— Я разумею вас, — сказаў Валуеў.
Гэта навалач раней пастаўляла нам арыстакратаў, цяпер будзе пастаўляць мяцежнікаў.
Валуеў не даў зразумець, што смяротна пакрыўджаны, і вырашыў, што ён гэта Мураўёву папомніць. Шэф не мог не разумець, што сказаў страшэнную нетактоўнасць. Ён не мог не ведаць аб паходжанні самога імператара і яго, Валуева. Раманавы паходзілі ад беларускага роду Кабылаў. Ён, Валуеў, паходзіў ад беларускага баярына Вала, што перабег на службу да маскоўскіх князёў яшчэ перад кулікоўскай бітвай: пакрыўдзілі, не мог па худароднасці разлічваць на поспех.
Валуеў успомніў ананімны жарт (ён меркаваў, што сказаў гэта Храптовіч з міністэрства замежных спраў): "Вось выслужыцца ён, чакайце. Будуць Вол і Кабыла ў адной запражцы".
Не варта было так жартаваць. Жартаўнік быў упэўнены ў сваёй бяспецы: ведаў, што такога ніхто не асмеліцца данесці цару.
Валуеў ведаў: слова — страшная зброя. Ён сам не задумаўся знішчыць рэпутацыю міністра замежных спраў Несельродэ адным словам: "Нарадзіўся ад германскіх бацькоў у Лісабонскім порце на англійскім караблі, хрышчаны па англіканскаму абраду". Канцлер сапраўды быў няўдзячнае быдла: трыццаць дзевяць год запраўляў замежнымі справамі імперыі, ды так і не ўдасужыўся вывучыць хоць слова па-руску.
І ўсё ж Мураўёву не варта было так жартаваць.
Падначалены яшчэ не звык да таго, што ніхто больш не ненавідзіць адзін аднаго, чым калегі па служэнню адной імперыі, адной ідэі, адной асобе.
Аб паходжанні сваім дырэктар ніколі не забываў. І таму, што паходзіў адтуль, не любіў старога гнязда, як часам выскачка не любіць хаты, дзе нарадзіўся. І адчуваў, што і гасудар не любіць Беларусі за тое самае. Тамтэйшая арыстакратыя занадта сведчыла супраць ягонай худароднасці. Ён не любіў і падсвядома помсціў за гэта зямлі, адкуль выйшаў, хоць і не прызнаўся б у гэтым нават сабе. Таму Валуеў таксама хацеў для гэтай зямлі далейшага зла. А далейшае зло маглі спыніць толькі ўступкі. І Валуеў пазней чыніў усялякае зло з нянавісцю і запалам рэнегата.
Ён з радасцю падумаў, што Мураўёву, хоць часова, ляцець потырч галавою. Ён ведаў, як не ўхваліў гасудар на дзяржаўным пасяджэнні 9 лютага дзеянняў Мураўёва, што разам з графам Строганавым прагаласаваў, каб "вольныя" сяляне, уступаючы ў шлюб, прасілі на тое дазволу памешчыкаў: "Не так грошы, як гонар". І ясна, што гасудар ледзь не накрычаў на іх. У шлюбным пытанні саступіць лягчэй, чым у зямельным. Не хапала яшчэ чапляцца за такую лухту! І без таго абрэзалі рэформу да непазнавальнасці.
Ах і добра будзе, калі ён паляціць. І ён з усмешкай успомніў, як князь Арлоў (станістая постаць, суровае аблічча, але рухаюцца толькі рукі і галава, а тулава як каменнае torso ў крэслах, а позірк часам разумны, а часам блукае, бы ў вар'ята) сказаў пра Мураўёва:
Ён разумнейшы за ўсіх іх, але глядзіць то наперад, то назад, то па баках, абы толькі сабе не пашкодзіць.
Мураўёў між тым бурчаў словы, якія нічога не азначалі, акрамя раздражнення:
— Міністры. Плуцягі… Чэўкін хаця б… Il n'est pas considéré; il a de lésprit; il est bossu. Cette araignée a une constitution dans sa dosse[68].
І хоць лічыць міністраў канстытуцыяналістамі было несправядліва ў вышэйшай ступені Валуеў засмяяўся.
— А Рыбап'ер? — бурчаў Мураўёў. — Не Рыбап'еры яны, а Рабесп'еры.
"Гэ, падумаў Валуеў, ды ты ніжэй усякай крытыкі".
А сам сабе вырашыў, што на рауце ў вялікай княгіні скажа аб ім (а магчыма, і ў дзённік запіша, каб ведалі ягоную памяркоўнасць) прыблізна так:
— Бедны Міхаіл Мікалаевіч. Жудасна яму даводзіцца. Дзе ранейшы апломб і ранейшая ўпэўненасць у поспеху ўсепадданых дакладаў?
