Выбрать главу

Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.

— Гэта што ж, наша высакародная зборня — карчма, ды яшчэ і брудная? — спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.

— Чакай, — уладна перапыніў Міхал, — тут мая справа.

Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.

— Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.

Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.

— Заб'ю! Штафірка, шпак дохлы!

Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.

— Калі вы так трымалі сябе на бастыёне — гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, — сказаў Алесь.

Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.

Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры-яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.

Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.

Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.

Злосць Хаданскiх прымусiла iх пайсцi на ўчынак, якi не мог не парушыць адносiн мiж Майкай i Алесем.

Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з'ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар'ера, чым пускаць такое.

Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.

— Малады, а такі ўжо распусны, — шапацела чутка. — Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага…

— Дык божа мой… Яна… Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?

— І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.

Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.

— А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу… А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць… То ж бо… Дарэмна не зробяць…

Чутка гэтая дайшла да сям'і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.

— Ну, бабы, — гарачыўся Яраш. — Каб мужыка, дык на бар'ер…

Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:

— Заручоная таго… Распусніка… А акторка тая цяжарная…

Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская "выключна з-за любові да яе" не паўтарыла Міхаліне таго самага:

— Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі… Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты…

Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.

— Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?

Майка змоўкла. Яна "заўважыла" гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.

— Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.

Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.

— Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?

"Даставіць пані… Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк… кулон… завушніцы".

Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, "Хаты" Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:

— Падарыў… Гелене. А што, яна і табе падабаецца?

— Гэта глупства, пані, — спакойна сказала яна.

І ўсё ж яна паверыла.

А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана-халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п'янай кампаніі.

Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.

— Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, — сказала яна. — Ніколі!

І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама "чула пра ўсё".

— Што такое?

— Ён. Не ведаю, нашто яму…

— Дык і да цябе дайшло?

Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.

А Клейна між тым, ведаючы натуру чалавечую, верыла толькі ў тое, што Алесь, можа, і ляпнуў нешта такое, бачачы, як зажывае над ім нарачоная.

— Дагулялася, — сказала Клейна. — Хлопец цябе, па ўсім відаць, кахаў, а ты, гульвіса, зажывала над ім, нібы ў яго не сэрца, а каменьчык.

— Але ж я яго таксама…

— Што "таксама"? Што? Відаць, ужо зусім сіл не ставала, калі на такое рашыўся.

У добрай Клейны сэрца балела і за дачку, і за Майку, і за Алеся. Сапсавала жыццё тром маладзёнам, ды і сама нічога не дабілася, брыдкае дзяўчо. Вось яно да чаго зажывошчы ды капрызы вядуць.

Клейна маўчала, копячы міжвольнае раздражненне супраць дурасці маладых. І таму, калі нехта завёў у яе прысутнасці размову аб брыдкім здарэнні і зноў ужыў словы "ўзяць сілай", старая не вытрымала.

— Ну і ўзяў бы, — іранічна сказала яна. — Падумаеш, бяда вялікая.

Майка пасля сустрэчы з Клейнай паверыла ва ўсё да канца. Наступнага дня яна папрасіла бацьку, каб Загорскім адмовілі ад дому. Пан Яраш аслупянеў і сказаў ніякава:

— І ты чула? Ты пачакай, доню, можа, мана?

— Гэта праўда, — адрэзала тая. — Я прашу цябе, татка, ніколі… нагі яго тут…

Яраш шанаваў дачку, ведаў, што яна — Чалавек і яе нельга мучыць допытамі. Калі яна гаворыць — яна, пэўна, ведае і ўсё абдумала.

— Як хочаш, — сказаў ён.

І таму, калі Алесь пайшоў вечарам у гарадскі дом, заняты Раўбічамі, там з ім проста адмовіліся гаварыць. Пан Яраш глядзеў убок, і, відаць, яму было шкада і балюча, але гонар прымушаў трымацца менавіта так, а не іначай. Ён сказаў, быццам вельмі шкадуе аб тым, што малады чалавек так забыўся, і, нягледзячы на запэўненні Алеся, дадаў, што справа з плёткай зайшла далёка і ён вымушан бараніць гонар роду. Таму il faut que vous, Загорскі, recuiez la maison de wotre présense[4].

А калі Алесь пайшоў з дома, — Майка не выйшла да яго, — убачыў Франса, які гуляў з Наталяй па садовых алейках, і памкнуўся да яго.

— Франс, даю табе слова… Клянуся…

— Я, здаецца, нічога не патрабую ад вас, нават тлумачэнняў, суха сказаў Франс. У яго заўсёды быў выгляд маладога прыдворанага. Я мяркую, гэта не найлепшы спосаб сябраваць з домам: ганьбіць у гэтым доме адну з дачок.

Алесь збялеў:

— Франс… Брат… І ты таксама?

І тут Франс даў волю застарэламу свайму раздражненню, неасэнсаванай нянавісці да гэтага чалавека, якога пасля адчужанасці Ядзечкі Клейны пачаў пазбягаць. Франс гневаўся на яго за гэта, але Франсу здавалася, што ён, Франс, гневаецца за Майку. Малады Раўбіч сам бы здзівіўся і перастаў паважаць сябе, каб яму сказалі, што галоўная прычына Ядвіся.

вернуться

4

Трэба, каб вы, Загорскі, вызвалілі дом ад вашай прысутнасці.