Кіркор жыў у будынку былога універсітэта. Хлопцы азірнуліся. Паглядзелі ў бок губернатарскага палаца, цікнулі вокам у цёмную арку двара Сарбевіуса. Наглядчык Цэзар Георгіевіч, па класнай мянушцы Цэрбер Гаргонавіч, мог трапіцца паўсюль.
Яны перабеглі вуліцу i нырнулі ў пад'езд. Падняліся па сходах, пастукалі ў дзверы. Сустрэла ix пакаёўка, узяла паліто. Праз шчыліну дзвярэй даляталі галасы.
… Гаспадар, убачыўшы Грыму, развёў pyкi, быццам хацеў абняць. Азызлы, усё яшчэ загарэлы, дарма што зiмa прайшла, твар яго бы пацяплеў ад усмешкі.
— Змена маладая! Надзея мілай радзімы! То што, Усяслаў, гэта i ёсць твой князь?
— Але. Толькі ён не мой, а свой.
— Ухваляю, ухваляю, князь. Рэферат ваш аб народных песнях упадабаў. Выключна. Верце слову бітага этнографа. Прашу, прашу да мяне.
У невялічкай гасцёўні з мяккай мэбляю i ciнiмi сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі i ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Курылі, пiлi каву ля кутняга століка, спрачаліся. Раздаваліся выгукі, смех, воплескі — відаць, узнагарода камусьці за трапнае слова. Змешваліся польская, французская, беларуская мовы.
— Дав-вайце, маладыя людзі, будзьце як дома, — гасцінна запрашаў Кіркор, робячы, магчыма, занадта выразныя pyxi маленькай зграбнай рукой.
Відаць было, што ён — не без славалюбства — ганарыцца i гэтым зборышчам, i гасцёўняй, i людзьмi, сабранымі ў ёй, i атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак i ўсяго іншага.
На вялікае сваё засмучэнне, хлопцы амаль адразу ўбачылі аднакласніка, графа Ігнацыя Лізагуба. Ён стаяў з нейкім хударлявым, сухотным на выгляд чалавекам і ледзь адказаў на прывітанне. У чорным бездакорным сурдуце, вельмі стрыманы, вельмі выхаваны. Ён гаварыў i ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, а ўсе пяцьдзесят, такі карэктны.
— Вам пашанцавала, маладыя людзі, — мякка сакатаў Кіркор. — Сёння ў мяне якраз найбольш цікавыя госці. Рэдка бывае так, каб у кожнага знайшоўся вольны вечар. Але сёння вы ўбачыце цвет новай віленскай грамады. Прашу быць як дома.
І пабег да іншых людскіх колцаў, улагоджваць, змешваць людскія плыні, там кінуць досціп, там іранічны сказ, нібы вядро вады на занадта зыркае полымя. Хлопцы асталіся адны.
— А ты ведаеш, — сказаў Алесь, — мне ён не падабаецца.
— Нешта праўды тут ёсць, — пакруціў цяжкай галавою Грыма. — Хоча, каб усе былі адзін у адзін: святыя ды божыя. Бач, унь Ходзька Ігнацый сядзіць. Паэтаў цёзка па прозвішчы. Багатыр! 3 ім ён аб залатым веку пагаворыць. А той — граф Тышкевіч, чалавек добры, адукаваны. Археалагічныя раскопкі вядзе. 3 гэтым пагамоніць аб тым, як цяжка было жыць нашым продкам. 3 Ходзькам, з Тызенгаўзам.
— А што тут Лізагуб робіць?
— Правае крыло суполкі змену сабе рыхтуе.
— Каго ты яшчэ ведаеш?
— Унь той, бычыш? З нервовым, тонкім абліччам?
У кутку, асобна ад ycix, сядзеў худы высакалобы чалавек у бутэлечнага колеру сурдуце і шырокім белым гальштуку. Рукі з доўгімі пальцамі нервова гулялі брэлокамі гадзінніка, перабіралі ix, як ружанец. Калі спрэчка выбухала раптам пагрубелымі ад запалу галасамі — чалавек моршчыўся, як моршчыцца меламан з абсалютным слыхам, пачуўшы скрогат цагліны аб цагліну. Мяккае, вельмі беларускае аблічча чалавека было тонкае i жоўчнае. Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна i засяроджана. I буйнымі добрымі хвалямі падалі на плечы русыя валасы.
— Хто такі? — спытаў Алесь.
— Сыракомля. Паэт.
— Па-польску піша?
— I па-беларуску таксама.
— А той? — Алесь паказаў на невялічкага чалавека, які піў каву ля кутняга століка i, здаецца, быў заклапочаны больш за ўсё тым, каб не паказаць сваёй ніякавасці перад yciмi гэтымі людзьмі, каб узяць i паставіць кубачак з належнай годнасцю. Занадта інтэлігенцкі шыракаваты твар з добрымі, відаць, блізарукімі, вачыма. Такому б сядзець у хаце, такому б замест сурдута, нават тут, больш пасаваў бы шлафрок.
— Чакай, — сказаў Алесь. — Гэтага я даволі часта бачу на вуліцы. Ён што, таксама жыве недзе на Нямецкай?
— У доме на рагу Нямецкай i Дамініканскай. Не, у другім ад рога. А на рагу Сыракомля жыве.
— Ён хто?
— Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус.
— I прозвішча не ведаеш?