Выбрать главу

— Прывыкнеш, — працягнуў Павал. — Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа…

— Куды гэта Алеся забяруць? — спытала дзяўчынка.

Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.

— Iдзi ты, Янька, — з прыкрасцю сказаў Павал. — Што ты ведаеш?

— Куды яго забяруць? Ён жа наш, — у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.

— Наш, ды не зусiм.

I тут Алесь ускiнуўся на калені.

— Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi-дурнiчкi?!

На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамi — свету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.

Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.

— Не трэ-э-э… Але-е-е… Па-а-а!!!

За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш "мужэска полу", Юрась Кагут.

Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.

I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.

Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:

— Э-к, важна…

I пайшоў да дзяўчынкi:

— Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў… Бач, запырскалася ўся.

Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з'явiлiся слёзы.

— Дурнi, — сказаў ён, — напалохалi дзяўчо. I ты дурань… Дурань ты, вось хто… Калi я не ваш, дык я i пайду… Не вельмi трэба… Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi — з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.

Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.

— Чакай, — сказаў Павал. — Давай памагу… Ты… даруй…

Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.

— Паўлюк, — цiха спытаў Алесь, — няўжо возьмуць?

— Не ведаю, — няшчыра сказаў той. — Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.

Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.

— Дзецi, — прагучаў голас з адхону, — досыць вам боўтацца: вярба са с… вырасце.

Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.

— Вылазьце, цi што?

Яны, дзядуля, зараз, — вiскнула Янька.

Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.

— То добра. Вылазьце. Я пайду.

Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.

— Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, — хаваючы вочы, сказаў Алесь.

Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка.

Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.

На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё.

У Алеся балюча сцiснула горла.

— Хадзем, — цiха сказаў яму Павал.

…Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай "П". Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.

Арабiны i вiнаград — так завуць у Прыдняпроўi карычку[4] — буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.

Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.

вернуться

4

Какалуша, iрга.