Выбрать главу

— Бацька вельмі нездаволены вамі, — сказаў Алесь і ўбачыў, як спалохана здрыгануліся веі аконама. — Ён лічыць, што вы маглі б правесці справу хутчэй… Вазьміце вось.

Рука Выбіцкага непаразумела ўзяла грошы.

— Вы затрымаліся на лішні дзень і за гэты дзень не маглі дабіцца нават дробязнай скідкі. Вы ведалі, што без Шаха нашаму заводу — зарэз, і нічога не дамагліся. З вашай літасці мы пераплачваем пану Раўбічу сто рублёў на гэтым жарабцы.

Выбіцкі, нарэшце, зразумеў. Настолькі зразумеў, што нават "абурыўся".

— Вы яшчэ малады, князь, каб чытаць мне натацыі.

— Малады я або не — не вам меркаваць. Я — гаспадар і разам з бацькам плачу вам грошы… Мяркую, дарэмна плачу.

— Прабачце, княжа, — спалохана сказаў аконам.

Мусатаў адвярнуўся, відавочна страціўшы ўсякую цікавасць да зборні.

— Вось так, — сказаў Алесь.

Ён зірнуў на Раўбіча і вырашыў ушпіліць трохі і яму за тое, што вось даводзіцца ехаць вярхі ў блізкі свет.

— А вы, пан Яраш, дзейнічаеце зусім не па-суседску. Карыстаецеся нашай пільнай патрэбай і таргуецеся, нібы мы чужыя людзі. Не скінуць нейкай там сотні!

— Сабе даражэй, — зніякавеў Раўбіч.

— Справа тут у прынцыпе. Адносіны не могуць быць добрасуседскія, калі сусед не саступае суседу.

Раўбічавы вочы няўлоўна смяяліся.

— Ну до ўжо, до, — сказаў ён. — Мы тут без вас паразумеліся з панам Выбіцкім. Шах адправіцца ў Загоршчыну адразу ж. Я адмовіўся ад прыбаўкі. І… ведаеце што, даруйце яму.

— Ды я і сам не хацеў бы, — сказаў Алесь. — Я ж ведаю яго непадкупную сумленнасць. Ведаю, што ён не стане займацца нічым, акрамя спраў гаспадара. Проста крыўдна было.

Жандар цяпер ужо зусім не слухаў. Наадварот, сам завёў спрэчку з Раткевічам. Ён вёрз нешта такое, што можна было прачытаць у кожнай правай газеце.

Алесь адчуваў, што самая прысутнасць гэтага чалавека тут, у Раўбіча, абражае веліч ягонага пачуцця да Майкі і самае паветра любага дома.

— Я прасіў пана Мусатава аб дапамозе, — сказаў Раўбіч. — Проста чорт ведае што. У маёй Хаданоўскай пушчы нейкія падазроныя людзі. Ёсць высечкі. Днямі аб'ездчык бачыў ля вогнішча ўзброеных людзей.

— Зробім, — сказаў Мусатаў. — Трэба звязацца з земскай паліцыяй. Ну і, канечне, вы самі павінны памагчы людзьмі.

Ён канчаткова супакоіўся. А Загорскі глядзеў на Раўбіча і, сам не ведаючы чаму, адчуваў, што той гаворыць няпраўду.

"Проста запрасіў гэтага блакітнага сышчыка, — думаў Алесь, — запрасіў, адцягваючы ўвагу ад чагосьці. Не чакаў, што прыедзе менавіта сёння. Перастараўся, пане Яраш. Гэтак гуляючы, можна і галаву зламіць".

І раптам гарэзлівая думка прыйшла яму ў галаву. Уласна кажучы, нічога не каштавала вытурыць адсюль Мусатава, прычым так, што ён і не здагадаецца. "Не выпендзам, але бардзо проша". Хай сабе пабегае. А між тым паветра ў Раўбічах адразу стане чысцейшае.

— Па-мойму, вы не туды глядзіце, пан Раўбіч, — сказаў Алесь.

— Што-небудзь ведаеце? — спытаў Мусатаў.

— Нічога не ведаю, — сказаў Алесь. — Але страху сёння нацярпеўся. Шчасце, што пісталет быў у хусце, то я недвухсэнсоўна высунуў яго, каб рукаяць тырчала. Мяркую, толькі таму і абышлося. А іначай мог бы і галавою налажыць. Ва ўсякім разе, грошы аддаў бы не Выбіцкаму, а іншаму…

— Хто іншы?

— Еду сюды. Толькі праехаў камень Выдравай грэблі — ну, яшчэ там, дзе лес ля самай дарогі, — перасякае дарогу чалавек на вараным кані. Стаў на ўзбочыне і глядзіць. Ды пільна так, нядобра. Вочы сінія, бязлітасныя. З сакваў пісталеты тырчаць. Пастаяў, усміхнуўся на мой дэрмаш з пісталетам, пасварыўся пальцам і знік у напрамку да Дняпра… Пайшоў, відаць, у Кортаўскі лясны востраў.

— Чаму мяркуеце так?

— А таму. Ля Кортава адзіны на ўсю тую паваротку Дняпра брод. Зручна. Калі перапраўляцца ды ў Янаву пушчу ісці, то толькі там. А калі ўдзень перапраўляцца не рызыкне, то і ў Кортаўскім востраве перасядзець можна.

— Аблічча не запамяталі?

— Чаму ж не, — Алесь біў на тое, што Мусатаў анічога не ведае пра дзве сустрэчы яго з Войнам. — Нос гарбаты. Аблічча загарэлае такое, як гарчыца. Я чаму і падумаў, што падазроны, што нельга звычайнаму чалавеку, які пад дахам сядзіць, ну вось хаця б вам, пане Мусатаў, так загарэць. Адразу відаць, што не сядзіць, а цэлымі днямі пад сонцам гойсае… Што яшчэ? Ага, валасы чорныя і нібы хто ў іх павуціннем сыпануў. Усе сівізною перавітыя…

Мусатаў збялеў.

— Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б.

Устаў і пайшоў з пакояў. Раўбіч, счакаўшы трохі, выйшаў за ім.