі ў імя асабістай прыхільнасці.
Карыцкая зразумела: дзяўчо заганарылася. Трэба было адразу ж пасадзіць яе ў лужыну.
— Вы лічыце, што ў імя асабістай прыхільнасці жанчына можа пайсці і на такі высакародны ўчынак? Мне здаецца, да такой ступені жаночае каханне не даходзіць.
Майка не глядзела на яе. Яна ледзь не калацілася ад супярэчлівых пачуццяў: крыўды на гэтую жанчыну і захаплення ёю. І яшчэ яна падумала аб тым, што яна патрэбна яму і добрая, і благая, усякая. Іначай бы гэта не было каханне.
Гелена ўстала і апусціла на твар цёмны з мушкамі вэлюм:
— Вось і ўсё, што я хацела сказаць. Ва ўсякім разе, раю паспяшацца, калі вы не хочаце назаўсёды страціць яго.
Майка глядзела на яе, і, нібы адказваючы на яе думкі, жанчына сказала:
— Адкуль я ведаю? Можа здарыцца ўсё. І потым, заўтра рана ён едзе ў Пецярбург. Магчыма, на некалькі год… Што яму тут?
Схіліла галаву.
— Бывайце.
Майка глядзела, як госця спускаецца са сходаў на круг гонару, і невядомая трывога расла ў яе душы.
"Як ідзе… Якая прыгожая… У сто разоў прыгажэйшая за мяне".
Яна не ведала, што рабіць.
— Чаго яна прыходзіла? — спытала Тэкля.
— Так. Загадай, каб запрэглі коней.
Калі Тэкля вярнулася, Майка сядзела ля балюстрады і сціская пальцамі галаву.
— Прычоску папсуеш, — паддала жару Тэкля. — Едзь ужо.
— Добра.
— А Ілля?
— Скажы яму, што я не прыму яго сёння. Нi заўтра, нi паслязаўтра.
…Коні, запрэжаныя ў лёгкую брычку, імчалі да гасцінца. Налева — будзе Загоршчына. І заўтра ён едзе. На гады…
Яна сядзела, трохі падаўшыся наперад. Тонкі твар быў трохі бледны.
На ростанях яна памарудзіла трохі. Боль рос, але расло і пачуццё ўніжэння. І, аднак, трэба ехаць.
Яна раптам сцёбнула коней і нечакана моцным рыўцом лейцаў звярнула направа.
— Но! Но! — голас яе зрываўся.
І каб ужо ні аб чым не думаць, ні на што не звяртаць увагі, забыцца, яна пагнала коней па гасцінцы. Прэч ад Загоршчыны! Далей! Далей!
Усё было скончана і ў Загоршчыне, і ў Вежы. Чакала дарога. Чакаў Пецярбург, Кастусь, універсітэт. Апошні вечар, уласна кажучы, Алесю не было чаго рабіць. Хіба што развітацца з наваколлем.
Пан Даніла, які прыехаў разам з унукам у Загоршчыну, увесь дзень хадзіў злосны, чапляўся да ўсіх і ледзь не лаяўся, а потым раззлаваўся на Алеся за спачувальныя вочы і прагнаў прэч.
Алесь зайшоў да пана Юрыя і нагадаў, каб той Паўлюка і Юрася ўладкаваў у Горацкую акадэмію. Абодва любілі зямлю і мелі добрыя галовы.
Вочы пана Юрыя былі сумныя і зараз зусім не нагадвалі вачэй маладога чорта. Ён нявесела ўсміхаўся і падтакваў сыну:
— Але. Вядома. Не збяднеем. Затое агаворым, каб вярнуліся сюды. Два свае аграномы. Адзін у Вежу, другі — да нас. І суседзям памогуць. Я ведаю… Агрыкультура!
…Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі.
Ён мінуў курганы — іх было тут дзесяткі тры, розных — відаць, нейкі старажытны племянны могільнік, — і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць.
Уявіў сабе, як заўтра раніцай маці будзе трымацца з усіх сіл, бацька — нявесела жартаваць, а дзед з заўсёднай іранічнай усмешкай скажа, перадражніваючы семінарскі лаціна-рускі жаргон:
— Ідзі, рытар, ужо там па цябе sub aqua[18] прыехала.
Сто год так дражнілі самаўпэўненых боўдураў, што вучацца невядома нашто, не маючы і напарстка мазгоў.
Сцiснула горла. Не хацелася кiдаць усяго гэтага.
I ўсё ж абшар, i велiчная плынь, i бярозавы гай, у якi ён зайшоў, дзiўна супакоiлi яго. На свеце яшчэ магло быць шчасце.
Гай быў белы-белы. Зялёная трава, зялёныя шаты, а ўсё астатняе, як кінуць вокам, белае як мармур, як цукар, як снег.
Матавыя ствалы бяроз былі ўкрыты чорнай вяззю. Мядовы свіст невядомай птушкі — для гівала было позна — ляцеў аднекуль з сонечнай лістоты.
Сонца схілялася і мякка заглядала пад лістоту. Нібы хацела праверыць, што там магло здарыцца за дзень.
18
Адвольны пераклад на лацінскую мову разрэзанага на часткі рускага слова "подвода": sub — под, aqua — вода.