— Табе холадна, — сказала яна. — Кладзіся таксама сюды.
Ён лёг і адчуў яе побач. Подых з яе вуснаў часам нібы гладзіў яму шчаку, а побач, зусім блізка, блішчалі ў змроку яе вочы. Гэта было прыемна. І адначасова страшна.
— Ты накідай на сябе сена. А то давай я раскручуся і дам табе частку плашча.
— Не, — сказаў ён.
Яна нічога не разумела. Яна проста забыла пра ўсё ў хвіліну сумеснай непрыемнасці. Сябру было дрэнна, і яна прапанавала. Але яе шэпт здаваўся яму іншым, не такім, як пры сонцы, а прапанова спалохала так, што яшчэ некалькі хвілін ледзяныя хвалі страху падымаліся аднекуль ад ног, заліваючы сэрца.
Гэта было немагчыма: легчы з ёю побач, пад адным плашчом. Гэта было, як мяжа. І невядома было, што тады рабіць, як гаварыць, як заўтра паглядзець у вочы?!
Дый ці будзе яно яшчэ, тое заўтра, пасля такога найвялікшага ў свеце блюзнерства.
Вядома, не будзе.
Вецер веяў і веяў у шчыліны. Свежы і халодны, ён прабіраў наскрозь.
— Зусім ты нядобры, — сказала яна. — І самому халодна, і мне. Злуешся на мяне?
— Не.
— То чаму?
Алесь лёг у ямінку побач з ёю.
— Бачыш, так цяплей.
Ён прыціснуўся да яе бокам, адчуваючы пах яе скуры і пах піжмы, канюшыны і нібыта медуніцы. Ён адчуваў яе цеплыню і цеплыню сена, а вецер цяпер толькі зрэдку гладзіў ягоны твар.
Гэта было толькі як наканаванне, за якім ішла цемра і ўсё самае жахлівае, што магло быць на зямлі.
— Ну вось, цяпер добра. Я засну цяпер, — сказала яна.
Прамуркатала і заціхла. Пакінула яго аднаго.
Калі ён прысунуўся бліжэй, яна нешта муркатнула ў сне і даверліва прыціснулася да яго.
І тут ён зразумеў, што не можа, не павінен аддацца ва ўплыў гэтаму невядомаму, за якім канец усяму. Ён адчуваў, што назаўсёды перастаў бы паважаць сябе, што падмануў і растаптаў бы самае лепшае, што было дадзена кімсьці яму і ёй.
Але ад гэтага гора яго не было меншае.
— Божа, вызвалі мяне… Вызвалі мяне… Вызвалі…
Насланнё згасала і на згасала ў пакутным болю. І ён тужыў за ім, але што, што было рабіць…
За шчылястымі сценкамі зноў узнік незразумелы шум, а разам з ім — галасы.
"Адкуль? "
Ён асцярожна падпоўз да сценкі.
Наступная сіняя бліскавіца вырвала з цемры тое, чаго яны не бачылі з-за адрыны, калі пад'язджалі да яе. Бо адрына стаяла ў самым вузкім месцы галявіны, закрываючы ўсё астатняе.
Алесь убачыў маленькі ставок, грэблю і аксамітную страху млынка. Зусім недалёка. Сажняў за пяцьдзесят. Значыць, шум млынавога кола заглушыла сцяна дажджу.
Сцежка, па якой яны выехалі да адрыны, мела працяг на другі бок. Тут адно рзгалінаванне яе ішло да млына, а другое знікала ў лесе. І на скрыжаванні… ён заўважыў гэта пры другім усплёску маланкі… стаялі два чалавекі. Высокая жанчына ў чорнай хусціне і стары ў белым, па ўсім відаць — жабрак.
Вада залівала ўсё між стваламі, і калі наступная маланка секанула цемру, усё між дрэў і на паплаўцы ўспыхнула. Нібы зямлю залілі расплаўленым срэбрам.
Стары стаяў, прыкрыўшы крысом світкі ліру. Доўгія вусны падалі ніжэй барады.
"Дзе гэта мы? — падумаў Алесь. — Няйначай, гэта Паківачоў млын".
— Пойдзеш гэтай сцежкай, — сказала жанчына ўладна. — Берагам Папараці зараз нельга. Там дзве кладкі нізкія. Іх заліло. Ды тут нават бліжэй. Праз гадзіну выйдзеш да Дняпра.
І паказала рукою ў нетры.
— Бывай і прабач. Справа пільная. Лапаты цябе і сагрэюць, і накормяць, і адплацяць за ўсё. Ды я не забуду. Не першы раз, дзякуй богу, памагаем.
— Але ж.
— Баркалабаўскім, калі будзеш там, перадай: хадзіць пакуль не трэба. Скажы: воўчыя красы ў жніўні… А Лапатам скажы: на пэўнай хароміне хутка чырвоны Будзімір заскача, шэранькага Варгана да кучаравых божых авечак пусціць.
— Добра.
— Таму што, перадай, той, хто трэба, уцёк. З таго месца ўцёк, дзе людзі шышкі ядуць, а ў бочцы плаваюць… Ну, ідзі.
Жанчына тройчы пацалавалася з жабраком. Наступны ўсплёск азарыў белую постаць, што ўваходзіла ў лес, і чорную вялікую постаць жанчыны, якая прамавала да млына…
Алесь вярнуўся на сваё месца і, прытуліўшыся да Майкі, пачаў думаць. Некуды зніклі і жах, і насланнё. Ён проста адчуваў яе побач з сабою, слухаў яе ціхія ўздыхі і баяўся за яе, бо адчуваў, што вакол пануе небяспека, што ў гэтым лесе і гэтым млыне пануе, жыве і крадзецца да адрыны нешта нядобрае і пагрозлівае. І ён баяўся за яе, бо адчуваў: яна па-новаму бязмерна дарагая яму. Стала такой пасля гэтай ночы жаху і наслання. Але ехаць адразу таксама было нельга. Яны нагоняць жабрака на лясной сцежцы, спудзяць яго і гэтых людзей, якія рыхтавалі нейкую сваю цёмную справу. А за сценамі дождж. Хочаш не хочаш, а трэба было ляжаць.