— Бачу, — сказаў Біскуповіч.
— Пан Вірскі з Даўгалесся. Вы трымаеце Дняпро на дваццаць вёрст на паўночны захад, дзе мост па гасцінцы Гомель — Глінная Слабада (вельмі важна), і на паўднёвы ўсход, прыблізна да Холмечы і Старадубкі.
— Помню, — сказаў Вірскі.
— Пан Якуб Ваневіч.
— Слухаю вас, — грузлы крамяны Ваневіч паклаў руку на кут між Дняпром і Сожам.
— У вас другі па важнасці вузел. Трэць усёй справы залежыць ад вас. Авалодаць сваім рогам, трымаць яго жалезнай рукой — на што атрымаеце ледзь не найбольшую дапамогу людзьмі і зброяй — і не дапускаць сікурсаў з поўдня.
Раўбіч вёў лінію паўздоўж ракі…
— Прашу паноў улічыць: вы ўсе седзіцё на левым, пераважна нізкім беразе Днепра. Таму ўсім нам давядзецца загадзя авалодаць усімі ключавымі вышынямі гэтага берага. Я павінен паклапаціцца аб умацаваннях Доўгай Кручы, Гарадзішча, Чырвонай Гары, Спароўскіх вышынь, Луцкіх гарбоў і гэтак далей. Вы, Біскуповіч, авалодаеце Выбаўскімі і Смыцкімі. Ад Рэчыцы да Лоева асабліва цяжка, бо там пяцідзесяцісажнёвы абрыў грады падыходзіць з варожага боку амаль да ракі, а ў нас мясцовасць нізкая і забалочаная. Дадатковая цяжкасць для вас, Ваневіч, але вы былы афіцэр, ды яшчэ са здольных. На першы раз вам паможа забалочаная мясцовасць і нетры. Паколькі пачнем вясной, а разліў там часам дасягае шасці вёрстаў ушыркі — гэта дасць вам неабходны спакой на той час, пакуль мы будзем наводзіць парадак. Падбайце толькі аб тым, каб звесці пад сваю руку, на ўсе высоты, якія ў той час будуць астравамі, усе магчымыя плыўныя сродкі. Каб вы мелі поўную свабоду для манеўравання, а вораг яе не меў… Я разумею, не ўсё на вайне выходзіць так, як на паперы. Але ж, ва ўсякім разе, павінен быць план і наша вялікае імкненне зрабіць усё, што ад нас залежыць і што ў нашых сілах, каб наблізіць яго да рэчаіснасці.
— Разумею, — сказаў Ваневіч.
— Ваш левы фланг, Ваневіч, змыкаецца з правым флангам суседа ля самага Гомля. Там якраз край шасцідзесяцісажнёвага плато падыходзіць да самай ракі. Там скрыжаванне дарог, якое трэба трымаць нават коштам жыцця… Пан Яноўскі з-пад Радугі.
Яноўскі, які нервова і горача абводзіў усіх густа-сінімі вачыма, ледзь не ўскочыў з месца, пачуўшы сваё прозвішча. Ён быў самы малады з усіх. Яму было дваццаць год.
— Ведаю, — заспяшаўся ён. — Гэта лягчэй. Высокі край плато. І цяжэй. Скрыжаванне шляхоў на сцюдзёную Гуту — Ярылавічы — Чарнігаў, на Улукаўе — Карму над Харапуццю, на Вузу — Караблішча і на Баршчоўку Рэчыцу — Перасвятае.
— На апошнім шляху вам памо жа Вірскі. На Сцюдзёнагуцкім — Ваневіч, на Караблішчанскім шляху — толькі мінімум перасцярогі. Ён будзе ляжаць цалкам у нашай зоне… Але вам і без таго будзе цяжка.
— Ведаю, — сказаў Яноўскі. — Памром, а не адступім.
І густа заліўся чырванню. Пашкадаваў, што кінуў апошнія словы.
— Пан Вітахмовіч, вы трымаеце ўчастак Чачэрск — Карма — Гайшын — Прапойск. Ён зручны вышынямі, але нязручны лясамі.
— Спалім, — спакойна сказаў Вітахмовіч. — Папярэднім летам, у засуш, пусцім пал.
Паны глядзелі на мапу і пачыналі разумець Раўбічавы меркаванні.
Раўбіч называў і называў участкі і прозвішчы, і ўрэшце пятля замкнулася. Акрэслены чырвоным алоўкам, шырэйшы зверху і вузейшы знізу, ляжаў на мапе кавалак зямлі: няроўны крамянёвы нож, накіраваны вастрыём на поўдзень.
Усе моўчкі глядзелі на з'езджаны, па сто раз бачаны, але цяпер такі незвычайны кавалак зямлі. У сініх стужках рэк, у зялёных плямах пушчаў, у кропках вёсак і гарадоў. Родны край.
Цяжкая, ахопленая жалезным бранзалетам, Раўбічава рука лягла на Сухадол і наваколле.
— Тут — цэнтр. Тут пачатак. Пан Мнішак — гэта сувязь і ўзаемаадносіны між атрадамі, — Раўбіч усміхнуўся. — Галава кур'ераў, дымавой сувязі і агнявых віцаў… Па Дняпры ўжо створаны ядры будучых атрадаў, групы Турскага, Севярына Юдэніча, Вітахмовіча-Драгавінскага і Ракутовіча.
Людзі маўчалі, засцяроджана пускаючы дым.
— Мы прыдбаем стрэльбы самі. Скажам, малёўскія склады зброі нам не па зубах. Астаюцца два арсеналы, узяўшы якія мы ўзброім сябе і абяззброім ворага. На самай поўначы і на поўдні. Горкі і Сухадол. На Сухадол нападу я і загоны Турскага і Вітахмовіча-Драгавінскага. Івіцкі-Лаўр разам з Севярынам Юдэнічам наваляцца на Горкі.
— А магілёўскія палкі? — спытаў разважлівы Эсьмон.
— Не думаю, каб яны рызыкнулі кінуць горад. Пажар успыхне ў розных месцах. Адначасова з нападам на арсеналы нашы людзі зробяць падманны выпад у бок Магілёва…