Выбрать главу

Настала маўчанне.

— То як?

— Калі паўставаць? — спытаў Біскуповіч.

— Паўстаць, каб толькі пусціць кроў, — гэта дурасць, — сказаў Раўбіч. — Паўставаць трэба з надзеяй на перамогу. Шкада, што ў часе вайны нас было замала, каб ударыць у тыл… Але за тры гады вайны колькасць нашых паплечнікаў патроілася. Я разлічыў рост нашых арганізацый. Мы будзем мець належную колькасць людзей праз шэсць год. Значыць, прыблізна шэсцьдзесят другі год.

Браніборскі свіснуў:

— Мы паўстаём або гуляем у слімакоў?

Усе маўчалі. Потым Раткевіч Юллян сказаў:

— Доўга.

— Затое верна, — сказаў Раўбіч. — Ты думаеш, Юллян, мне не баліць кожны дзень няволі? Душа запяклася! З раніцы першая думка аб гэтым. Вечарам — апошняя. Не магу ўжо жыць… Раз на месяц абавязкова прыходзіць вар'яцкае жаданне: пачаць. Пачаць. Пачаць адразу, з тымі людзьмі, што ёсць. Нічога і нікога не чакаючы. Нават не баюся загінуць.

Памаўчаў.

— Але думку тую гоніш. Ну, пачнеш непадрыхтаваным. Ну, загінеш і сяброў загубіш. Зямлю шыбеніцамі заставяць. Мы не маем, не маем права рызыкаваць. Загінуць — добра. Загінуць — трэба. Але так, каб ад гэтай загібелі быў нейкі плён.

Яны думалі. Потым небывала сур'ёзны Біскуповіч сказаў:

— Рацыя…

— Пан Яраш падрыхтаваў нейкі план? — спытаў Мнішак.

Замест адказу Раўбіч хрумснуў вялікім пергаментам, раскручваючы яго на стале. Паклаў на адзін канец цяжкую шаблю ў похвах. Два другія рагі прыціснулі срэбнай чарніліцай і кавалкам губчатай крыцы.

— Я заўважаю, паны не кураць, — з усмешкай сказаў Раўбiч. — Курыце.

Усе разгублена паглядзелі адзін на аднаго. Сапраўды, чаму не кураць?

І раптам рогат пракаціўся над галовамі. Усе смяяліся, зразумеўшы, што падсвядома ў кожнай галаве цвіком сядзела думка аб пяцістах пудах пораху.

— Лухта, — сказаў Раўбіч. — Гэта зусім не пад камяніцай.

— Кiньце, хлопцы, — сказаў Бiскуповiч. — Тут i без пораху, як на скрут галавы.

— Гэта яны баяцца, што ад іхніх люлек абурэнне выбухне, — сказаў Раткевіч. — Не бойцеся. Не такі ўжо ён вогненебяспечны, наш народ. І не такое ўжо з нас, з кожнага, добрае крэсіва, каб іскры сыпаліся.

Пацягнула тытунёвым дымком. Закурэлі цыбукі гаспадарскіх доўгіх трубак, захліпалі люлькі гасцей, запунсавелі кончыкі цыгар.

Усе маўчалі, гледзячы на мапу. Прыдняпроўе, зрэзанае сінімі стужкамі рэк, зялёнымі плямамі лясоў, цёмнымі кропкамі вёсак і гарадоў ляжала перад імі.

І таму ва ўсіх трохі сціснула дыханне, як перад першым адчайдушным крокам у ледзяную ваду Дняпра.

— Мяркую, паны не змянілі сваёй думкі аб тым, што галавой падспуднай рады і ваяводам прызначаны я? — спытаў Раўбіч.

— Не змянілі.

— Тады слухайце. Грунтам для майго плана было ваша паходжанне, панове, — сказаў Раўбіч. — Тыя мясціны, у якіх вы пачалі збіраць свае групы. Свае будучыя загоны. Веданне мясцовасці і людзей — вось ваша неацэнная перавага. Таму я і схіліўся да дыспазіцыі, якую прапаную вашай увазе. Адхіленні ад прынцыпу паходжання — невялікія, і тыя людзі будуць кіраваць унутранымі атрадамі, наводзіць парадак, прыходзіць на дапамогу тым, каму будзе цяжка. Трымаць асявую лінію Дняпра ад Лоева да Дуброўны, сто семдзесят — сто восемдзесят вёрст па птушыным лёце. Калі ж улічыць усе лукавіны Дняпра, то ўдвая больш. Сачыць пільна, каб не праляцеў пясчанік-кулік. Трымаць моцна, як трымаюць уласнае дзіця.

Паны слухалі ўважліва і змрочна.

— Дык вось, — сказаў Раўбіч. — Сухадол — гэта фарпост. Гэта вузел. Адсюль пачынаецца асявая лінія Сухадол — Загоршчына — Вежа — Дошчыца. Яе трэба трымаць, калі прарвуцца з-за захаду ці ўсходу. Пакідаць за сабою — любою цаной. Калі яна падзе — гэта клін, гэта меч у цела паўстання. А Сухадол — рукаяць гэтага мяча. І таму я пакідаю яго за сабой. Другое, што нам трэба адразу зрабіць, — гэта адбіцца ад магчымых сікурсаў, ад падмацаванняў, якія абавязкова пойдуць на дапамогу ўрадавым войскам… у той мех, які я, з вашай дапамогай, мяркую ўчыніць ім.

— Як? — спытаў Мнішак.

— Глядзіце. Пан Біскуповіч з наваколляў Елянца. Паўдзённы край майго ўчастка даходзіць да вас. Я трымаю гэтую лінію, і частку асявой лініі Дняпра, і ўчастак па Друці. Вы бачыце?