І ён ляжаў, не адчуваючы нічога, акрамя бязмернай пяшчоты і дабрыні, якія аж не змяшчаліся ў сэрцы.
А знадворку раскалваўся, трапятаў ва ўспышках, узнікаў і зноў паміраў у цемры, бурыўся свет.
…Дождж, здаецца, суняўся. Алесь разбудзіў Майку і, захутаную, падсадзіў яе на Касюньку.
Скіраваў коней на сцежку, на якой знік баркалабаўскі старац.
Яны ехалі доўга, бо Алесь увесь час стрымліваў коней. Але кожнай дарозе бывае канец, і ўрэшце лес скончыўся. Налева цурчала Папараць, а перад імі, далёка, трапяталі бліскавіцы ў чорных глыбінях Дняпра.
I тут, калi яны ўжо лiчылi, што ўратавалiся, неймавернай сiлы ўдар раскалоў неба над iхняй галавой. Аглушаныя, залiтыя сляпучым святлом, яны не разумелi, дзе яны i што з iмi. А калi расплюшчылi вочы — убачылi, што пярун кiнуў свой распалены молат проста ў вялiзны сухi дуб, якi стаяў ля дарогi, за нейкiя дваццаць крокаў ад iх.
Сухадрэвіна раскалолася ад верхавіны і амаль да кораня, расшчапілася трохі і асталася стаяць. А полымя заліло дрэва, нібы лаваю, і па расколіне паліўся ўгору паток агню. Чырвоны, плоскі, схаваны ў чорнай расколіне, ён нагадваў вадаспад, які бяжыць з падножжа на вяршыню скалы…
Раўло і цягнула да хмар. Плыла ў неба распаленая вогненная рака.