Вада ападала патроху, i відаць было, што Дняпро ўвойдзе ў трубу толькі на пачатку верасня. На ствалах дрэў, якія вызваліліся з-пад вады, быў тонкі пушок карэньчыкаў, так доўга стаяла повень. На ўзгорках карычневая скарынка высахлай твані ляжала як лямец, i ногі чалавека ламалі яе, пакідаючы дзіркі, у якіх была відаць чэзлая, жаўтавата-зялёная, бы у склепе, трава. Стала ясна: сенажаці па нізкіх месцах прапалі.
Кастусь з Алесем, трымаючы ў руках крыгу, ішлі поплавам. I крыга, разгорнутая падвойная рама, абцягнутая мярэжай, нагадвала вялізнага, большага за хлопцаў, празрыстага матыля.
Icці было цяжка. Ішлі па калена ў вадзе. Даводзілася грудзьмі пракладаць сабе дарогу ў траве. Малінавы скрыпень казытаў разгарачаны твар, павой чапляўся за ногі. Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела.
Здавалася, зацвіло бязмежнае плыткае мора. Бо травы стаялі ў вадзе, засыпанай каляровым кветкавым пылком.
Спыніліся на краёчку яругі, доўгай неглыбокай катлавіны. Кветкі нібы спыняліся на яе берагах, адкрываючы люстэрка чыстай бліскучай вады.
Кастусь адным вокам глянуў у мяшок, пачэплены вяроўкай за шыю. У ім пераліваліся цьмяна-залатыя ліны, халодныя гусцёркі i блакітна-залёныя малыя шчупачкі.
— А нядрэнна мы ўхапілі, — сказаў Кастусь.
— Гэта яшчэ мала, — Алесь быў чырвоны i трохі спацелы. — Вада высокая шкодзіць. Звычайна па старыках разы за чатыры столькі натрасеш, а тут палову дня ходзім.
— Усё адно цікава. Нават лепей, што шмат ходзім.
— Нішто, — сказаў Алесь. — Зараз дойдзем да гарадзішча — адпачнем на сухім. А то тут i сесці няма куды.
— Як гэта няма куды? — спытаў Кастусь.
I сеў аж па самыя грудзі ў ваду. Сядзеў i смяяўся. Торба з рыбай усплыла i начала барболіцца больш рухава.
— Зручна, — сказаў Кастусь. — Нібы ў цёплай ванне сядзіш. Толькі каб гэта рак за якое месца не хапануў.
— Тут ix няма, — сказаў Алесь. — Яны пад карчамі ды пад берагам. I потым, мала стала ракаў. Гады тры назад пошасць нейкая на ix прайшла. Бepaгi аж кіпелі крумкачамі ды варонамі.
— Гэта яны, мусіць, з гора падохлі. Знайшоўся на ix нейкі свой Аляксашка, — выскаліў Кастусь белыя прыгожыя зубы.
— А што табе гэты Аляксашка?
— А чорт яго ведае. Абяцае зашмат. А ў самога калі што i добрае, дык гэта шавялюра i бакі, ды яшчэ вусы. Як пікі. Але гэта ўжо ад цырульніка хутчэй залежыць.
І дадаў:
— Падбароддзе ў яго бязвольнае. А бязвольныя людзі — ох, якія яны часта бываюць упартыя ды злосныя! На кожным сваім капрызе могуць суседу вязы скруціць. Нібы даводзіць, што i ў яго цвёрдасць ёсць.
Кастусь баўтануў нагамі ў вадзе.
— Справядлівасці, відаць, i тут не будзе. У нас, наогул, справядлівасць гэтую своеасабліва разумеюць. Чорнага iмя Сямашка-біскуп сам унію кінуў i сілком пачаў паству ў праваслаўе гнаць. Тут ужо ўсё, што хочаш, бывае: i страшнае, i смешнае. Смех у нас, вядома, таксама не дай бог! У пятлю хочацца ад такога смеху. То рэжуць людзям бароды, а з тых, хто не хоча, мыт за бараду бяруць. А тут прымусілі ўніяцкіх былых папоў бароды гадаваць ды вопратку мяняць. Усе забарадзелі, як казлы. І тут Сямашку данос: поп такой i такой вёскi барады назнарок не хоча адпускаць, а значыць, i надалей перабывае ў гнюснай epaci, такі ён i гэтакі. Марыць аб аўтакефаліі беларускай царквы, спіць i бачыць, каб гасудар ухайдокаўся… Папа туды, папа сюды, папа на допыт… "Што, быдла, зламысныя ідэі ў чорным сэрцы гадуеш?! Аўтакефаліі захацеў?! А ў манастыр на хлеб i ваду?!" I, галоўнае, ён, халера, ні ў чым не прызнаецца. Некалькі месяцаў цягалі. Ледзь сапраўды за краты не трапіў. Ужо i прадпісанне было. I толькі потым выявілася, што барада ў папа ад прыроды не расце.
Яны шырока разгарнулі крыгу i падставілі яе пад куст, заліты вадою. Алесь спінаю, каб вачэй не папсаваць, палез у хмыз i пачаў боўтаць у iм нагамі. Праз хвіліну Кастусь смыкнуў за вяровачку, i крылы самкнуліся. Загорскі падскочыў да сябра i памог яму ўзняць крыгу над вадой. У ёй ляжаў, відаць самлеўшы ад жаху, даволі вялікі шчупак, а побач з iм калаціліся тры цьмяна-залатыя ліны.
Ставячы раз-пораз крыгу, яны павольна пасоўваліся да гарадзішча.
— I чаму гэта, братка, так? Звычайная рыба доўга, мужна, я б сказаў, трымаецца, а шчупак, вялікі, моцны, драпежны, як выцягнеш яго з вады, так i самлее, — сказаў Кастусь.
— Я думаю, звычайная рыба, яна — працавік. Жыве сабе, б'ецца, "штодзённы" свой цяжка зарабляе. А гэты — хапун, аспід драпежны. Злы чалавек не бывае мужны. Так i тут. Пострах ракі, а на расплату, як ва ўcix такіх, кішка тонкая.
Кастусь вырваў з вады крыгу, i ў струменях плыўкага срэбра яны ўбачылі яшчэ аднаго нерухомага шчупака i зарагаталі…