Выбрать главу

— Хоць, вядома, я дорага даў бы, каб усё гэта мела выгляд большай смеласці… Што міністр?

Ён ведаў, адчуваў, што Зеляной непрыкметна падкопваецца пад шэфа, і не зазнаваў з гэтай прычыны ні абурэння, ні ўхвалення. Усё было вельмі звычайна і так, як мае быць. Ён занадта добра ведаў, што за гэтымі ўсмешкамі, даверам, агульным сваяцтвам, балямі і запэўненнямі ў сяброўстве увесь час другім фонам ідзе патаемная вайна: самае сапраўднае капанне траншэй, падводка мін, папяровыя стрэлы з-за вугла.

— Ён мне не падабаецца, — сказаў Зеляной. — Скажу вам па сакрэту, яго песенька спета. Хоць, паверце, мне шкада. Мне вельмі шкада. Вы ведаеце, я столькі абавязаны Міхаілу Мікалаевічу.

— Усе мы абавязаны яму, — з прыстойнай журбой сказаў Валуеў. — Усім шкада.

Яны зірнулі адзін аднаму ў вочы і лішні раз упэўніліся, што ўсё разумеюць і што можна гаварыць далей.

— Ведаеце, пры апошнім дакладзе гасудар амаль сказаў Мураўёву, што не жадае мець яго міністрам, сумна сказаў Зеляной. Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў нібыта можа абысціся без яго.

Без года міністр дзяржаўных маёмасцяў зірнуў на без дзевяці месяцаў міністра ўнутраных спраў і ўбачыў, што Валуеў разумее яго і не здзіўляецца.

— Вось як? — сказаў Валуеў.

— Так, — сказаў Зеляной. — Ён з гневам і ўдарыўшы па стале сказаў, што не дазволіць міністрам процідзейнічаць выкананню зацверджаных ім пастаноў па сялянскай справе і што ўпраўляючыя палатамі дзяржаўных маёмасцей павінны дапамагаць, а не працівіцца выкананню гэтых пастаноў.

— Бедны Міхаіл Мікалаевіч, спачувальна сказаў Валуеў. Вось і май пасля гэтага ўласную думку…

Вочы іхнія адначасова сказалі: "Мы-то з вамі не зрабілі б гэтага. Стары выжыў з розуму. Яму здаецца часам, што гэта ён цар, а з імператарам, няхай і бязвольным, але капрызным, так не жартуюць".

Уголас Зеляной сказаў з выглядам душы-хлопца, які ўсім рэжа праўду-матку (яму гэтая маска пасавала, як Валуеву маска крытыкана і ліберала, рупліўца аб Расіі, і ён трымаўся за яе так, што яна прырасла да аблічча):

— І нас з вамі тое самае чакае, Пётр Аляксандравіч. Самастойныя мы занадта, на павадку хадзіць не любім.

Абодва ведалі: калі іх што і зваліць, то чарговы падкоп сяброў, але думаць аб самастойнасці абодвум было прыемна.

— Відаць, вялікі князь Канстанцін абудзіў у гасудару гэтую думку аб процідзеянні міністра дзяржаўных маёмасцяў і яго падначаленых, задумліва сказаў Валуеў. Мураўёў сябе трымае з большай годнасцю і спакоем, чым звычайна.

— О, ён дзівосны! Ён сказаў, што воля яго вялікасці будзе свята спаўняцца і што, калі ён, міністр, знойдзе, што прыняцце нейкіх там мер пярэчыць яго сумленню і перакананням, ён будзе прасіць звольніць яго ад абавязку выконваць такія загады. Гасудар на гэта не сказаў ні-чо-га. Толькі "бывайце".

— Што Мураўёў? — спытаў Валуеў.

— Ён дома напісаў ліст да гасудара з просьбаю аб звальненні.

Зеляной уздыхнуў i са скрухай развёў рукамi:

Мне яго шкада. Я даў яму параду не пасылаць ліста да наступнага даклада, каб спаўна пераканацца, што выяўлены гасударам настрой розуму не быў хвіліннай успышкай, якую выклікалі нагаворы.

— Я заўсёды ведаў, што вы чалавек зычлівы, сказаў Валуеў.

— А вы — справядлівы, — пранікнёна сказаў Зеляной. — І добра думаеце аб людзях.

З цеплынёй заглядаючы адзін аднаму ў вочы, яны горача патрэслі рукі і разышліся, увогуле задаволеныя сабой. Размова была на вышэйшым узроўні, тая размова, вытанчаная і з соллю, у якой словы не азначаюць нічога і ўсё азначае падспуднае веданне намераў і сіл субяседніка.

…Вокны кабінета былі завешаны лілаватымі шторамі. Скупа палаў камін. Бюракратычныя, дробна пікіраваныя скураныя крэслы і дзверы, строгі стол з абцягнутай зялёным сукном верхняй дошкай, цяжкія кандэлябры, падобны на стаячую труну англійскі гадзіннік у куце.

Шэф устаў з крэсла. І Валуеў, як заўсёды, спалохаўся, як бы не выдаць яму непрыемнага пачуцця, чымсьці падобнага на жах.

У начным святле гэтага каміна, у ліловых водсветах штор шэф быў страшны, і тым больш ветліва, з перабольшанай прыхільнасцю ўсміхнуўся яму Валуеў.

