Выбрать главу

— Гэта ёсць. Але ў гэтых выказваннях больш палітыкі, чым праўды.

— Як?

— Трэба было давесці, што народ вынішчалі, што толькі под эгідай Мікалая Раманава, Уварава і Аракчэева ён атрымаў магчамысць дыхаць.

Прафесар трохі спалохаўся. Благавешчанскі ў чымсьці меў рацыю.

— Лінгвістыка не ведае палітыкі, мой друг.

— Лінгвістыка — гэта значна больш палітыка, чым усё натуразаўства. Не, народ не забілі. Ён жыве і чакае шчасця. І будзе жыць, як бы цяжка яму ні было… А наконт забітасці мяркуйце самі. Ладымер[28] едзе ламаць хрыбты крымчакам, восковая дзека розумам пабівае князя Ганю, мужык Ваўкалака піша на лубе лісты да каханай, таксама мужычкі, Любка з Копанога Рова, што пад Крычавам, звычайная дзяўчына з месца, грае ў шахматы з "царом чорных і рагатых" Рабедзяй і выйграе ў яго палонных. Або легенда аб лебядзінай келлі, ці аб явары і белай бярозе. Памятаеце, на магілах юнака і дзўчыны, раздзеленых царковой:

Дзесьці мае дзеці ў любові жылі. Раслi, раслi, пахiлiлiся, Цераз цэркву сушчапіліся.

Чаму "Трыстан і Ізольда" — адзнака вялікіх сіл, а гэта — прыкмета забітасці?

Памаўчаў:

— Так, быў і прыгнёт. Але прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых — магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.

— Сразнеўскі задумаўся. Відаць, хацеў быў паўшчуваць за небяспечныя думкі, але раздумаў. Схаваў твар у далонях. Потым апусціў далоні.

— Якія гордыя, моцныя і страшныя людзі! Якая страсная прага справядлівасці! Як гэта там, у вас?

А вайна была, вайна была, А ніўка зялезнай карой парасла, Зялезнаю, крываваю, Сталёваю, іржаваю.

І гэта — як дуды раўлі! І як тройчы стрэліў і на трэцім стрэле "сэрца стрэльбы разарвалася"! Што ж гэта, хлопчык?! Ці во гэта… Не, гэта:

А ўжо ж бяроза завіваецца, Кароль на вайну збіраецца. А ў каго сыны ёсць, дык высылайця, А ў каго няма, дык хоць наймайця.

І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля

…Зубамі падавілася, Крывёю захлынулася.

А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?

Памаўчаў.

— Гэта — схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.

— Я гэтага i хачу.

— А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс — гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.

І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.

Сразнеўскі раптам сказаў:

— Я не хачу, каб табе было цяжка.

— Чаму мне павінна быць цяжка?

— Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.

— Для мяне гэта не цяжар.

— І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.

Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:

— Ты не верыш у бога, хлопчык?

— Чаму вы так думаеце?

— Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона-аршанца[29]. Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр'ева ноч і "мост на крыві"[30] ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую… І потым, гэтыя твае словы, што "рэлігія — справа дзесятая".

Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.

— Вы маеце рацыю, — урэшце сказаў ён. — Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.

— Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?

— Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, — я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не "всеблагий", калі дазваляе тое, што адбываецца вакол… А можа, гэта ад яго і не залежыць. "Сусвет-сэрца…" Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, — мне здаецца, што ў гэтага "сэрца" вось-вось будзе разрыў.

Усміхнуўся.

— Ну, гэта ўсё трызненне на крайняй мяжы пазнання… Я не веру.

Сразнеўскі задумаўся:

— Вось бачыце. Я гэта заўважыў яшчэ па вашай рабоце аб Кірыле Тураўскім. Там, у яго "слове", кожны сказ аб прыродзе мае працяг. Сонца, якое сагравае зямлю, параўноўваецца з Хрыстом, што сышоў на зямлю. Зіма адышла — вечна жывы бог папіхнуў нагою смерць і бязвер'е. Гэта ж дванаццатае стагоддзе, самы пачатак вашай літаратуры. А вы адсеклі канцы сказаў, і атрымаўся паганскі гімн зямлі і сонцу.

Алесь маўчаў.

— Нашто? Ці добра гэта? І нашто ўскладняць і без таго складанае жыццё?

Малады, відаць, дадумаўся да чагосьці. Упарта сказаў:

— Каб ён існаваў — ён не дозволіў бы такога здзеку з нас.

— …І, можа, таму, што ён ёсць, вы і вытрымалі дзевяцісотгадовую вайну супраць у тысячу разоў мацнейшых ворагаў?.. І склалі гэтыя дзівосныя балады. Магчыма, усё ад яго. Нават ваш богам дадзены талент, які можа натхняць і ратаваць.

— Не трэба так.

— І, магчыма, ён назнарок робіць такое з людзьмі, каб спадзяваліся толькі на свае сілы. Таму што бог, лёс — як хочаце яго называйце — любіць моцных і трывалых людзей.

— То значыць, яны самі робяць сябе трывалымі? Самі?

— Хлопча, без бога, няхай нават безнадейнага, чалавек не мае падтрымкі ў сабе. Гэта падобна на ерась, ведаю: бог, на якога нельга спадзявацца, якога трэба бараніць. Але людзі трымаюць бога ў сабе, каб быць моцнымі… І найлепшы доказ — гэта тое, што вы выжылі, што гэта — дзіва, што не можа быць такой велічы без бога ў душы, — паклаў руку на плячук Алеся. — Найлепшы доказ — бог у вашым сэрцы.

…Алесь страпянуўся. Што гэта, задрамаў? Iрваны гук званочкаў. Нетры i снег. I ў гэтай безнадзейнасцi чалавек ганарыцца сабою, маленькая мушка ў снягах. I вось конь, мудры конь песнi, адказвае седаку:

Ой, цяжкі мне, цяжкі Частыя дорожкі, Частыя дарожкі, Густыя карчомкі.

Жывая песня ў мёртвых снягах. Маленькае сэрца не звяртае ўвагі, што вялікае вось-вось разарвецца. Не звяртаючы ўвагі на сусвет, на тое, што будзе заўтра, на мяжу пазнання, на зорныя астравы, мудра і мужна льецца песня…

Ты ж мяне паставіш Сыру зямлю біці, А сам, молад, пойдзеш Гарэлачку піці.

І ў гэтым вышэйшая мудрасць, але таксама і штосьці прынізлівае.

Ён думаў аб гэтым вялікім уніжэнні. І ў душы нарастала пагарда да сваёй слабасці, злосць на сваю слепату і тамленне.

А ў снягах бязлітаснай зімы мужна змагалася з марозам малюсенькая жывая крынічка песні:

Ты ж мяне паставіш У снезе па вушкі, А сам, молад, пойдзеш К шыкарцы ў падушкі.
вернуться

28

Тут і далей размова ідзе аб героях беларускага фальклору.

вернуться

29

Легендарныя і гістарычныя беларускія героі-паўстанцы.

вернуться

30

Месца сутычак бедных і багатых у Оршы.