Выбрать главу
Яму, такому таўсцяку, Што толькі спіць у халадку, Гукнём: зарос ты плесняю! Аддай стырно маладняку — На пенсію! На пенсію!
Амаладжаецца жыццё, Нібы на дрэве тым лісцё!
Аб «добрай» маці i няўдалым дзіцяці
Сын як сын спачатку быў: Мілы, круглы, жвавы. Малако праз соску піў Ды крычаў на славу.
Рос, i маці праз хлапца Нават сну не знала: Пхала сыну без канца Піражкі ды сала.
— Eш, сынок, каштуй, смакуй... — Выпі на, мой коцік... — Можа, хочаш кісяльку? — Mo падаць кампоцік?
Лез Мікола у пясок, Дол капаў лапаткай. Маці: — Божа! Кінь, сынок, Кінь яе, дзіцятка!
Ну, хіба ж майму сынку Ды займацца гэтым? Будзеш некалі ў мяне Ты інтэлігентам!
Землякопам жа? Ого! Трактарыстам? Што ты! Ці ж для розуму твайго Чорная работа?
На гарачых піражках, Перніках без ліку Вырастаў як на дражджах З Мікалайкі — Міка.
Па двары ганяць футбол Толькі ён i ведаў. Забіваў часамі гол... У вакно суседу.
А ледзь ён за малаток Ці сякеру браўся, Маці зноўку: — Кінь, сынок, Лепш з мячом бы знаўся!
Ну, хіба ж майму сынку Ды займацца гэтым?
Будзеш некалі ў мяне Ты інтэлігентам!
Сталяварам жа? Ого! Цесляром? Ды што ты! Ці ж для розуму твайго Чорная работа?
Скончыў Міка школу тут, Кніжкі ў кут закінуў: — Што ж ты, маці? У інстытут Уладкоўвай сына!..
Толькі справы дрэнь былі У «інтэлігента»: Як ні лез, не прынялі Міку у студэнты.
Бедавала маці год, У слязах была ўся. — Mo, сынок, хоць на завод Ты цяпер падаўся б?
— Як?! Быць токарам? О не! Цесляром? Ды што ты! Хіба ж гэта для мяне Чорная работа!
Адтапырана губа, Каля шыі — банцік. Крочыць ён шукаць забаў, Рэстаранны францік.
А работа? Напляваць! Пыл там, дым — страшэнна! Лепш ён будзе зарабляць... Ля чужых кішэняў.
Так i сноўдаўся, як цень, Каля цёмных вуліц, Ды аднойчы за каршэнь Узялі «чысцюлю».
Ну, a маці? Цэлы дзень Валасы рве, енчыць: Хто, скажыце, людцы, й дзе Мне дзіця скалечыў?..
Замачылі
Купіў сабе касцюм Савось. Лаўсанавы, чын чынам. Прыбраўся ў новае i вось Шыбуе ў парк хлапчына.
Ды тут насустрач дружбакі. Няўжо Савось, ну й лоўка. Віншуюць хлопца ў дзве рукі: — З абноўкай, брат, з абноўкай!
Хадзем замочым — важны ж факт! Як? Без замочкі пойдзеш? Дык ён рассохнецца ж, А так Не зносіш за стагоддзе!
Над круглым столікам «Зары» — Насы як памідоры. П'юць, не шкадуючы, сябры За Саўкавы уборы.
Ноч, а яны ў «Зары» яшчэ: — Падбавім мо? — Падбавім! I ў шклянкі зноў цячэ й цячэ Гарэлка для забавы.
Бязлюдна ўсюды. Ціха скрозь. Ды вось у змроку мутным Ідзе зігзагамі Савось — За сем кварталаў чутна.
Ідзе, i ўжо сваіх двух ног Тут малавата хлопцу. Савось на ўсіх на чатырох Гразь па завулках топча.
Назаўтра ўстаў i аж абмяк: Штаны — хоць ты выкручвай, А там, дзе кінуў ён пінжак, Ляжаць адны анучы.
З адчаем Саўка ў грудзі б'е, Глядзіць на ўборы слёзна. Кляне сяброў, кляне сябе, Ды толькі вельмі позна!
Хаця б чаго не выйшла
Жыў ціха Стах, не меў заўваг. Зайздросцілі ўсе Стаху. Ды толькі быў надзелен Стах Залішняй дозай страху.
Не бачыў ён ні зорак-воч, Hi ў белай пене вішань. Адно тачыла дзень i ноч: Хаця б чаго не выйшла!
Выходзіць з дому ў горад Стах, I мроіцца ўжо Стаху: Вось на яго — трах-тарарах! — Наехаў МАЗ з размаху.