Кароткапалая рука шэфа рыўцом працягнулася, сціснула, нібы злавіла, руку падначаленага. І тым больш дзіўны быў пасля гэтага голас шэфа, голас ветлівага гаспадара, хлебасола, трохі правінцыяльнага аматара пасядзець ля агню з піпкай ды чарачкай кменнай ("Каньяк ну яго! Заморская штучка!"), у расшпіленым мундзіры:

— Сядайце, Пётр Аляксандравіч. Вып'еце па надвор'ю?

І хоць піць з раніцы было дрэнным тонам, Валуеў не палічыў за магчымае адмовіцца. Шэф цярпець не мог правіл і парушаў іх як мог, ён увогуле выкрасліў слова "шокінг" са свайго лексікону.

— Апошнія дні дажываем, — сказаў Мураўёў. — Вось-вось адмена. А што там?

І падначалены падумаў, што той гаворыць пра сябе, а не пра прыгон.

Яны маўчалі. Ні ў кога Валуеў не бачыў такіх разумных, непрыемна разумных вачэй. А можа, гэта здавалася па кантрасту з абліччам міністра. Гэта было нібы выпаўзла з зямлі, з апраметнай, абрыдлівая і страшная пачвара, уся яшчэ слізкая ад свайго ходу пад зямлёй. І раптам узняла цяжкія, бы ў Вія, павекі і зірнула, нечакана да жаху, неверагодна чалавечымі вачыма.

Твар гэты здаваўся яшчэ больш страшны, бо выступаў, як на карцінах Рэмбранта, жаўтавата-аранжавай плямай з цемрыва. І блікі агню скакалі па ім. Як сякерай высечаны, тлусты і па-старэчы ўжо друзлы, шырокі, з цяжкім падбароддзем, тупым носам і грубым вялікім ротам твар. Жорсткія бачкі, металічна-шэрая скура, нізкі лоб з жорсткімі, як конскае грэбла, валасамі над ім.

Цяжка, як у сабакі, звісалі ніжэй сківіцы брылы шчок. І на гэтай абрыдлівай масцы свяціліся пранізліва-разумныя вочкі, адзіна чалавечае, што на ёй было.

Валуеў успомніў, як характарызаваў міністра Фёдар Берг, які Мураўёва цярпець не мог. Усеўладны генерал-губернатар фінлядскай сатрапіі вастрасловіў з міністра, пацяшаўся з яго аблічча, з гэтай круглай галавы, з вялых, як вялізныя пельмені, вушэй:

— Кожнаму сваё, панове. Калі на партрэце Ярмолава захінуць мундзір, пакінуўшы адну галаву, атрымаецца леў. Калі на партрэце Мураўёва захінуць мундзір, атрымаецца бульдог.

Ды не, гэта быў не бульдог. Гэта было страшней.

— Чулі? — дабрадушна спытаў шэф.

— Чуў, — не палічыў за магчымае хавацца падначалены.

— Вось яно як, Пётр Аляксандравіч. Вось і падзяка. Воля гасудара адмяняць законы, але, пакуль не адмяніў, павінен ён ім падпарадкоўвацца? Вось жа! Нічога. Зазнаеце гэта і вы, і вам прыйдзе час ехаць да вашага Нікса, як я вось зараз паеду да свайго сына Мікалая ў Разань. "Хто такі?" спытаюць. "Цс-с, бацька губернатара, былы міністр, былы губернатар, муж Пелагеі Шарамецевай. А цяпер саджае капусту ды шампіньёны разводзіць".

— Што вы, Міхаіл Мікалаевіч, вы ж іх цярпець не можаце.

— Мала чаго я цяр-пець не ма-гу. Не пытаюць. Не пытаюць пра гэта-с. Верныя слугі імперыі цяпер у Парыжы грошыкі прафукваюць. Як княгіня Баграціён. Чулі, што Пален сказаў? Qu'une colonne ennemie I'avait coupée a la bataille d'Austerlitz at que depuis elle n'avait pas réussi a se dégager[62]. Дык гэта жанчына! А мужчыны?

— На вашым месцы я пачакаў бы адкрыцця новага камітэта вясковых абываталяў.

Апусціліся і потым ускінуліся цяжкія павекі. Рот, падобны на трэшчыну, заварушыўся:

— Mais vous concevez qu'il m'est plus avantageux de m'en aller plutôt. Il faut mieux être dehors avant la bagarre[63].

На хвіліну ў душы Валуева варухнулася думка: "А сапраўды, ці варта рабіць кар'еру, калі непазбежны такі канец?" Але ён ад гэтай думкі адмахнуўся і забыў. Раз і назаўсёды.

Узыходзячая зорка сціпла апусціла веі перад няшчасцем заходзячай. І раптам Валуева ўразіў дзіўны гук.

Міністр смяяўся:

— Лухта ўсё, лухта. Без пары гэта яны са мной задумалі. Прыходзіць час, калі кожныя верныя рукі на вагу золата. А гэтыя асабліва. Што яны могуць ніхто не можа. Не вар'ят жа Арлоў, не сонны ж Блудаў, не лібералішка Мілюцін? Лухта ўсё!

вернуться

62

Варожая калона адрэзала яе падчас аўстэрліцкай баталіі, і з тых часоў яна не здолела вырвацца адтуль (франц.)

вернуться

63

Вы разумееце, што мне больш выгадна пайсці раней. Лепей пайсці перад бойкай (франц.)