А яны, сабакі, на нас ціснуць. На ўсю краіну адна навуковая ўстанова: Горацкая акадэмія (гэта калі не лічыць смаргонскай, дзе мядзведзяў вучылі). Вядома, так ім лягчэй нас у кіпцюрах трымаць. Што з беларуса возьмеш? Цёмная бутэлька. Віленскі універсітэт закрылі, гімназіі ў Гродна ды Беластоку закрылі. З нашай, Свіслацкай, зрабілі вучылішча на сорак вучняў. А было ж некалі чатырыста!
Ну, добра! Вучыцца буду, як вол. А вывучуся. Не ведаю, як будзе з платай за навучанне. Пяцьдзесят рублёў срэбрам у год — гэта для мяне зашмат. Можа, вызваляць па беднасці. І яшчэ каб стыпендыю нейкую атрымаць. Але гэта раней як на другім-трэцім курсе не атрымаецца, так што няма чаго і думаць. Буду даваць урокі".
— Ты б прапанаваў яму дапамогу, — перапыніла зноў Майка.
— Не возьме. Ды яшчэ і аблае. Ён горды.
— То што рабіць?
— Папрасіў дзеда, каб Ісленьеў патрос сувязямі.
— Хіба можа?
— А што? Ён рускі, пецярбуржац. У кар'еры яму ніякія сувязі не памогуць, а ў такой лухце знойдуцца. Дзед пад сакрэтам накіраваў грошы за навучанне на ўвесь тэрмін. А там скажуць — "вызвалілі". Толькі ты нікому не кажы.
— Не скажу.
— Стыпендыю з часам атрымае. А не атрымае — зробім, як з платай. Ну і ўрокі. Я палічыў. За нядрэнны пакой — дзесяць рублёў. Есці, каб хаця два разы — восем. Кнігі — пятнаццаць. Форма з дзвюма зменамі — дваццаць. Значыць, за ежу і дах у год дзвесце шаснаццаць. А разам з вопраткай і кнігамі — усяго дзвесце пяцьдзесят адзін рубель.
— Я не думала, што ты і практычны.
— Я — усялякі… То слухай далей… "Дуніна-Марцінкевіча, аб якім ты пішаш, не ведаць — сорам. Першы наш сапраўдны паэт. У сорак шостым годзе надрукаваў у Вільні сваю "Ідылію" (здаецца, так), а ў мінулым, у Мінску, "Гапона" ды "Вечарніцы". "Гапона" з "Вечарніцамі" дасылаю, "Ідылію" дастань сам. Трохі гэта, канечне, занадта дабрэчае і на ружовай вадзіцы з панскімі (прабач, Майка, — сказаў Алесь) соплямі замешанае, але ён можа быць і злы. Нічога, што ён, пакуль тое, кроераў у нашым жыцці не заўважыў. Будзе і гэта. Галоўнае, наш чалавек. Таленавіты. Галоўнае — дыхнула наша пісьменства, з часоў агульнай панскай здрады забітае, загнанае. Сіраціна наша з табою першы свой голас падала. А чысты! А звонкі! Золата на хрусталі. Васількі ў жыце! Срэбныя кропелькі Каб ты ведаў, Алеська, як хочацца вершы пісаць! Але ведаеш: лёс разгарнуцца не дасць. І хапаеш сам сябе за руку. А Марцінкевіч малайчына! Я зайздрошчу табе, што ты яго бачыў.
З тваёй гімназічнай гісторыі і пасмяяліся мы, і задумаліся потым. Але мне стала трохі сумна, што ты гэты год не будзеш паступаць ва універсітэт і станеш, дзедавым намаганнем, прывучацца да гаспадаркі. Як паедзеш, то цяпер, вядома, у Пецярбург, а не ў Маскву. Будзем разам. А пакуль тое, я табе падрабязна пра свае справы пісаць не буду. Так, трошкі. Папера, сам ведаеш".
— Шкада, — сказала Майка.
— "Ты ведаеш, — чытаў Алесь, — я тут палюбіў рускіх людзей. Высакародны, харошы народ. І таксама няшчасны, як мы. Я раней іх ведаў па горшых узорах, па жандарах, што да нас панасылалі. Сам ведаеш, добры чалавек на такое не пойдзе, сумленных і шчырых у такім асяроддзі — дарэмна шукаць. А тут прыглядзеўся — лухту гэта на іх нашы панкі, накшталт твайго Лізагуба, вярзуць. І тое праўда, што няма дрэннага народа. Канечне, гэта не яны нас на часткі шматуюць, у пятлю пхаюць, выбіваючы дух. Гэта дзяржава катаў, абрыдлівая, страшная, гнілая. Турма людзей, турма плямёнаў. Жандары, алілуйшчыкі, прадажная погань! З турмы, з турмы гэтай трэба вырывацца, калі хочам жыць. Трэба разумець, што справа ў рондзе[77], а не ў народзе. І што калі адасабляцца, то ад яго, а не ад людзей, што самі шукаюць сяброўства з намі. Шмат харошых хлопцаў. І сярод нашых, і сярод палякаў, і сярод рускіх.
"Современник" чытаю даволі рэгулярна. І, ведаеш, у жнівеньскай кніжцы новае імя. Памяні маё слова, калі мы не дачакаліся новага свяціла. Ён рускі. Прозвішча — Дабралюбаў. Чалавек, па ўсім відаць, страшэнна памяркоўны, страсны і чысты. Нашы хлопцы ганарацца. Вучыцца ён у педагагічным. Гэта ў будыніне універсітэта. Пад адным дахам. Памятаеш, у Грыбаедава (па тваім спіску цытую):
Прафесары "доупражнялись". Цяпер узнялі голас выхаванцы. Вось яно як!
Пасля напішу аб усім. Перадавай прывітанне бацькам, дзеду, Мсціславу. І, вядома, Майцы. Я люблю яе. Перадай.