Як на грэх — нікога не было вакол. Ні сяброў, ні проста прыязных людзей, якія маглі б папярэдзіць. У Алеся нарадзілася раптам брыдкае і халоднае пачуццё бездапаможнасці і агіды. Яго ніколі не білі вось так. Здараліся, вядома, сяброўскія або варожыя бойкі недзе ў прыбіральні ці на вілійскім лёдзе, але гэта былі сумленныя бойкі: адзін на адзін ці сцяна на сцяну.
Тое, што бойкi не мiнуць, ён зразумеў адразу. Iначай на якога д'ябла iм быў патрэбен Корвiд?
— Пачакайце, князь, — сказаў Лізагуб.
Алесь спыніўся.
Лізагуб мякка, амаль па-сяброўску, так, што смешна было вырывацца, узяў Алеся пад руку і адвёў ад сходаў.
— Мне хацелася б атрымаць ад вас некаторыя тлумачэнні наконт вашых учарашніх слоў.
— Я нікому не хачу іх даваць, сказаў Алесь. — Што сказана, тое сказана.
— Прабачце, не тлумачэнні, а працяг спрэчкі і, магчыма, некаторае неўразуменне і збянтэжанасць, што датычыцца вашых паводзін.
Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.
— Ваша неўразуменне мяне мала датычыць. Збянтэжанасць — таксама. Учора я сказаў тое, што хацеў.
Алесь вырашыў пайсці, а калі затрымаюць — прабіцца, адкінуўшы кагосьці з дарогі. Тут не магло быць і размовы аб тым, што ўцякаць — ганебна.
І тут адчыніліся дзверы прыбіральні, і з яе з'явіліся, нібы чэрці з табакеркі, яшчэ трое. Першыя крочылі Язэп і Гальяш Цялкоўскія. Браты. Не блізнюкі. Проста абодва мелі звычай па два гады сядзець у кожным класе. Гальяш аднойчы зрабіў подзвіг: не астаўся. І такім чынам дагнаў брата.
Яны стаялі побач. Здаравенныя, з фальварковымі атлусцелымі мордамі. Напаўідыёты.
За імі выслізнуў Воранаў, маленькі, бескаляровы, як белая мыш, сын буйнага акцызнага чыноўніка.
Убачыўшы гэтых трох, Алесь зразумеў: прарвацца не ўдасца. І адразу — ад злосці на тое, што яго так спрытна ашукалі, і ад непаразумення — страх некуды знік, а ў сэрцы нарадзіўся гнеў. Яны не мелі права нападаць на аднаго. Ну што ж, тады трэба біцца. Прайшло, відаць, хвілін дзесяць вялікай рэкрэацыі. Трэба яшчэ хаця б столькі ж заняць размовай аб усім тым, што стаіць паміж імі, а потым яшчэ десяць хвілін пратрымацца. Аднаму супраць сямёх. Не ўпасці, не даць ім рабіць з сабою ўсё, што яны захочуць.
— Калі ласка, — сказаў ён, стаўшы спіною да цёплай грубкі і адчуваючы патыліцай медны люфт. — Што вы маеце мне сказаць, граф Лізагуб?
— Я хачу спытаць, з якога такога права вы ўчора ганьбілі Польшчу, князь Загорскі? Вы ж ведаеце, гэта вельмі высакародна — лаяць тое, што ў гэты момант лае ўрад.
Нахабная хлусня абурыла Алеся. Але ён стрымаўся.
— Я не ганьбіў Польшчу, — магчыма, занадта высакамерна, каб не падумалі, што спалохаўся, сказаў ён. — Вам варта было б бліжэй трымацца да ісціны.
Алесь толькі тут успомніў, што са збораў у Кіркора Лізагуб і Ходзька пайшлі разам. Не можа быць, вядома, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака. Відаць, проста выказаў раздражненне, абурыўся "мужыцкім сепаратызмам здрадніка". Гэтага і хапіла. Знайшоў сабе добраахвотнага ланцужнага сабаку. А можа, і не ў "мужыцкім сепаратызме" корань усяго, а ў ягоных неасцярожных словах аб прыгоне. Напэўна так.
— Я не кручу перад вамі хвастом, — сказаў Алесь. — Але я далёкі ад думкі агулам ганьбіць ці агулам хваліць нейкі народ. Я, калі вы хочаце тлумачэнняў, скажу, што я люблю і паважаю Польшчу, спачуваю яе няшчасцям і глыбока шаную палякаў…
— Закруціўся, як уюн на патэльні, — сказаў Дэмбавецкі.
— …Акрамя, вядома, такіх палякаў, як наш Дэмбавецкі. Што зробіш, бываюць сумныя выключэнні, —сказаў Алесь.
Корвід пасунуўся бліжэй.
— Але, — сказаў Алесь, — я не разумею, якія адносіны да Польшчы мае немец Фан дэр Фліт, рускі Воранаў, літовец Корвід, беларусы Цялкоўскія і вы, граф Лізагуб? Мне здаецца, гэта справа пана Цыпрыяна Дэмбавецкага. Я гатовы пагаманіць з ім на гэтую тэму. З ім адным.
— Я паляк, — сказаў Лізагуб.
— За колькі? — спытаў Алесь. — І з якога часу?
— З таго часу, калі мае бацькі зразумелі, што ад двараніна, які называе сябе беларусам, смярдзіць стайняй і дзярмом.
— Не здрадай, прынамсі, — сказаў Алесь. — Не сабачым хвастом.
— Гноем, — сказаў Лізагуб. — І вы, кня-азь, яшчэ асмельваецеся лаяць парадак, заведзены слаўнымі дзядамі! Крычаць нешта аб "прыгоне".
Алесь засмяяўся.
— Вось яно што, — сказаў ён. — Я так і думаў, што не ў нацыі тут справа, што я стукнуў вас не па нацыянальным гонары, а па кішэні.