Выбрать главу
* * *
Ты пакрывіў душой —                 сказаў не тое, што думаў: Меркаваў, што ілжывае слова тваё —                 толькі кропля маленькая ў моры зла. А што калі кожны гэтак жа сама,                 змаладушнічаўшы,                 пакрывіць хоць раз у жыцці душой? З маленькіх кропелек гэтых                 утворыцца новае мора, якое — на колькі яшчэ стагоддзяў? —                 Перакрые дарогу                 да праўды.
Гузік
Хваліўся гузік ганарыста ўсім, Што цэлы свет                                 трымаецца на ім адным. А аказалася                                 (о гузік, гузік, як жыццё пражыў ён!), Трымаў ён                                 усяго штаны чужыя!
* * *
На дом дзівак Наводзіць лак, I — прыгажэе асабняк. Каму відно, што ўдзень i ўночы Яго пад лакам шашаль точыць!
Крот
Увесь свой век — у цемры крот, Грабе зямлю — ад году ў год. Не знае крот, што над зямлёю Сонца ходзіць залатое!
* * *
Жыццё адно. А мы — на чаркі, сваркі, На модны гарнітур, на гальштук яркі, На рэбус, на чарпак, на карамель Разменьваем яго, нібы рубель.

Я прыйшоў да вас...

У адбудаваным Мінску
Каханая, хутчэй Ідзём да плошчы блізкай: Не бачыў я яшчэ Такім, як сёння, Мінска.
Зірні, як вецярок Над роўным строем ліпаў З прысад, нібы знарок, Пялёсткаў рой рассыпаў.
Калі, не знаю сам, Бяру цябе пад руку, Як легка крочыць нам Па вычышчаным бруку.
Агнёў, глянь, колькі хтось Навешаў над праспектам. Аж ззяе ўсімі скрозь Ён колерамі спектра.
Які разгон — жыві! Усмешак — горад поўны. Ці ж быў бы без любві Наш Мінск такім чароўным?
* * *
Калі каханне, як світанне, Цябе пакліча на спатканне, Ідзі насустрач, не туліся За частаколам, у цяні: Раз ты баішся апячыся — Зусім не грэйся пры агні.
* * *
Скрозь вуліц i двароў хітраспляценні Давай збяжым з табою на цямку Туды, дзе танканогія алені Пужліва п'юць азёры з лазняку,
Дзе вецер — за лістком лісток — гартае, Як кнігу, крону белую вярбы I голас свой прарэзлівы, гартанны Бяруць у рыжым хмызе журавы...
З пастоў здымае раніца туманы I сонцам адчыняе далячынь. Хутчэй абмый расою твар заспаны, Бяжым, бяжым — у дарагую сінь!
Хай голле лоз зялёных б'е па твары, Дубцамі елак колкіх хвошча — што ж! У дальняй далі, пад грамоў удары — Не плач пра плашч — нас прапалошча дождж.
О ясны май, зялёны i люстраны! О сполахі высокія камет! Ці ж рамкай вузенькай телеэкрана Для нас сышоўся неабдымны свет?
Нам трэба спеў прастораў чуць заўсёды, Пад вольным небам бачыць — не ў кіно — Рачулак паясы i сонца ўсходы, Маланак пугі i лугоў радно.
Карціны лепшай не знайсці за тую, Што на самой зямлі вясна няўзнак Вясёлкавымі фарбамі малюе. Які зраўняцца можа з ёй мастак?