— Галава яловая, — сказаў змрочны бацька.
Кандрат ірвануўся быў — сціснулі. Андрэй раптам пачаў пхаць яго назад, у натоўп.
— До, — сказаў ён. — Ты што, не бачыш? Пастка.
Строгія сінія вочы Андрэя сустрэліся з ягонымі вачыма.
— Хадзем адсюль, — сказаў Андрэй шэптам. — Падвесці хочаш загорскае наваколле? Кінь, браце. Не час. Зразумей, галава ты дурная. Чакай. Выспімся мы яшчэ на іхняй шкуры. Дарэмна загінуць хочаш.
Падкова пачырванела на Кандратавым ілбе. Але сваякі моцна прыціснулі яго да глухой сценкі нейкай пуні.
Мусатаў стаяў трохі вышэй за мора агню. Рукі ягоныя, учэпістыя рукі ў рабацінні, нервова абмацвалі паяс.
Мусатаў не адчуваў ранейшай упэўненасці. I менавіта дзеля таго, каб яна вярнулася, спытаў:
— Яшчэ хто?
— Я, — рушыў з натоўпу Брона.
Ён аддаў штуцэр суседу і пайшоў, топчучы поршнямі снег.
— Хто такі? Адкуль?
— А ты не ведаеш? Дарэмна. Давялося-такі табе памучыцца з намі пад Глінішчамі.
У Мусатава перасмыкнулася шчака. I гэты лясны.
— Т-так, — працягнуў ён i, паколькi ўпэўненасць не прыходзiла, загадаў: — Салдаты, бярыце iх.
Траіх людзей схапілі за рукі.
— Гэта што ж? — спытаў Паківач. — А абяцанне?
— Лясным бандзюкам не абяцаюць.
— Людзі! — крыкнуў Брона. — Бачыце?!
— Ты што ж гэта робіш?! — закрычаў нехта з натоўпу.
Мусатаў узняў руку:
— Народ! Гэтыя людзі ўпэўняцца, што ніякага маніфеста ў царкве няма, і там жа будуць чакаць, пакуль прыйдзе расплата.
Кандрат Кагут адбіваўся ля сценкі. Яго трымалі.
— Пусцiце! Бачыце, як яны! Пусццiе!
Бацька раптам абхапіў скураной папругай яго заламаныя назад рукі. Сцягнуў іх так, што ў Кандрата пачалі крывёй налівацца кісці.
— Цягнiце яго, хлопцы, цягнiце адсюль.
За Кандратавымі нагамі цягнуліся два снегавыя разоры. Ён напінаўся і роў.
— Раю вам разысціся, — шчэцістыя бакенбарды капітана дрыжалі. — Сюды ідзе яшчэ дзве роты. Па-шкадуйце сваё жыццё.
Натоўп завагаўся. Корчак з адчаем бачыў, як трох чалавек цягнуць да брамы. Веска маўчала, глядзела цёмнымі вокнамі. Напэўна, за некаторымі з іх былі вочы, але нават не каля саміх каламутных шкельцаў, а ў глыбіні хаты.
— Хлопцы! — крыкнуў Корчак. — Ды што ж гэта яны, ірады? Выганяйце іх з хат. Паходню ў страху, калі не выйдуць.
Мужыкі пачалі біць у вокны і дзверы, выганяючы гарыпяціцкіх на вуліцу. Іх цягнулі з хат. Натоўп быў у ярасці: хаваліся за цёмнымі вокнамі, і ў кожнага, хто стаяў з паходняй, было таму страшна і сіратліва на сэрцы. А хіба тыя, што з паходнямі, зладзеі? Яны хацелі толькі ўпэўніцца ў хлусні.
— Корчак! — крыкнуў Мусатаў. — Не здзекуйся з людзей!
— Адпусці ўзятых, доўбня! — крычаў Корчак. — Бач, літасцівы воўк! Успомні Півошчы!
Валтузня вакол Броны, Марты і Паківача на хвіліну прыпынілася.
— Людзі! — крыкнуў Мусатаў.
— Мы табе не людзi, а быдла, — адказаў Корчак. — А i вы нам не людзi, а ваўкi.
Навісла маўчанне.
…На загуменні бацька, Андрэй і Юрась трымалі, сапучы, Кандрата.
— Здраднiка з мяне робiце, — сiпеў той.
Вуліцай, прыгуменнямі, садкамі павольна, па адным, па тры адлучаліся ад натоўпу людзі.
— Бачыш? — сказаў Юрась, і раптам голас ягоны перасекся. — Бачыш? Вось табе гэты бунт. То ты што, у гульні хацеў галаву скласці?
Кандрат круціў галавою, як загнаны конь.
— Сорам, перад братамі сорам, — ён зноў пачаў вырывацца.
Андрэй схапіў яго за валасы і моцна, так, што Кандрат крыкнуў, павярнуў ягоную галаву да садкоў.
— Глянь! Ану, глянь! Унь яны, браты!
Ад вогненнага возера адрывалiся i плылi садкамi агеньчыкi. То адзiн, то другi з iх рабiў у цемры зыркае паўкола — зверху унiз, — i потым адтуль далятала сычэнне згасаючай паходнi, якую совалi ў сакавiцкi, нямоцны нават уначы, снег.
У Юрася нешта клекатала ў горле.
