Выбрать главу

А калі скончыш на будучы год гімназію — што мяркуеш рабіць? Сядзець мядзведзем у сваім берлагу ці ехаць вучыцца далей? Калі другое — едзь туды, дзе я. Пагаворым аб усім-усім. Ёсць шмат цікавых навін".

Алесь пайшоў да старога Вежы. Той сядзеў на сваёй улюбёнай тэрасе.

Унук спыніўся, не хочучы яго турбаваць.

— Я чуў цябе яшчэ за пяць пакояў, — не ўздымаючы павек, сказаў дзед. — Што ў цябе там?

Алесь падаў яму ліст.

Стары пан расплюшчыў вочы.

— Твой Кастусь, — сказаў ён. — Ты даеш мне, каб я прачытаў?

— Так.

Пан Даніла далёка адставіў руку з лістом і стаў чытаць.

— У яго добры, роўны почырк, — сказаў ён. — Ён часам не з "памяркоўных і акуратных"?

Вочы ягоныя, відаць, убачылі словы "двухгаловая курыца", і ён усміхнуўся.

— Прабач, сам бачу, што гэта не зусім тое. Ну, а што, калі недзе ў Бабруйску сядзіць поштмайстра Шпекін?

Чырвоны Алесь паціснуў плячыма.

— Пячаць, — сказаў ён.

— Пячаць, — перадражніў дзед. — Пячаць можна зняць гарачай брытвай, а потым пасадзіць на месца.

Дачытаў да канца.

— З небагатых, — сказаў ён.

— Я казаў вам гэта, дзядуля.

— Вы і надалей намераны карыстацца паслугамі дзяржаўнай пошты для перадачы адзін аднаму свежых параўнанняў і шчырых выказванняў пачуццяў, падобных на гэтыя?

— Мы іначай не можам гаварыць. Мы далёка адзін ад аднаго.

— Нашто ты паказаў мне гэта?

— Я хацеў яшчэ раз паказаць вам, які… які ён.

— Калі ты хацеў паказаць мне, які ён разумны, то ты не мог бы дасягнуць сваёй мэты лепшым чынам. Я ў захапленні ад яго разумовага ўзроўню і… гм… асцярожнасці.

Ён працягнуў руку па цыгарку.

— Я на сёмым небе ад яго высакароднага захаплення радзімай. Mais il faut aussi quelque inteligence[71].

Дзед, ані слова больш не кажучы, пускаў пахучы дым і пісаў цыгаркаю ў паветры нейкія дымныя іерогліфы, якія расплываліся раней, чым хто-небудзь мог бы іх прачытаць. Ён рабіў гэта доўга, вельмі доўга.

Дзедавы думкі прачытаць было цяжэй, чым гэтыя шэрыя жывыя знакі ў паветры. Кандраці з'явіўся ў дзвярах нечакана.

— Што, — спытаў Вежа, — нікога больш не было?

— Я быў бліжэй за ўсіх, — сказаў Кандраці.

Алесь уцяміў, што ўвесь гэты час Вежа трымаў нагу на званку пад сталом.

— Слухай, малочны брат, — сказаў Вежа. — Я ведаю, ты сам адчуў, што нешта здарылася ў доме. Магчыма, хацеў даведацца, што прывёз Логвін.

— Вельмі трэба, — буркнуў Кандраці.

— Але ты ўсё ж не хлопчык, каб ісці на кожны званок. Ты — брат і наглядчык лясоў. Твая жонка — другая гаспадыня ў доме пасля Еўфрасінні.

— Ды ўжо, — сказаў Кандраці. — Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!

Дзед асекся.

— Што трэба пану брату Данілу?

— Тройку для панiча, — сказаў дзед. — Зараз.

Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.

— Дзеду, — ціха сказаў Алесь. — Я вам гэтага ніколі не забуду.

— Не варта падзякі, — сказаў дзед. — Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.

— Я разумею…

Вежа ўздыхнуў.

— Сёння якое?

— Дзевятае.

— Адны суткі. Калі паспяшаешся, можаш сустрэць.

— Тады лепей вярхом.

Дзед памаўчаў.

— Так што хапай яго на "яме" і цягні сюды. Перадай: не прыедзе — табе будзе балюча, а я за цябе пакрыўджуся. Цікава паглядзець, што то за птушка, з якой дзяліцца даводзіцца.

…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.

Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.

Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.

Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне — і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.

Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.

вернуться

71

Але трэба таксама мець хаця трошкі розуму (франц.)