Чалавек — бог,
Чалавек — раб.
Чалавек скруціць Казбек у рог,
Чалавек на нагах не трымаецца:
так аслаб.
Чалавек, чалавек —
Загадка,
якую разгадваю век.
Я ведаю пэўна:
ёсць у чалавека сіл незлічоных скарб,
Ды часам ix кіпцюрамі сваімі
трымае раб, як краб.
I так спраку веку —
Ідзе вайна жорсткая (хоць i нябачная)
у чалавеку.
Змагаюцца бог i раб,
Сіла i слабасць,
Святло
І тло.
Хто — каго?
Хто — каго?..
О якім бы прыгожым быў свет,
Каб
У чалавеку
Загінула ўрэшце немач яго —
Раб.
І перамог
Прыроднай яго ўсемагутнасці бог!
* * *
Аднекуль з-пад воблачка —
любуйся любы! —
Злятаюць на мой падаконнік
птахі нябёс — галубы.
Чысцяць дзюбамі пер'е — вур, вур.
Абадкамі вачэй
ловяць раніцы сіняву.
Галубы, галубы —
Яны ніколі не вешаюць галавы.
Яны сумаваць не ўмеюць,
галубяцца
любою
парою.
Натряпяць на хлеба скарынку —
падзеляць заўсёды
пароўну.
Я ніколі не бачыў,
каб біліся яны між сабою
За ежу ці месца
для гнёздаў сваіх пад страхою.
У жыцці для ix
многа не трэба:
Адно
блакітнае неба!
Жывуць у ім, купаюцца ў ім.
Калі ж адпачыць захочуць,
Злятаюць на мой падаконнік
I — ціха вуркочуць.
Вуркачыце ж сабе,
вуркачыце —
Людзей жыць
вучыце.
* * *
Усё паўтараецца з веку ў век:
Ад зары да зары
птушкі пяюць бесклапотна на дрэвах,
A ўначы засынаюць спакойна
на голлі між роснага лісця.
Спяць і, мусібыць, сняць,
як i ўсё на зямлі, пра шчасце,
Нават i блізка не падазраваючы,
Што ў гэты час прачынаюцца іншыя птушкі — совы,
(Хаця якія гэта птушкі —
яны ж i спяваць не ўмеюць!),
Лётаючы ад дрэва да дрэва,
яны свае прагавітыя кіпцюры
упускаюць у птушак сонных —
I гіне за песняй песня.
Раніцай зноў прачынаюцца ўцалелыя птушкі
I, не заўважыўшы нават,
што гэта ж няма ix сябровак,
i зноў бесклапотна пяюць, на дрэвах.
Птушкі, як вам сказаць пра небяспеку?
* * *
Ліст
легкакрылай чайкой
З клёна — свайго гнязда —
Ляціць у палёт...
Ды страчае
Яго
каляін вада.
Ніяк ліст паверыць не хоча
У несправядлівы лёс.
I доўга ў вадзе лапоча,
Рвучыся
у сінь нябёс.
* * *
Бываем мы часам,
што пушчы, запушчаны,
Ідзём па свеце,
як невідушчыя.
Нават ад чорнага
белае
Не заўсёды адрознім
смела.
Мы блытаем, блытаем
вечна
Авечку
з воўкам у скуры авечай.
I часта —
ад роспачы як не крыкну
Прымаем за чыстую праўду
крыўду.
Ля сэрца нават
яе хаваем,
Яе гадуем,
яе люляем,
Покуль яна —
крыўда ёсць крыўда! —
Нам жа пад сэрца
нож не усадзіць
крыва.
* * *
Жыццё пражыць —
не поле перайсці.
Усё тут будзе:
i любоў, i здрады,
I сад, якому зноў i зноў цвісці,
I песня, i ярмо, i барыкады!
Саксаул
Слаўлю саксаул я:
i ў пустыні,
Дзе вятроў раз'юшаных разгул,
Ён прабіўся скрозь пяскі крутыя
І цвіце па-свойму,
саксаул.