… Калі яны паселі ля падножжа вялізнага гарадзішча i расклалі сушыць вопратку, Кастусь, абводзячы шырокімі вачыма мора кветак у вадзе, сказаў:
— Ну i зямля! Бог ты мой, якая зямля! Дык, хаця б за прыгажосць, няўжо яна кропелькі шчасця не заслужыла? Скубуць i скубуць, душаць i душаць.
— Гэта праўда, — сказаў Алесь.
Каліноўскі лёг на жывот i глядзеў цяпер на гіганцкую ўсечаную піраміду гарадзішча, на сляды равоў, на закляклыя схілы, на якіх шумела трава, на самотны дубок, што неяк прымасціўся на краёчку верхняй пляцоўкі, здабываў карэннямі бедны пакорм з цвёрдай, як камень, зямлі.
— Трымаемся, як той унь дубок, — сказаў Кастусь. — На руінах.
— Слухай, — сказаў Алесь, — чаму ты апошнія два дні сумны?
— Ты не думай, братка, — пасля паўзы сказаў Каліноўскі. — Мне добра ў вас, хаця i нязвыкла, бо танцуюць вакол цябе i Логвін, i Кірдун з жонкай, i Карп з Анежкай, i Кандраці, i іншыя.
— То што?
— Скажы, табе ніколі не было дрэнна ад думкі, што на цябе працуюць многія тысячы людзей? Калі пасяліць у адно месца, атрымаўся б вялізны горад. А вас шэсць чалавек…
— Мне тут пакуль нічога не належыць… А хатнія — людзі традыцыі, хаця i разумеюць неабходнасць змен, — стрымана сказаў Алесь. — На зборні, чатыры, здаецца, гады назад, падалі галасы за скасаванне прыгону.
— Ну, а ты сам як думаеш?
— Калі буду гаспадаром — гэтыя людзі атрымаюць волю. У гэтым маё слова. Ведаю, можа, мне нават i хрыбціну зломяць. Але іначай нельга.
Над галовамі ў хлопцаў ляцелі на гарадзішча, нібы штурмуючы яго, сонечныя, сляпуча белыя аблокі.
… Уначы, калі хлопцы ўжо ляжалі ў cвaix ложках, да ix прыйшоў на хвіліну стары Вежа. Сеў на краёчак Кастусёвага ложка, уважна глядзеў на госця.
— Ну як табе тут?
— Мне тут добра.
— Слухай, Кастусь, магу табе прапанаваць сёе-тое.
— Але.
— Пачакай да універсітэта тут. Разам з Алесем налета паедзеце. А гэты час будзеш вучыць дзяцей у маёй вясковай школе. I падзаробіш за год на два гады, каб па ўроках не бегаць… Га?
Кастусь адмоўна пахітаў галавою.
— Не. Я разумею вас, пан Вежа. I я вам удзячны. Але тут справа больш складаная. Мне трэба потым цягнуць братоў. I да таго ж…
Ён замяўся.
— I да таго ж, мне трэба хутчэй вывучыцца. Я не маю права рызыкаваць яшчэ адным годам.
— Я ведаю, ты ніколі не возьмеш ад мяне грошай.
— Ніколі, — сказаў Кастусь.
— То i дурань. Падзарабіў бы. А то будзеш сядзець на каве з хлебам.
Мускулы на шчоках у Кастуся абцягнуўся скурай.
— Кaвa i хлеб, — сказаў ён. — Вада i хлеб. Кроў i хлеб.
— Ну, гэтай дарогай мала каму дадзена icцi.
Кастусь упарта паматаў галавою.
— А калі дадзена, дык нельга збочваць. Народ наш без багацця, без зямлі, без мовы… I таму варта жыць і сутыкацца з ворагам. Хутчэй.
— Што ж, — сказаў Вежа. — Бадай што, маеш рацыю…
Вежа пайшоў. Хлопцы ляжалі i моўчкі слухалі свежы шолах паркавай лістоты. Спаць не хацелася. Быў самы лепшы час для размовы.
— Кастусь, што ты такімі вачыма сёння на Галінку Кахнову глядзеў?
— Прыгожая, — пасля паўзы адказаў Каліноўскі.
— Закахаўся, бядак?
Кастусь маўчаў. Потым уздыхнуў.
— Не. Я-то ўлюбчывы. Я нават вельмі ўлюбчывы. Але я, відаць, не маю права. Жыццё не маё.
— Як гэта не тваё?
— А так. Звычайна ў людзей так. Першае — гэта я, другое — сям'я, родны дом, трэцяе — родны горад, чацвёртае — родная краiна, пятае — родная Зямля, роднае Чалавецтва. I кожны любiць сам сябе, амаль усе —
сям'ю, большасць — родны горад, частка — радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах…
Ён сеў i абхапіў мускулістымі рукамі калені.
— Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі. I таму тут больш за ўсё патрэбны людзі, якія прайшлі ўсе ступені. Бываюць такія, багатыя любоўю i нянавісцю. У ix увесь свет узарваны i перакулены. Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам — больш за caмix сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё i дом i ўсё — для краіны i чалавецтва.
— I ты хочаш быць такім?
— Буду вельмі старацца… Што ж, самога сябе я аддам. А каго я маю права аддаць, акрамя сябе? Жонку? Дзяцей?
У цемры блішчалі ягоныя вочы.
— Не, калі аддаваць, то толькі сябе. Брат Віктар кажа: каханне не павіннa вісець у нас на нагах… Наш народ спявучы, таленавіты, горды. I вось яго ўвесь час дзякуюць за дабрыню, седзячы на ягонай спіне.
Стукнуў сябе кулаком у грудзі.
— Песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу… А я ўсё гэта люблю…