Выбрать главу
* * *
У мяне ёсць мара глыбінная: Здаць мясцкому ўсе ключы I з сталіцы, як з лабірынта, У лясныя нетры ўцячы.
Пасяліцца ля песні чыстай — Нетаропкага ручая, У сядзібе зялёналістай Бестурботніка — салаўя.
Ды пакуль пачакайце, Лясныя нетры, Ручаёк булькатлівы, Баравое паветра.
Я шчэ маю сяброў, Без якіх                 мне нідзе                 не ўсядзіцца, не ўспіцца, Я шчэ недругаў маю, З якімі                 ніяк не магу                 не счапіцца!

Вырай

* * *
Далёка ад азяродаў,                 там, дзе між хмарамі-марамі                 зоркі ледзь-ледзь мігцяць, Гусі — га-га! — ляцяць. Над прыгорбленымі стрэхамі                 (што маўчаць каля ліп нерухомых), Над гразёю — аж дрыжыкі! — вуліц,                 над блішчастых лужын холадам, Над гарадамі-сотамі                 (дзе ў светлых ад электрыкі вокнах                 снуюць людзі ў піжамах бяссонна), Над соткамі                 (якія хавае змроку заслона), Над прыазёрнымі чаратамі,                 над маякамі,                 над вякамі, Як гуслі — Гусі. У вырай, у вырай, у вырай — Гусі ляцяць. Ізноў ім, ізноў ім, ізноў ім                 за далячыняю далячынь Звонкім ключом адмыкаць. Будуць пад імі плысці                 рэк паясы                 i ветрам абсвістаныя даліны Украіны. Ca сваёй вышыні                 яны павітаюцца З аграмадай-Эльбрусам                 пад белым абрусам. Пройдзе паціху Пад крыламі іхнімі, Як Зямлі блакітная латка, Адрыятыка. А там —                 мурожнай саванай-выганам —                 гэй, прапусці, маладая вясёлка-арка! Афрыка... Далёка ад азяродаў —                 што ім дарогі i межы,                 што ім граніцы дзяржаў! — Гусі ляцяць. Дзікія гусі                 ляцяць.
* * *

Памяці Л. Баразны

Жыў хлопец. Мастак. I былі ў яго скарбы — Вялікае сэрца i ў скрыначцы фарбы! Браў пэндзаль у пальцы ён не для забавы: Хацеў ён людзям трошкі сонца прыбавіць, Адкрыць неадкрытыя колеры радуг I ў сэрцах пасеяць яшчэ адну радасць! Ды вось — перастрэлі хлапца два тупіцы, I свет, што ў фарбах ляжыць яго,                 больш не раскрыецца!.. О, людзі, высокае племя! Па-брацку Нам трэба б за рукі ўсім разам пабрацца... Няўжо не асілім мы гэтую крыўду людскую —                 заўчасную смерць?
Лісце
На дрэве — лісце. Добра ў небе сінім. Пра вечнасць сні...                                 Але раптоўна — сівер, I ліст за лістам — у траву, у прах. А мы?                 Не, мы — не лісце на вятрах!
Зярняты
У поце, у працы здабыты зярняты. Нямыя, драбнюткія, спіць у вас Заутра. Спіць Час, сняць Падзеі, мае ўсе надзеі.. Хаця б зберагчы вас ад лютай завеі.
* * *
He веру я, што ў нейкі век Уладу возьме атам I сваё месца чалавек Саступіць аўтаматам. Я знаю, прыйдзе час, калі На злосць расістам розным Скрозь запануе на Зямлі Непераможны розум!
* * *