Ліст з радаслоўнай накіравалі віленскаму папячыцелю і сталі чакаць, што з гэтага будзе.
Папячыцель паверыў. Яму здалося, што Гедымін з'ехаў з глузду. Ён выклікаў "рымскага каталіка і нашчадка выхрыстаў" да сябе, і там, за шчыльна зачыненымі дзвярыма, адбылася бурная размова з высвятленнем адносін і тлумачэннямі, спачатку толькі Гедымінавымі, а потым узаемнымі. Гедыміна ледзь не хапіў удар.
Завадатараў свавольства шукалі, але не знайшлі.
…Настаўнік тым часам дабраўся да апошніх хвілін "хрысціяніна". Голас дрыжаў, рукі, ускінутыя на ўзровень твару, далонямі да яго, калаціліся, нібы вось-вось маглі ўпасці на вочы, каб ніхто не ўбачыў слёз, ды толькі жахлівае намаганне волі трымала іх.
— Ён кіраваў, як сапраўдны ўладар, ён жыў, як чалавек, ён любіў супругу, як хрысціянін… А адыходзіў да продкаў, — Гедымін зрабіў разгублены жэст рукамі, — як нібыта сумясціўшы ў сваім апошнім слове ўсе свае якасці. Я не пабаюся нават сказаць іпастасі. Слухайце гэтыя словы… На ложы смерці ён сказаў сыну і спадкаемцу свайму… "Служы Расіі, сын мой! Я хацеў узяць на свае плечы ўсе цяжкасці, каб пакінуць табе вялікую дзяржаву, спакойную, упарадкаваную, шчаслівую. Але вышэйшая воля меркавала іначай".
Гедымін паклаў руку на горла.
— Ён ляжаў на сваім простым ложы, накрыты салдацкім плашчом… Вы ведаеце, ён заўсёды спаў, як просты воін. Ён усё жыццё не накрываўся нічым іншым. І гэты плашч увойдзе ў гісторыю нароўні — не, вышэй! — з трывуголкай Напалеона, з ягоным шэрым паходным сурдутам, з простым кіем вялікага Пятра, з сядлом пад галавою Святаслава… Плашч… простага… салдата!
Рыданне раздзерла горла настаўніка.
— І ён сказаў сыну свае апошнія словы… "Вучыся паміраць…" — Гедымін зрабіў доўгую паўзу. — Вы чуеце гэтыя словы?! Гісторыя запіша іх на свае скрыжалі!.. "Вы-чы-ся па-мі-раць!", "Вучыцеся паміраць" — вось які апошні запавет ён пакінуў нам, панове.
Слёзы тачыліся праз карцінна прыціснутыя да аблічча рукі настаўніка…
Тры месяцы прайшло з таго часу. Далёка ад паўночнай магілы "чалавека і хрысціяніна", не даходзячы да яе нават водгуллем, густа-густа падалі бомбы на бухту, магілу флоту, і горад, магілу велічы.
І яшчэ на шматлікія магілы людзей.
Бо нехта вучыў паміраць, а не жыць.
Аддалі Малахаў курган. Пайшлі з Севастопаля.
Расплаціліся за ўсе дзесяцігоддзі, у якія распіналі ўсё як ёсць маладое, смелае, годнае.
А, між тым, апошніх слоў імператара, за якія так распіналіся тысячы гедымінаў, зусім не было. Іх прыдумалі потым, каб людзі вучыліся гінуць, не наракаючы.
XXVIII
У жніўні тысяча восемсот пяцьдзесят пятага года да Алеся, які ў гэты час жыў у Вежы, прыскакаў з Загоршчыны Логвін, прывёз ліст у грубым пакеце з шэрай паперы.
"Дружа, — пісаў Каліноўскі. — Я скончыў сваю мачыху-прагімназію. Еду паступаць у альма матэр. У Маскву. Хацелася б убачыцца з табою, ды толькі ведаю: немагчыма. Трохі-трохі падзарабіў, атрымаў у начальніка губерні пашпарт і падарожную за нумарам пяцьдзесят шостым. А ў ёй — усё. Двухгаловая курыца, рубель срэбрам гербавых зносаў, прыкметы (аблічча — авальнае, цяжкае, год — семнаццаць, рост — сярэдні, валасы — цёмна-русыя, бровы — чорныя, вочы — сінія, нос і рот — памяркоўныя, трохі велікаватыя, падбародак — звычайны, — распісалі, хоць ты на Ветку, да раскольнікаў, уцячы, і то знойдуць). Такая лухта! Пачынаецца падарожная, як выявілася, словамі: "Па ўказу яго Вялікасці гасудара імператара Аляксандра Мікалаевіча…" Аж во як! Нібыта кожнага з падарожных ляпае па плячы: "Едзь, братка, шчаслівай табе падарожы".
Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць.
Падарожжа, пакуль тое, падабаецца. Едзеш сабе, ні аб чым не думаеш, званок не звініць, наперадзе — воля, бачыш людзей і іншыя мясціны.
Дзесятага траплю, калі верыць падарожнай, у Воршу. Буду там гадзіны чатыры і зусім блізка ад цябе, нейкіх сотню з лішнім — дакладна не лічыў — вёрст. Але гэта таксама далёка, так што не ўбачымся і на гэты раз. І дорага. Мне прагонных за два кані з правадніком выпала нешта каля сямі рублёў, табе будзе — у два канцы — рублі два з паловаю. Чаго ўжо тут. Дык ты ў гэты час проста падумай, што я блізка, і я абавязкова адчую.