— Я таксама gente albarutenus natione polonus[74], — сказаў Манюшка. — Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам — азначае душыць астатніх. Быць палякам — гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні… Гэта ўжо я магу вам заявіць.
На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.
"А мо сапраўды бог?" — падумаў Алесь.
— Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.
І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.
— Што ж, — спытаў Ходзька, — замест Чымарозы смярдзючы мужык?
— Я з мужыкоў, — сказаў Каратынскі, — будзеце злоўжываць гэтым — скончыцца дрэнна.
— Што ж, — сказаў Ходзька. — Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара — п'яны кат з бузуном.
— Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, — сказаў Грыма. — Мы хочам волі.
— А атрымаеце бізун… Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы — наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, — гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое — вас самнуць.
Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.
— Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?
Ходзька з цікавасцю глядзеў на шэравокага маладога чалавека.
— Кажыце далей, — памяркоўна дазволіў ён.
— Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, — перахопленым горлам сказаў Алесь. — А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. — Ён павысіў голас. — Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова "магнат" лепшае за слова "барын"? Досыць, панюхалі.
І тут Ходзька ўсміхнуўся, нібы намацаў у абароне хлопца трэшчыну.
Алесь бачыў вочы гарбуна, арганіста, Сыракомлі. Ва ўcix гэтых вачах жыла трывога. А Ходзька падаўся галавой наперад i цixa працадзiў:
Хіба не стала нашаму мужыку горш жыць пасля прыяднання да Расіі? Адразу салдатчына, павышэнне падаткаў…
Сыракомля нецярпліва перапыніў яго:
— Ходзька, гэта жорстка!.. У маладога чалавека не столькі ведаў… I ягоныя перакананні…
Алесь узняў руку.
— Не трэба, пане Кандратовіч, — ён усміхнуўся. — Тое, што мне трэба, я ведаю добра. I перакананні ў мяне цвёрдыя i… аб-грун-таваныя, у адрозненне ад пана Ходзькі.
— То стала горш? — настойваў магнат.
Стала горш, — спакойна сказаў Алесь. — Акрамя старых паноў, нас з вaмi, з'явiлiся новыя. Прычына гэтай галечы тое, што на ўсе старыя ланцугi павесiлi яшчэ адзiн, новы — грошы. А грошай у мужыка пры цяперашнiм стане быць не можа. У яго адбiрае ix тое, што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце.
Чырвоныя плямы папаўзлі на шчоках у Ходзькі.
Што ж гэта такое, страшнейшае за ўсё? — цixa спытаў ён.
Алесь пабялеў ад хвалявання. А потым у цішу ўпала адно толькі слова:
— Прыгон!
Вочы ў Лізагуба звузіліся.
Стаяла цішыня. Алесь спяшаўся дагаварыць.
— Мы ніколі… — голас ягоны зазвінеў. — Чуеце? Мы ніко-лі не паддамося нi вам, нi немцам, нікому. І не таму, што мы не любім вас, а таму, што кожны чалавек мае права на роўнае шчасце з другім, а шчасце — толькі ў cвaiм доме.
— Панове, — перабіў Кіркор, — панове, уладаю гаспадара забараняю вам гэтую спрэчку.
Гарбун паклаў руку на плячо Алесю, паціснуў.
— У мяне ёсць дачка, Каміла, — сказаў ён. — Бог ты мой, якія вы падобныя!
У доўгай паўзе прагучаў самотны голас Сыракомлі:
— Якая ж гэта нязведаная парасць расце!
… Ён i Манюшка ішлі ў адну дарогу з Алесем i Усяславам, Лізагуб i Ходзька пайшлі асобна, хоць пэўны час ім было і па дарозе.
На рагу Святаянскай i Універсітэцкай Манюшка прытрымаў Алеся i паказаў яму налева, на касцельны гмах.
— Музыку любіш?
— Але.
— То прыходзь сюды. Я ведаю, табе нельга. Але унь там дзверы на хоры. Прыходзь падчас імшы i проста так. Я там часта. Музыка, князь, не ведае розніцы вераванняў.
Сыракомля маўчаў усю дарогу. Ягонае, маладое яшчэ, тонкае аблічча выглядала на хворае. Ён моўчкі хутаўся ў футра i нагадваў худую зябкую птушку.
I толькі на скрыжаванні, дзе абодвум старэйшым трэба было павярнуць налева, паэт паклаў руку на плячо Алесю:
— Я, пэўна, не дажыву. Але вам… Дай вам бог удачы…
XXX