Выбрать главу

Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было — не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню… Стане моцным канём жарабятка… Справядлівасці ездзіць належыць на мужыцкіх пузатых конях.

Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба?

Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны.

Потым неба згасла…

Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу.

Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста.

Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-балага дзеда ў белым садку, і чырвань залітай зарывам грушы.

Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя.

У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.

Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.

"Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб'ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце".

Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.

— Паедзеш у Магілёў, — сказаў ён Выбіцкаму. — Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.

Выбіцкі муляўся.

— Княжа…

— Здарылася нешта?

Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:

— Бунт, пане княжа.

— Які я табе пане княжа?

— Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, — ледзь варушыў вуснамі паляк. — Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.

Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:

— Далучымся?

— Іх колькі?

— Пакуль пяць вёсак.

— А наваколле?

— А наваколле — вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, — прызнаўся Выбіцкі.

— Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д'ябал! Хто там у іх ядро? — кінуў Алесь.

— Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі — натоўп.

— Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, — раззлаваўся Алесь. — Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.

— З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.

— Разумнейшы, значыцца.

Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.

— У Магілёў паедзеш, — сказаў Алесь. — Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.

Ён хутка напісаў некалькі слоў.

— "Граф, — прачытаў Выбіцкі. — Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб'ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё".

Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.

— Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.

— Я не пасылаю даносаў, пан Адам, — жорстка сказаў Алесь. — Адпраўляю гэты ліст менавіта таму, што прыйдзе войска.

Н-не разумею.

— Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам — Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?

— Ну?

— Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.

— І гэта вас клікалі чырвоным?

— Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.

Выбіцкі пачырванеў.

— Я завязу ліст, — сказаў ён. — Даруйце мне.

— Вельмі буду абавязаны, — сказаў Алесь. — Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.

Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:

— А можа, не рызыкаваць?

— Не, — сказаў Алесь. — Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.

Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.

Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.

— Можа, трэба па дапамогу? — спытаў Халімон Кірдун.

— Не трэба. Бывай, Кірдун.

Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.

"Ах, коннічак ты мой на белым кані, — іранізаваў ён з сябе. — Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель".

Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.

XVII

Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы — чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень — нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.

Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней — горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.

Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі — не асіліць.

Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.

Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх больш выгадна. Спачатку думалі — падман, і вось табе на. Атрымалі! Алесь і пан Яраш адразу выйгралі ў вачах людзей.

А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць "па-царску".

Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.

I тут з'явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:

— Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць — узрадуецца ягоная душа.