— Братка… — захлынаючыся, сказаў ён. — Братка, ты не думай. Мы пачнем не так. Калі мы пачнем — зямля пад імі ўсімі закурэе. Пачакай да таго часу, братка.
— Калі пачнецца сапраўднае — першы пайду з табою, — сказаў Андрэй.
— Мы з-пад іх зямлю рванем, — усё паўтараў Юрась. — Гэта ўжо скора. Вер мне, я людзей ведаю. Кандрат зноў ірвануўся з-пад іх.
Ён глядзеў, як сычэлі і сычэлі ў снезе згасаючыя паходні, як меншала і меншала — на вачах, агнёў. Сутарга раптам прабегла па Кандратавым целе, і ён, ірвучыся, закрычаў нема і страшна.
— Панеслі, — сказаў Юрась.
Андрэй ускінуў на плячо братава цела, і Кагуты рушылі зарасцямі вішняку, а потым узлобкам далей ад Гарыпяцічаў. Кандрат пагойдваўся на плячах, нерухома-цяжкі, як мёртвы.
На ўзгорку, перад тым як спусціцца ў яр, Юрась і Андрэй спыніліся. Агні ўсё яшчэ згасалі ў лагчыне, але сычэння не было чуваць: далёка.
— Нічога, мы ім гэта ўспомнім, — сказаў Андрэй.
Брат не сказаў нічога, але Андрэю стала страшна, калі ён убачыў сціснутыя Юрасёвы кулакі.
"Давялі, — падумаў ён. — Ваўкоў з людзей парабілі. I дзіва што…"
Натоўп радзеў. Засталіся толькі Корчакавы людзі і ўзброеныя мужыкі з вёсак Хаданскага, ды яшчэ гарыпяціцкія, якім не было куды ўцякаць.
Але Мусатаў усё адно адчуваў дзіўную слабасць.
…Натоўп тым часам усё яшчэ стаяў у нерашучасці. I салдаты стаялі перад ім таксама нерухома. I на тварах салдат, якія трымалі Брону, Марту і Паківача, была нерашучасць.
Часам у натоўпе выбухаў крык:
— Пусціце іх!
— Сыраядцы! Супраць царовай волі! Вось ён вам…
— Апускаліся багнеты, і нібы разам з імі на натоўп апускалася цішыня.
Брона глядзеў-глядзеў на гэта, ды і плюнуў:
— Мужыкі-і…
Корчак спрабаваў узняць сваіх — дарэмна.
…Яшчэ не пачынала днець, але на ўсходзе загарэлася ўжо янтарна-жоўтая, халодная стужка заранкі. Людзі пераступалі з нагі на нагу, рыпеў пад поршнямі снег.
Мужыкі ведалі: пакуль на іхнім баку ноч і паходні, іхні табар робіць уражанне больш страшнага і вя-лікага, чым на самай справе. Дзень, які вось-вось павінен быў разгарэцца над вёскай, нібы распране іх, пакажа салдатам звычайных змерзлых людзей, вельмі стомленых і галодных.
…I раптам над натоўпам, над салдатамі прагучаў шалёны, дрыготкі ад захаплення крык Марты. Яна білася ў руках у салдат, выгіналася, паказвала рукою некуды на крутаяр. Вочы жанчыны гарэлі раз'юшанасцю і ўтрапеннем.
— Глядзіце! Гля-дзі-і-це!
На крутаяры, на верхнім ягоным зрэзе, на жоўтым фоне заранкі рухаўся сілуэт.
— Коннік! Коннік! Коннік!
Конь нібы рассцілаўся ў паветры, з усходу набліжаючыся да вёскі. Салдаты не бачылі яго за сцяною ліп. Але ўсім, хто ў нерашучасці стаяў на вясковай вуліцы, ён быў відзён добра.
I кожны, нават той, хто не верыў у казкі, з радасцю падумаў: вось яно. Вось яна, тая адзіная прычына, якая можа прагнаць здранцвенне. I трэба скарыстаць яе, іначай дзень — і яшчэ дзве роты, якія ідуць недзе дарогаю, і расправа, і катарга. Толькі адагнаць іх, хоць бы на хвіліну, каб потым здабыць сапраўдную волю, і ведаць, ці праўда гэта, і разысціся, каб расказаць усім і каб потым паўсталі ўсе, а не толькі дзве вёскі.
Крык Марты нібы разбіў маўчанне. Жанчына вырвалася з салдацкіх рук, зрабіла некалькі крокаў і павалілася на калені ў снег, цягнучы рукі да светлай праявы.
Бязладны шалёны крык нібы ўскінуў кожнага. Гэта было ўратаванне, магчыма, сапраўдная воля.
I, наліваючыся крывёй, Корчак крыкнуў:
— Ён з намі, хлопцы! Хлопцы, ён з'явіуся! Рушай!
Крык п'яніў. Узняліся ўгору доўбні і вілы, косы і доўгія сякеры вязыніцкіх. Поршні пачалі таптаць снег.
Коннік ужо знікаў, правальваючыся ў яр, але цяпер мужыкам у ім не было патрэбы.
Разяўленыя рыкам раты, вусы, расхінутыя на грудзях сарочкі, белыя світкі, бляск сталі, агонь паходняў, крык — усё злілося ў адно, у лаву, якая кацілася на салдат.
Паківач вырваўся ад салдат, кінуўся да Марты, падымаючы яе. Потым узняў угору рукі: