Што за вербачкі там, ля даліны?
Ці не вы гэта, Перавалокі?
О як ціха! У гуле чмяліным —
Толькі я ды аблокі.
. . . . . . . . .
Тут усё
душу маю гоіць.
Гай —
хвоі вечным спакоем
i карою сіняй асін —
гоіць;
Караністая сцежка
(унь прабягае па ёй мурашка
з рыжай хваёвай іголкай)
гоіць;
Божая кароўка, што з неба ўпала
мне на рукаў,
(андрэйка, андрэйка,
пень ці калода,
дождж ці пагода?)
гоіць;
Бяссмертнікаў i павояў лапінка
на леташняй пасадцы сасны
(тут рай матылям i яшчаркам)
гоіць;
Трыпутнік i лебяда,
васілёк i зялёнае жыта
над глухой баразною
гоіць.
Поле маё — гоіць,
Дарога — гоіць,
Неба — гоіць.
(На душы маёй — раны, раны.
Мусіць, таму, што дала мне маці душу,
танчэй ад мембраны.
О, хто яе не чапаў,
не рваў яе абцугамі!
О, хто яе не таптаў,
не лазіў па ёй з нагамі!)
Сёння ўсё,нават паветра маёй Зялёнай Дубровы,
душу маю
гоіць.
А найлепей за ўсё
самы стары i самы выдатны на свеце доктар —
праца любая —
гоіць.
. . . . . . . . . . . . . .
Я — успомніў сябе.
Я ж — сялянскі дзяцюк.
Якая моцная ў мяне рука!
Ляціць па вёсцы — цюк, цюк! —
Стук майго малатка.
Як гуляю, раблю. Праца — дар.
(А здавалася, што ўжо зусім я ў паперах зачах.)
Як хораша жыць. Я — гаспадар.
Я сам расту ў сябе ў вачах.
. . . . . . . . . . . .
Потым ускіну на плечы касу —
У траву, у расу
Панясу.
Сілай мераючыся,
Стану з дзядзькамі вясковымі ў рад,
Рад.
Недзе там, за Канаваю,
Не затоптаны мо, як след,
Стыне мой след.
Колькі там пабывала вятроў,
Праляцела снягоў!
(Паспрабуй злічыць!)
Толькі радасць дзядоў,
Што свой хлеб мазалём здабывалі,
Я не здолеў забыць.
За шмат год не прыжыўся
(мо гэткі падвой?)
Я на глебе другой.
Што рабіў я,
не ведаў,
нашто я раблю.
Я любіў
i не ведаў,
ці праўда люблю.
Галава ўжо была
у мяне — не мая,
I рука мая
не мая.
Я не ведаў,
дзе я,
Дзе —
не я.
Павуціну,
што, быццам бы кокан,
мяне начала аплятаць,
Я рашыў разарваць!
Адуванчык, свяці,
ліст, спявай на вярбе —
Я вяртаюся
да сябе!
Намянташу касу,
абатру расой
I пайду —
адхінайся, калгасны мой луг! —
Паласой,
Паласой.
Буду кідаць, як вежы, стагі,
буду поле, што пахне дажджамі,
араць.
Буду кожны свой дзень
(што нясуць жаўрукі),
нібы свята,
страчаць.
Тут, пад Сонцам маім,
у вялікай сяўбе,
Адшукаю сябе!