А на вітражах вакол плылі дзівосныя птушкі, рыбы і крылатыя жанчыны. Яны свяціліся наскрозь, так, як ніколі не свецяцца звычайныя фарбы. Свяціліся гранатавым, жоўтым, апельсінавым колерам, як свецяцца на сонцы келіхі з віном.
— Прайдзісветы, — усміхаўся Вежа. — Ну што яны, скажыце вы мне, граф, зробяць з тымі французамі ды ангельцамі?
— Анічога, — румяны, як яблыка, твар графа за яснымі вачыма і свежымі зубамі быў грэблівы. — Што ў іхняй галаве, акрамя гэтай брыдоты з савою ды п'янкі.
— Ото і я кажу… Скажыце вы мне, хто тут мае рацыю, тыя, што ідуць біцца, ці тыя, што чакаюць?
Ісленьеў скасіўся на Алеся. Дзед зрабіў абуранае аблічча.
— Тут я і сам не ведаю, — сказаў граф, пагладжваючы сівыя бакенбарды. — Скажу толькі, што нас паб'юць усё адно, неадменна. Дрэнны, пусты чалавек добраахвотна пад кулі не пойдзе, пойдуць лепшыя і загінуць. А іх і без таго не густа.
— Б'юць, — сказаў дзед. — Ой, б'юць. Наторкалі нас носам.
— Гэта ўсе разумеюць. Дазволілі ім пад Еўпаторыяй высадзіць дэсант, такі плацдарм аддалі… І гэтае злашчаснае паражэнне ля Альмы… Што мяне здзіўляе, дык гэта тое, што, дальбог, няма чаго ім асабліва ганарыцца. Салдат наш — смелы, безадмоўны, разумны. Лепшы за іхніх па трываласці, цярплівасці, сіле. Ды і генералы ў іх не лепшыя. Гэты іхні Сент Арно, ён хто? Шулер у былым, акторык, з усімі дрэннымі рысамі гэтай прафесіі.
— Дык у чым жа справа?
— А тое, што самы моцны салдат без хлеба, без зброі, без адпачынку, без… волі скора робіцца дохлай шкапай. І самая лепшая галава, калі на яе сто дурняў, нічога не можа. Нахімаў, бедалага, як пакутуе. Чалавек з мужнасцю, з любоўю да радзімы. А розная поскудзь, якую ўсё жыццё выхоўвалі ў спадзяванні на загад начальства, на старэйшага дзядзьку, — яны з яго пасмейваюцца. Знайшлі ў чалавека "загану", "травіць" ён у моры, хоць і адмірал. Што зробіш, калі арганізм такі. Ён "травіць", але з мосціка не сыдзе, справу да канца зробіць.
— Нельсан таксама "травіў", — сказаў Алесь.
— Праўда? — узрадаваўся граф. — Ну, суцешыў!
— Я салдат, — пасля паўзы сказаў граф. — Я іду, куды мне загадваюць… Але па сваёй ахвоце я б туды не прасіўся.
— Чаму? — спытаў дзед.
— Кожны лішні чалавек — гэта адтэрміноўка канца.
— Горай, думаеш, не будзе? — спытаў Вежа.
— Горай быць не можа, — сказаў граф. — Хаця б таму, што кожнае новае цараванне спачатку на некалькі год адпускае гайкі, зарабляе сабе добрае імя.
— Каб потым зрабіцца яшчэ горшым. Чулі мы гэта.
— Але ж некалькі год, — сказаў Ісеньеў. — Гэта вельмі важна. І потым амаль абавязкова амністыя. Значыцца, тыя, хто жывыя яшчэ — вернуцца. І я сустрэнуся са сваёй маладосцю.
Вежа асцярожна падліў графу віна. Вусны старога сумна ўсміхаліся.
— Я сёння чуў прароцтва, — сказаў ён. — Прарочыў тут адзін лапатны Іерэмія: "Прасвішчуць яны Свістопаль".
— Нічога дзіўнага. Саракагадовае дрэннае становішча ў арміі. Амаль трыццацігадовае замоўчванне агульнай прадажнасці, слабасці, жорсткасці да простых, рабства.
— Усё было добра, — падтакнуў Вежа. — Так ужо добра, што, выявілася, пораху не было. Умелі хадзіць на парадах і не ўмелі па гразі. Заганарыліся. Усю гісторыю думалі напалеонаўскім капіталам жыць…
XXVII
І зноў восень. Зноў гімназія. Зноў зіма з заснежанымі вербамі над Віліяй, з пахам бярозавых паленняў. Толькі цяпер Алесь жыў з Кірдуном і Логвінам. Было б зусім дрэнна, каб не "Братэрства чартапалоху і шыпшыны" ды не рэдкія, вельмі рэдкія, лісты ад Кастуся і яшчэ радзейшыя, стрыманыя і сухаватыя, цыдулкі ад Майкі. Улетку амаль не бачыліся: Раўбіч павёз дачку на кіслыя воды. А разлука і не ў такіх гадах рэдка вядзе да лепшага. Забываеш голас, жэсты, рысы і, урэшце, нават тое, што лепш за ўсё кажа аб сяброўстве: непадробленае адчуванне ўсяго чалавека побач з сабою. У яе, вядома, новыя знаёмыя, новыя людзі вакол, новыя думкі.
Гэта было балюча.
А потым зноў прыйшла вясна. Асеў наздраваты снег. Дзівосна сінела над горадам чысценькае, з рэдкімі імклівымі аблокамі неба. Аблокі імчаліся з-за гары, з-за кароткай, нібы назнарок абсечанай зверху, Гедымінавай вежы: два паверхі, на якіх прымасціўся і недарэчна, як жук-плывунец, махаў у паветры лапкамі аптычны тэлеграф. Перадаваў дрэнныя весткі. Увесь сакавік і ўвесь май цягнулася ўраганная бамбардзіроўка Севастопаля, не хапала зброі, гарнізон абяссілеў і трымаўся ледзь толькі не на цвёрдых людскіх душах — без дапамогі, без умацаванняў, без правіянту, без абозаў.