Коні ішлі ледзь не над самай стромай. Салодкі, магутны вецер ляцеў з-за Дняпра, нёс з сабою пах стагоў, водар звялай лістоты, якой іх прыкрылі зверху, пах сырасці і балотных кветак са старыкоў.
— За такую зямлю ўсё аддаць можна, — ціха сказаў Кастусь. — Усё. — І вярнуўся да ранейшай думкі: — А наконт таго, што твой дзед так накінуўся на цябе за мой ліст, то тут я зрабіў, як апошні ёлуп. Ён, відаць, усё разумее.
— Што ўсё?
— А тое. Тое, што раней душылі і хвасталі, а цяпер… цяпер патроху ціснуць. Забяры ў чалавека ў адзін дзень сваякоў, хлеб, волю, мову. Ён жа ўзбунтуецца. Ён зброю возьме. А тут ціснуць патроху, па каліву, па слоўцу, па чалавеку, па песні — непрыкметна адбіраюць.
— Так, — Алесь матлянуў галавою. — І ўсё ж, пакуль тое, цягне цяплейшым ветрам. Вясною… Пасевастопальскай вясною, калі ўжо так называць.
— Пачакай, дасца яна нам яшчэ ў знакі, тая вясна… Яны заўсёды так спачатку. Адпусцяць нібыта, а потым грабуць ды скубуць… Но, не брыкайся! Адпусцілі ж!
Урга пакасіўся на ездака нервовым вокам.
— Новы цар, здаецца мне, дабрэйшы, — сказаў Алесь.
— Паглядзім, — сказаў Кастусь. — Паглядзім, які ён будзе, як прыпячэ.
Яны сядзелі ўтрох у бібліятэцы, за кавай. Дзед у сваім крэсле, юнакі, падкурчыўшы ногі, на канапе. Праз расчыненыя вокны лілося цёплае вячэрняе паветра і ззянне месяца. Дзве свечкі ў кутым жалезным падсвечніку асвятлялі — высока над сталом — сухое аблічча старога Вежы, яго ссутуленыя магутныя плечы, сплеценыя пальцы змаршчкаватых рук.
Дзед з прыхаванай цікаўнасцю раз-пораз паглядаў на Кастуся. Хлопец і падабаўся і не падабаўся старому. Ён-то і разумны, відаць, і шчыры, але адкуль у ім такая самаўпэўненасць, пачуццё гэткай сваёй racio?
А Кастусь разглядаў сівую грыву валасоў, хвалю белых карункаў на пукатых яшчэ грудзях і думаў.
"Таксама яшчэ… выкапень. Проста "сей остальной из стаи славной екатерининских орлов". Нібы закансервавалі яго тут. І нa табе яшчэ, разглядае".
Пры сустрэчы дзед амаль нічога не сказаў яму, акрамя назначных слоў прывітання. Потым хлопцы абедалі. І вось сядзелі, мацалі адзін аднаго вачыма.
— Дык гэта ты, значыць, і ёсць Кастусь?
— Кастусь… Сымонаў сын… Каліноўскі.
— Дваранін? — спытаў дзед.
— Цяпер зноў дваранін, — сказаў Кастусь.
— Як гэта? Хіба можна быць сёння дваранінім, заўтра купцом, а паслязаўтра зноў у дваране пасунуць?
— Пры такім урадзе, як наш, усё можна, — зрабіў Кастусь першы выпад. — Сёння чалавек — смецце, заўтра — дваранін, паслязаўтра — зноў смецце.
Алесь усміхнуўся, заўважыўшы, як адно з крылатых броваў Вежы прыўзнялося ў непрыкметным для старонняга здзіўленні.
— Гм… Дык як жа гэта выйшла, мо ўжо ты раскажаш мне?
— Магу!
Вежа зручней прымасціўся ў крэсле і праз краёчак кубка кінуў на юнака дапытлівым хітрым вокам.
— У семнаццатым стагоддзі мой продак, Амброзій Самойлаў Каліноўскі, купіў маёнтак у Бельскай зямлі.
— І няблага зрабіў, — сказаў Вежа.
— Мы там не прабылі і сотні год. Роўна праз дзевяноста, у тысяча семсот шэсцьдзесят дзевятым, прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі.
— Як жа клікалі яго высакароднасць?
— Мацеем… А далей пачалі жыць так. Што праўда — у шляхецтве нам не адмаўлялі. Пацвердзілі яго трыццаць тры гады назад на беластоцкай губернскай зборні. А праз дзесяць год, пасля паўстання, пачалі нас усіх гнаць у аднадворцы. Тысячы людзей пайшлі ў падатковы стан. Бацька пабіваўся, як той лін аб лёд. Праз чатыры гады пасля паўстання ён (а яму ішоў ужо сорак адзін год і пазнавата было пачынаць "справу", але з голаду здыхаць — таксама рана) пазычыў у фабрыканта з Астраленкі, Ігнацыя Бонды, грошай, ды сам далажыў, ды і адкрыў у Мастаўлянах сваю "справу". Пан Радавіцкі дазволіў. Шкадаваў беззямельных. Ды і гонар: "споспешествовал промыслам в крае". Спачатку было на фабрычцы чатыры варштаты. У год майго нараджэння, у трыццаць восьмым, ужо дзевяць, з семнаццаццю рабочымі. А ў саракавым годзе, калі Бонда паступіўся сваёй доляй, стала ўжо дванаццаць ваштатаў і дваццаць рабочых.
Вежа слухаў гэтую сумную гісторыю пакутнай бітвы за дабрабыт, кавалак хлеба і незалежнасць без усмешкі. Вочы яго былі ласкавыя і сумныя.
— Пяўся, як вол у баразне, — казаў далей Кастусь. — Дзіва што! Такая сям'я. Трэба было ўсё павялічваць колькасць варштатаў. Узбіваўся ўжо на пятнаццаты, а тут ледзь не крах. Палатніна пачала выходзіць з моды.
— Вядома, — зноў вяртаючыся да ўлюбёнай іроніі, сказаў Вежа. — Куда ўжо нашым дарабковічам на палатняных абрусах есці, пад палатнянай прасціной спаць, палатнянай сурвэткай выціраць вусны… А што, палатніну выраблялі простую?