А пераход — перш чым ступіць,
Паўдня ў якім зацішшы
Ён, трасучыся, прастаіць:
Хаця б чаго не выйшла!
Да жонкі прыйдзе: легчы б як
Хацеў ён пры каленях.
А што як вырасце сям'я
Ад гэтага хацення?
О не! Хоць жонку i люблю,
Ды дзеці ж — вэрхал лішні.
Лепш дзе пад плотам перасплю:
Хаця б чаго не выйшла!
Для драмгуртка аднойчы Стах
Стварыў знянацку драму.
Ды што як будзе яна — жах! —
Нe даспадобы Саму?
Мо перагнуў? Ці не дагнуў?
I, каб не думаць лішне,
Аддаў ён свой жа твор агню:
Хаця б чаго не выйшла!
Пра той яго ідэйны гарт
Дайшла да клуба чутка.
— Ну, што ж,— сказаў загадчык,— варт!
I меў ён крэсла хутка.
Стаў сам камандаваць гуртком,
Ды, пост свой уявіўшы,
Закалаціўся ўсім нутром:
Хаця б чаго не выйшла!
Прыносяць п'есу — будзь здароў!
Не твор, даводзяць,— глыба!
Зладзеяў, лежняў, махляроў,
Як трэба, б'е па хібу.
Ну, ну, а што, калі й па мне
Той глыбай найвялікшай?
Адразу візу тут? О не!
Хаця б чаго не выйшла!
Ім візу даць? А што, як тхор
Які зарыт тут? Візу!
Ён месяц з лупай гэты твор
Разглядваў — зверху, знізу.
I вось здалося: твор запах,
I праўда, псінай згніўшай.
0, пахаваў яго тут Стах:
Хаця б чаго не выйшла!
Ды тут сказалі Стаху: брат,
Дзе ж ежа для тэатра?
Гарыць аматарскі тэатр!
Куды ж такое варта!
Збялеў наш Стах: i як тут быць?
Мо ён на свеце лішні?
Вяроўку ўзяць? Ці далей жыць?
Хаця б чаго не выйшла!
Ахвяра букваедства
Як людзі, жыў Антось, ды вось
Пачуў параду ў свеце:
— Глядзі, ніколі не вынось
З уласнай хаты смецце.
Прывык Антось любіць статут,
Жыў нават па раскладу.
Таму пачаў адразу тут
Ажыццяўляць параду.
Усё у хаце ён цяпер
Захоўваў да смяцінкі —
Атопкі, друз, цюкі папер,
Рыззё, шмаццё, скарынкі.
Да столі вырасла гара
Ў Антося таго смецця.
Тут схамянуўся ён: пара
Яго хаця б адмесці!
Ды позна: да дзвярэй бядак
Прабрацца ўжо не мог ніяк.
I каб праход сабе прыбраць,
Пачаў ён смецце ушчыльняць.
Ахапкамі старых газет
Даверху забіваў клазет,
А дробныя газеткі
Запіхваў у разеткі.
Так кідаўся ўвесь дзень, ды — гора
Не меньшаліся смецця горы.
Пад вечар, мокры да штаноў,
Упаў Антось без сілы.
Яго гарою рызманоў
У момант прыдавіла.
Брыгадай нейкаю праз дзень
Антось быў адкапаны.
Хто быў там, кожны шапку здзеў:
Памёр ён гэтак рана!
Ды як настаўніку свайму
Прыхільнікі гурбою
Да неба манумент яму
Узнеслі, як герою.
I ix навостраны тапор
На гэтым мануменце,
Каб зналі, выбіў так: «Памёр,
Але не вынес смецця!»
Ода одам
Не заводам,
Не параходам,
Не гарадам,
Не гародам —
Складаю я оду
Одам.
Якія ў ix стройныя строфы!
Якія ў ix трапныя тропы!
Як лоўка яны пад цябе падплываюць,
стругі!
Як вытанчана перабіраюць
душы тваёй струны!
Як дух узвышаюць заўсёды!
О оды!
Оды сталіцам,
Оды дварам,
Оды феліцам,
Оды царам.
Быў цар — чалавек.
Былі i ў яго хібы.
Як i ўсіх, браў яго одум.
Ды вось аддалі цара
одам.
Слоў агняцветных рэкамі,
марамі алею i мёду
Затапілі цара оды.
О як умелі хвалу пець оды!
Галаве — оды,
звілінам розным яе — оды,
вачам, якім за трыста гадоў наперад відаць,— оды,
Рукам, якім дадзена сонца наўкруг рассяваць,— оды,
брывам — оды,
вусам — оды,
вушам — оды...
Так услаўлялі оды цара,
так узвышалі,
так малявалі,
Аж пазнікалі ў яго ўсе бародаўкі, шрамы,
Вуглаватасці i радзімыя плямы,
Пайшло расці тулава ў неба,
у шырыню — плечы,
Запоўніўся лоб.
мудрасцю нечалавечай...
Вось так з чалавека —
ні мала, ні многа —
Оды рабілі
бога.
Шумелі оды,
Шалелі оды,
Ды на зямлю ўжо даўно прыляцелі
Інакшыя годы.
Ходзяць, скісшы,
Одапісцы:
Няма ўжо моды
На оды.
Няма i не будзе.
Хай людзьмі застаюцца людзі!