Выбрать главу

Майка паружавела. Варухнула вуснамі.

— Во гэта кавалер! Не тое, што ты.

Алесь, нібы не слухаючы, чытаў далей:

— "Яна сапраўдная беларуская дзяўчына. І таму, прабач, браце, я не хацеў бы для цябе небяспекі".

Майчыны шчокі сталі чырвоныя.

— Што ты напісаў?

— Напісаў, што мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражей за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна — мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць je suis de passaga[78]. Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці.

Яна зірнула на яго з павагай.

Урга і Касюнька імчалі па свеце. Снежна-белы і мышастая. А свет вакол быў жоўты ад іржышчаў і хрустальна-сіні ад неба. Сям-там на апошніх лапіках поля жанчыны яшчэ ваявалі з каласамі. Жоўтыя бароды жменяў здрыгаліся і бязвольна клаліся пад сярпом. І тонка-тонка, высока, далё-ока дрыжалі, плакалі ў чыстым паветры празрыстыя крынічкі галасоў.

Перапёлка, пераляці поле і сіняе мора, перапёлка. Нясi звесьцi ад лiхой свякроўкi ды да роднай маткi, нясі звесьці. Пра што, за што свякроў мяне біла асінавым кіем, пра што, за што? А ці я ёй пасцелькі не слала, ці не разувала, а ці я ёй? Пасцель слала: кулачок пад бачок, камень пад галоўку, пасцель слала. Пазувала ў цёмным куточку альхавым пруточкам, разувала.

— Бедная мая, — глухім голасам сказаў Алесь. — Бедная мая зямля!

Жаль ахапіў Майчына сэрца. Яна прыстоіла Касюньку да Ургавай рысі і пяшчотна пагладзіла каштанавыя валасы хлопца.

Яна ніколі не ведала, чаго, калі ад яго чакаць. "Нечаканы, як прадзед Акім", — казаў Вежа. Сапраўды, нечаканы, як удар маланкі. І таму страшэнна прывабны.

— Я цяпер ведаю, — сказаў ён. — Ты думаеш, ты дарэмна была барвянай у тым белым пакоі? Не, ты такая і ёсць.

Ён глядзеў на яе дзіўнымі, зусім новымі, вялізнымі шэрымі вачыма. І ёй раптоўна стала страшна.

— І валасы ліловыя… Усё ў свеце такое складанае. А мы нічога не ведаем. У ружы, напрыклад, блакітны вячэрні пах. Ён гучыць, як струна віяланчэлі, калі яе кранеш у глухім пакоі. А ў бадзяка, у чартапалоха, пах пярэсты, чмяліны, і ён зусім як басовае "до".

Незразумелыя вочы, здаецца, бачылі яе да самага дна.

— Я твае валасы пахнуць дурманам і таму, вядома, ліловыя.

Коні глыталі шырокі, добры і страшны абшар.

Натоўп дваран ішоў падземным ходам да Раўбічавай камяніцы. Пан Яраш крочыў паперадзе з кандэлябрам у руцэ. Крокі глуха гучалі пад шэрымі, нібы запыленымі, скляпеннямі. Вычварныя чорныя цені кідаліся ва ўсе бакі на кожнай паваротцы.

Iшлi ў маўчаннi, якое нават прыгнечвала. Пятнаццаць чалавек не хацелi абмовiцца i словам.

Урэшце пан Яраш сказаў глухім голасам:

— Прыступкі, панове.

Пачалі падымацца. Потым Раўбіч адчыніў жалезныя дзверы, і гурма выйшла на дзённае святло, што падала праз закратаванае акно ў вялізнае сутарэнне з каменнай падлогай і скляпенчатай столлю. Востра шыбнула ў твары саладкаватым серным смуродам. На сталах стаялі колбы, рэторты, палаў у саганах агонь. Лёгкі дымок цягнуўся пад выцяжны каўпак.

Чатыры чалавекі ўзняліся са сваіх месцаў, калі натоўп уцягнуўся ў сутарэнне. Глядзелі, нібы чакаючы, насцярожана і нядобра. Суконныя плашчы. Бледныя, нібы фарфоравыя, абліччы людзей, якія рэдка бачаць сонца. Бледныя, як парасткі бульбы ў склепе.

— Спакойна, панове, — сказаў ім Раўбіч. — Гэта свае.

Звярнуўся да гасцей:

— Спадзяюся, прозвішчаў вы не спытаеце. Але яны таксама свае. І ім аніяк нельга выйсці адсюль. Усе ўжо дзесяць год думаюць, што яны за мяжой. А яны туды не могуць. Нянавісць не дазваляе. І таму свядома ахвяруюць сабой.

— Група Зянкевіча? — спытаў Мнішак.

— Але[79]. Гэтыя два сябры — хемікі. Біліся столькі год — і ўсё ж вынайшлі такі гарт сталі, што яна больш надзейная, чым златавустаўская. Не ломіцца ад удару молатам. Сячэ хусцінку. Маем такіх шабляў ужо трыста сорак і дзве.

— Малавата, — сказаў Раткевіч.

— Адразу нiчога не бывае, — Раўбiч адчынiў нiзкiя дзверцы. — Там яшчэ ход. У другое сутарэнне. I ў iм нешта каля пяцiсот пудоў пораху. Самаробнага, але не горшага за фабрычны.

— Прах і агонь? — спытаў Мнішак.

— Нічога, гэта надзейна. Ход цягнецца на трыццаць сажняў. А ўрэшце, у жыцці і смерці наш гаспадар — бог. Я паклікаў вас дзеля таго, што ўсё гэта трымаць у камяніцы стала небяспечна. На мяне могуць склеіць і другі данос. Блакітныя актывізаваліся… Вам давядзецца добра папрацаваць у гэтую ноч, панове. Гарбом.

вернуться

78

Я тут праездам (франц.)

вернуться

79

У 1846 годзе на Магілёўшчыне выкрылі групу "карбанарыяў", якая рыхтавала закалат. Данос Горацкага студэтна Белавуса быў своечасова раскрыты, і група самаліквідавалася. Не арыштавалі нікога.