Гэта ўзвысіць яго, Валуева, і запэўніць усіх у ягонай бесстароннасці.
Было тым часам адзінаццаць, а ў дванаццаць пачыналася пасяджэнне Дзяржаўнага савета. Яны рушылі да выхада. Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці.
— Сёння да мяне заязджаў ваенны міністр[69]. Ён ледзь не больш чырвоны за брата. Ва ўсякім разе, больш жоўчны. Я яму сказаў, што нельга аб'яўляць вызвалення на масленіцу, калі ўсе п'яныя. Ведаеце, які адказ?
— Але?
— "Дык што ж, скарбу і адкупшчыкам будзе больш даходу".
…Цяпер яны ехалі ў адной карэце. Карэта падначаленага кацілася пустая за карэтай шэфа.
Валуеў глядзеў у акно. На скрыжаванні вуліц давялося на хвіліну спыніцца. Паўз карэты ішлі прахожыя. Два з іх прыцягнулі да сябе ягоную ўвагу. Адзін мужнай і ўзнёслай прыгажосцю. Другі, ніжэйшы, асіметрычнымі вачыма на цяжкаватым абліччы.
Вочы сустрэліся. І прахожыя не адвялі іх, пакуль карэта не кранулася.
"Зусім юныя, — з нечаканым неспакоем падумаў Валуеў. — Але якія вочы. Якая мужная і неспакойная прыгажосць у аднаго. І які страшны ў сваёй суцэльнасці, здатны на ўсё твар у другога".
Ён быў фізіягнаміст і часта раздумваў над абліччамі сустрэчных:
— У-у, якія вочы!
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
— Хто такі? — спытаў у Кастуся Загорскі.
— Не ведаю. Нейкая брыда. А вось у спадарожніка ягонага — вось гэта аблічча. Як гіена. Хацеў бы я ведаць, хто гэта такі.
— Хадзем, браце. Нас чакаюць.
Яны паскорылі крокі.
Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак.
I хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавiк прамовы, яму было непрыемна i суцяшала яго толькi тое, што хутка i ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямi скончыцца, i таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе.
Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы.
Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.
Мураўёў трымаецца за сваё. Не навучыўся нічому. Як, напэўна, халодна глядзіць на яго імператар. Валуеў усміхнуўся.
…Вось бледны фантан слоў Аненкава. Нібы скардзіцца. Расказвае нешта аб саратаўскім памешчыку з севастопальскіх герояў.
Севастопальскі герой, ваша вялікасць. Яму належыць выдаць дачку, а праект рэдакцыйных камісій зробіць з яго жабрака.
Каму цяпер справа да саратаўскіх памешчыкаў. Ёлуп! А сорак пяць чалавек, акрамя гасудара, у тым ліку тры вялікія князі і прынц Альдэнбургскі слухаюць.
Вось зараз выступае граф Блудаў. Дзіўна, як ён не заснуў. На дакладах заўсёды спіць. Старшыня савета, прэзідэнт акадэміі, былы член "Арзамаса".
А propos de[70] вотчыннай паліцыі, ваша вялікасць, гэта дваранства падносіць вам бізун і пугу для хвастання мужыкоў. Глядзіце самі…
Абмяркоўваюць, абмяркоўваюць, абмяркоўваюць. Вось пытанне аб норме надзелаў і аб тым, што трэба іх прызначыць заканадаўча. Гавораць, гавораць, божа, якая нудота! Урэшце асілілі: трыццаць галасоў pro, пятнаццаць contra.
І раптам зверху даляцеў дзіўны тупы грукат, нібы нешта звалілася. За ім, дзвюма секундамі пазней, яшчэ. Трэск быў такі, нібы нехта клінамі расколваў дрэва. Скаланулася столь. Устрывожаны Валуеў пайшоў да сходаў і пачаў падымацца ўгору. Знізу, абганяючы, спяшаліся дзяжурны афіцэр, прыгажун з белымі валасамі, і два каравульныя.
Тое, што ўпала, упала ў гербавай зале. Валуеў падышоў да дзвярэй і спыніўся, уражаны. Праз паркет бегла расколіна, выбітыя дубовыя планкі разляцеліся далёка па падлозе.
— Што такое? спытаў Валуеў.
Афіцэр глядзеў з жахам. На падлозе ля ягоных ног, туга абцягнутых бліскучымі ботамі, ляжаў разбіты ўшчэнт мінскі герб.
68
Ён не карыстаецца павагаю; ён дасціпны; ён гарбаты. Гэты павук носіць канстытуцыю ў свім горбе
69
Дзмітрый Мілюцін. Брат ягоны, Мікалай Мілюцін, быў сенатарам, а пазней — статс-сакратар па справах Царства Польскага.