Выбрать главу

— Ты слухай, — звягаў Лізагуб. — Запамінай. Ты запомніш, бо потым мы цябе… для памяці…

— Зап-омню, — упершыню выдыхнуў Алесь. — За-помню.

— Запомніш… Не вякай пра гэты свой "прыгон"… Не вякай пра гэтую сваю "Беларусь"… Ведай, хто цябе церпіць… Ведай, каму ты раб… Вялікай Польшчы, а не Маскве…

Ярасць выбухнула раптам такім полымем, што ў Алеся збялелі вочы. Яна прыйшла нібыта з паветрам, якое ўдыхнуў ён і якім памылкова дыхала гэта дрэнь.

— Сашка, — сказаў ён. — Што ж ты глядзіш?! Бі свалоту!

Але ён не паспеў яшчэ крыкнуць да канца. Сашка нечакана ўзняў нагу і моцна, як страус, даў падэшвай у паясніцу Лізагубу. Нібы зламаўшыся, Ігнацы падаўся жыватом наперад, і тут Алесь, канчаткова ачуняўшы, ударыў Лізагуба пад ніжнюю шчэлепу.

У далоні Гальяша Цялкоўскага бліснуў вялікі медны кружок: боўдзіла нацягваў на руку каўчукавы цяж накладкі. Не даючы яму апамятацца, Алесь даў Гальяшу правай у скронь, і той пакаціўся па падлозе.

І тады астатнія з галёканнем рынулі на іх. Малацілі, хрыпелі, імкнуліся дарвацца бліжэй.

Было зусім дрэнна. Хаця Алесь і Волгін стаялі спіной да муру. Алесь убачыў, як Корвід дубасіць Сашку. Убачыў, што вочы ва ўсіх шалёныя і што ў гарачцы могуць кагосьці і забіць.

І тады ён схапіў плявацельніцу і — з маху — пусціў ёю ў акно. Шкло са звонам пасыпалася на двор. Сашка падскочыў бліжэй да акна і — у два пальцы — свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам.

Над дваром, над пляцоўкай для лапты рэзка, як нож, праляцеў гімназічны кліч аб дапамозе.

Унізе, на двары, а потым на сходах, нарадзіўся і стаў мацнець грукат соцень ног. Бліжэй. Бліжэй.

…Першае ўварвалася ў гулкі калідор, пабегла на гукі бойкі "Братэрства шыпшыны і чартапалоху". Ляцеў, як апантаны, Мсціслаў:

— Алеська! Братка! Сашка! Трымайцеся!

Лупілі за ім, рука да рукі, Пятрок Ясюкевіч і Мацей Біскуповіч. Цяжка соваў за імі цельпукаваты Усяслаў Грыма.

З маху ўдарылі ззаду. Алесь убачыў побач ясныя вочы Мсціслава. Мсціслаў раскідваў "арыстакратаў лёкайскай"… Грыма наскочыў на Дэмбавецкага, даў па шыі.

— На аднаго?! На двух?!

Калідор ужо грукатаў бегам, гулка выбухаў галасамі. Прыбеглі "мазунчыкі", сябры Лізагуба з сёмага і шостага. Іх было шмат.

Братэрства стала сценкай. Беглі і беглі новыя людзі. У калідоры стала цеснавата, і бойка на хвіліну сцішылася, як полымя, у якое паклалі зашмат дроў.

— Сябры, што здарылася?

— Панове, цо?..

— Хто каго?

Сашка скінуў з сябе Корвіда і адразу атрымаў па зубах ад Лізагуба. Крыкнуў:

— Білі беларуса за тое, што беларус!!!

Натоўп прасвідраваў худым жылаватым целам шасцікласнік Рафал Ржашэўскі. Выбіўся з месіва. Стаў. Зірнуў на Алеся ўтрапёна-спакойнымі сінімі вачыма.

— Цябе?

— І я таксама, — усміхнуўся праз распухлыя вусны Алесь. — Пацярпеў за ідэю вялікай Польшчы.

Шчокі ў Рафала нібы высахлі. Ён абвёў вачыма суседніх людзей. Сінія вочы стрэліся з тытунёвымі вачыма Лізагуба.

— Гэты, — нібы сцвердзіў Рафал. — Вядома. Хто ж яшчэ?

І наблізіўся да графа.

— Што ж ты нарабіў, смярдзючка?! — сказаў Рафал. — Халуй! Шкоднік!

…Бойка выбухнула ў розных канцах калідора, які дрыжаў, нібы ў ім грымела кананада. Настаўнікі і наглядчыкі мітусіліся недзе ў канцы і не маглі прарвацца да тых, што біліся. Крэст спрабаваў нешта рабіць, хутка, як гарох, раскідаючы задніх, але паток юнакоў са сходаў і верхняга паверха плыў і плыў.

Перад вачыма ў Алеся мільгалі твары. Ён, бы ў калейдаскопе, бачыў, як замахнуўся накладкай на яго, Алеся, Гальяш і як Мсціслаў перахапіў руку Цялкоўскага і ёю, з накладкай разам, мазануў ворага па носе… Потым дзіўны гук уразіў Алеся. Ён азірнуўся. Плакаў адной глоткай Пятрок Ясюкевіч. Горла юнака сутаргава пашыралася. І Алесь усім сэрцам зразумеў, што яны прысутнічаюць пры найвялікшым дзіве, калі табе здавалася, што ты і друг твой самотныя, а выявілася, што ўсе, большасць думала так, як вы, але маўчала, бо кожны лічыў, што ён адзін са сваімі смеху вартымі думкамі.

І тут Рафал раптам узнёс кулак і апусціў яго на галаву Дэмбавецкага.

— Вучыся, ёлуп, — зрывістым ад захаплення голасам крычаў Ржашэўскі. — Вучыся, сляпак! Вучыся, доўбня!

— Ліцвіны! Беларусы! У імя Канарскага!

Крыкі рынулі з усіх бакоў. Сценка кінулася на сценку.

…Праз пяць хвілін білася ўжо ўся гімназія. Усе паверхі будынка раўлі, стагналі, тупалі нагамі, пляскалі.