Выбрать главу

Пані Антаніда заўважыла Майку ля парэнчаў і падышла да яе.

— Ну што? Што з табой, дзяўчынка?

У Майкі перахапіла горла ад нечаканай пяшчоты гэтай жанчыны.

— Не ведаю… Але мне нешта так цяжка! Я такая няшчасная!

— Я разумею… Разумею… — і пяшчотна-тонкая рука яе лягла на Майчыну руку.

— Гэтага не трэба рабіць, дзяўчынка. У гэтым няма праўды… І ты нічога, нічога не зробіш…

— Чаму не зраблю? — з ноткай пратэсту спытала яна.

— Так… Такі ўжо закон, — і, усміхнуўшыся вінаватай усмешкай, пайшла.

… Майка ішла праз залу ў пакоі, сама не ведаючы, куды яна ідзе. Ля самага выхаду ў зімнюю лоджыю насустрач ёй трапіліся бацька і пан Юры. Пан Юры толькі ўсміхнуўся ёй.

— Малітва дзевы, — весела сказаў ён. — Вышэй галаву, панна Міхаліна.

Бацька адстаў ад яго і, дачакаўшыся, пакуль пан Юры аддаліцца, ціха сказаў дачцэ:

— Мы з ім трохі выпілі ў буфетнай… Яму непрыемна… Хаця ён і не кажа.

— Ах, бацька, што да гэтага мне? — нечакана страсна сказала яна.

— Не муч хлопца, — жорстка сказаў пан Яраш. — Не гуляй людзьмі ў гэтым доме. Трымай сябе, як належыць дзяўчыне. Не падабаецца, то і маўчы. Нібы ўзрадавалася, што можаш усё рабіць… А душа чалавека не ў чалавечай, яна — у божай руцэ.

Упершыню ў жыцці яна бачыла бацькаў гнеў.

— Больш ты сюды — ні нагой. Досыць мне сораму. І калі яшчэ ўбачу гэтыя твае гулі — паедзеш на Піншчыну, у Боева, матчыным пасагам упраўляць. Пад наглядам Тэклі.

Крутнуўся. Пайшоў даганяць пана Юрыя.

Міхаліна выйшла ў лоджыю. Неба ачысцілася, і за непамерна высокімі вокнамі мігцелі незлічоныя зоркі.

— Ах, ды што яны ўсе прывязаліся? — вырвалася з грудзей.

Вырвалася разам з плачам. І яна, апершыся на падвоканне, заплакала.

Што яны ведалі? Што яны ведалі пра яе, і пра медальён, і пра хлопца, які ўзносіўся галавою ў зарніцы? Што яны ведалі аб тым пачуцці ганебнай наканаванасці, якое ўвесь вечар валодала ёю?

Нібы і змагацца нельга. Нібы ўсё даўно вырашана за яе на небе, а яна проста бездапаможнае кацяня, з якім лёс робіць усё, што захоча.

Ніхто не думае, што яна чалавек. Ні бог, ні дарослыя, ні Алесь, ні… яна сама. Але ніколі не скажа гэтага. Ніколі.

Яна ведала, што яна і надалей будзе з'едлівай і нядобрай. Проста таму, што нельга, каб наканаванне ламала табе рукі. Але, хай ёй прабачаць усе, яна не хацела губляць юнака, які ляцеў між зарніц.

Амаль страціла яго. І за хваляй пагарды пойдзе хваля пакорлівасці, і, магчыма, прыніжэння. І так будзе заўсёды. Біся ў кіпцюрах лёсу, як спайманая птушка.

"Я не хачу! Не хачу! Божа, як я хачу гэтага!"

Разам са слязьмі нібы знікала нешта. На месца рашучасці прыходзіла безнадзейная пакора. Зоркі за акном вясёлкава расплываліся ў яе вачах. Сярод іх, недзе ля Воўчага Вока, былі іхнія зоркі. Дзе яны былі зараз, зорка Майка і зорка Алесь?

І раптам шкадаванне і няўтольная, вострая, ніколі ў жыцці яшчэ не адчуваная пяшчота авалодалі ёй.

Яна ўжо нiчога не баялася, нi аб чым не думала, нiчога не збiралася сцвярджаць. Яна проста прайшла лоджыяй i спусцiлася сходамi ў парк.

Зоры ззялі над галавою. Яна ішла і ішла алеямі, нібы ў сне, не ў змозе даць сабе адказ на пытанне, куды і чаго яна ідзе.

Зоры ззялі над галавою. Раптам нібы нехта сыпануў іх і ў траву. Слабыя, зеленаватыя, яны мігцелі ў ёй, амаль пад нагамі.

Гэта былі светлякі.

Цалкам неасэнсавана яна брала халодныя агеньчыкі ў руку. Урэшце рука заззяла, нібы ў ёй ірдзеў зялёны жар.

Вытаргнуўшы з галаўной сецi некалькi срэбных нiцей, яна спрытна пляла iх пальцамi.

Яна рабіла гэта, не ведаючы, што сотні пакаленняў жанчын рабілі гэта да яе. Рабіла, нібы ў сне.

Потым яна ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак.

…Алея за алеяй. Майку чамусьці цягнула да става, дзе стаяла "крохкая" вярба. Але яна не паспела дайсці да яе. Калі да става асталося ўжо зусім нямнога і адтуль дыхнула вільготным павевам, яна ўбачыла цень, што рухаўся ёй насустрач.

— Ты? — спытаў цень.

— Я.

Ніколі яшчэ яму не здавалася такім патрэбным быць з ёю. І ніколі яшчэ ён так не гневаўся.

— Вазьмі свой медальён, — сказаў ён. — Я не думаў, што гэта будзе так. Але, відаць, праўда, што на зямлі няма нічога вечнага.

Зоры ззялі над яе галавою. Зоры ззялі ў валасах.

— І ты можаш? — глуха спытала яна.

— Нічога, у мяне застанецца яшчэ адзін. Гэта цётчын медальён. Ён, як яна казала, тройчы тры разы ўратуе мяне. Лухта. Шкада, што яна не дала мне нічога ад дробных жаночых учынкаў. Урэшце, нічога. Спраўлюся сам.