Выбрать главу

— Колькi ў вас людзей? — спытаў Калiноўскi.

Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.

— На… Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.

— Надзейныя?

— Да канца, — вельмі ціха сказаў Алесь. — На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.

— Я веру, што ты — да канца, — пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі. — Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе… У нас ёсць свая арганізацыя, "накшталт зямляцтва". Гэта — для іншых. Назва "Агул". Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія — за нацыянальны рух, трэція — за аўтаномію… Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I "Дылетантызм", і "Лісты", і амаль усе зборнікі "Полярной звезды", а з гэтага лета і "Колокола". Ну, а потым — Фур'е, немцы, іншыя… Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, — ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў "Агула", якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у "Агул" чалавека, за якога могуць паручыцца… Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў "Агула", якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень "Агула", увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя… Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.

— Дазвольце спытаць, чым абавязаны?

— Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.

— Ну, што ты…

— Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…

— Гэта хто?

— Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.

— Гэта Віктар, — сказаў Алесь.

— Чаму так думаеш?

— Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?

— Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".

— I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.

— Тфу ты, чорт, — сказаў Кастусь. — Ішоў бы ты на месца Пуціліна[24], кучу грошай зарабіў бы.

— Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што "Вечары"?

— Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.

— Палякі?

— Розныя.

— Што думаюць пра нас?

— Частка думае вось так. Паўставаць — разам. Лёс Беларусі і Літвы — плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты — вось і ўсё.

— Чаму ты кажаш "частка"? — спытаў Алесь. — Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?

Каліноўскі спахмурнеў.

— У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад

згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі — вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым — верным і чыстым — ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.

— Па-мойму, верна.

— Зыгмунт пратэстуе, — са скрухай сказаў Кастусь. — Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.

— Хто б вінаваціў, — сказаў Алесь. — І ты не лепшы.

— Што? Праўда хіба? — спалохаўся Кастусь.

— На жаль, праўда.

— Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх — астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.

— А потым што — здрада?

— Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі[25] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

— Хто яны?

— Белыя. Так мы іх называем. "Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!" Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

— Досыць паскудна.

— Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

— Песня знаёмая, — сказаў Алесь. — Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

— Дзе?

— Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

— Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

— Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.

— Будзеш разам са мною біцца?

— А што я — сюды маліцца прыехаў?

— Добра, — сказаў Кастусь. — Руку.

— А яшчэ хто ёсць?

— Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.

— Гэтых трэба пераконваць.

— Але… Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.

— Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

— Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы — галота. Яны лібералы, мы — якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…

— До, — сказаў Алесь. — Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе — значыць, я з вамі. А тое, што я князь, — справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

— Хлопцы якія! Ну, Кастусёк — гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!

— Збіраюся.

— Вой, хлопцы!

— Што, пацалавала б?

— А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

— Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

— Абавязкова.

— Паніч… Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

вернуться

24

Пуцілін Іван — наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. "Рускі Шэрлок Холмс".

вернуться

25

Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года.