Туды, дзе ў дрэвах ходзяць светацені,
Дзе не змаўкае вечнае ку-ку,
Давай збяжым з табою на цямку
Скрозь вуліц i двароў хітраспляценні.
* * *
Не шкадуйце добрых слоў жанчыне.
Стрэўшыся,
кажыце ёй часцей
Аб яе красе,
аб дабраце,
Аб вачах яе,
чароўных, сініх.
З ружай параўноўвайце,
з вяргіняй —
I яна,
як кветка,
расцвіце!
* * *
Ты скажы — я адразу пайду
За цябе у агонь i ў ваду.
Я гатоў нават горы скрануць,
I мароз i спёку сцярпець —
Толькі б голас твой мілы чуць,
Толькі ў вочы б твае глядзець.
Што ні скажаш, усё зраблю —
Ты пабачыш, як я люблю;
За цябе ўсё аддам — загадай.
Аднаго не змагу, выбачай:
Прамяняць на цябе свой край.
* * *
He ідзі дахаты, пасядзі,
Паглядзі, якая ў небе ноч
I якія зоры, паглядзі,
На расянай руце каля ног!
I якія ліпы i сасна!
I які унь месяц на вярбе!
I якія ружы — бо вясна —
Расцвілі у сэрцы для цябе!
* * *
Я цябе, як песню, любіў,
Хмель круты тваіх вуснаў піў,
Да высокай зары над зямлёй
Я цебе ад верб не пусціў.
Думаў, вып'ю цябе да дна
У шырокіх, дужых руках,
Але ты для мяне была
Невычэрпная, як рака.
Зноў ішоў да цябе праз ноч,
Праз мяцеліцы, праз агні,
Да тваіх спагадлівых воч
I жаночай гарачыні.
Я цябе, як песню, любіў,
Хмель круты тваіх вуснаў піў
I да скону, відаць, табой
Галаву захмяліў.
* * *
Былі тады — ноч,
ты ў слабенькім паркаліку,
арэшнік,
Ды я, грэшнік.
A зоркі ўсе стаялі, як адна,
У возеры расчыненым, без дна.
A ў беразе праз сон (ці ад савіных лап?)
з адчаем
Крычала
чайка.
I вабна слалася нам да сцяжыны
Квяцістаю пярынай —
канюшына.
I ў шчасця свет вяла (так блізка блузка!)
Конікаў
язычаская музыка.
* * *
Ты мне казала:
— Без цябе дайду дадому, адыдзі!
А вочы гаварылі:
— Правядзі...
Ты мне казала:
— Ну! Без рук! Пусці хутчэй!
А твае рукі:
— Прыгарні яшчэ!
Ты мне казала:
— Не цалуй мяне, благі!
А губы зноў шапталі:
— Дарагі...
Ты мне казала:
— Што ты! Нельга! Цвёрда кажу я!
А сэрца стукала:
— Твая, твая...
I добра ўсё ж,
што ў часе залатым
Паверыў я
зусім не словам тым,
А твайму сэрцу,
трапяткім губам,
Рукам гарачым,
маладым вачам!
Я прыйшоў да вас
Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што за горадам ноч, як дзень:
Каля рэчак вербы не спяць,
Ясны месяц стаіць у вадзе.
Там, пры сцежцы, ажыны цвітуць,
Май шугае праз берагі.
Там дзве пары слядоў вядуць
У някошаныя мурагі.
Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што не раз можна ў свеце кахаць:
Гэта ўсё хлусня, ўсё мана,
Што любоў на зямлі адна.
Хай замерла зямля, як струна,
Хай замоўкла ў палоне сноў,
Цёплым крыллем махне вясна —
Расцвітаюць яблыні зноў.
Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што няма на зямлі небыцця:
Будзе вечна пад сонцам граць
Залатое кола жыцця.
Як заманліва ўсё наўкол!
Правады на слупах гудуць.
Недзе рэжа сінь ледакол,
Электрычкі па свеце бягуць.