. . . . . . . . . .
Прамчала ў зоры чарада гадоў,
Знайшоў я хлеб, займеў імя паэта,
Ды толькі мой, з маленства ўзяты, доўг
Застаўся неаплочаным
дагэтуль.
Ён сёння нават большы, як калі.
Усім, што ёсць,
i ўсім, што яшчэ будзе,
Я абавязан маці i зямлі
I вам, вяскоўцы,—
вечнай працы людзі.
Нібы з зямлі, вы ў гэты свет ішлі,
I — у сваёй глушэчы —
толькі й зналі,
Што рвалі пні,
уходжвалі палі,
Аралі,
сеялі,
палолі,
жалі.
Не бачылі вы й свету прад сабой:
Еў пот вам вочы,
пёк сляпень ахвоча,
Ды ў поле зноў ішлі —
з кляцьбой, з мальбой —
Ад веку ў век,
ад ночы i да ночы.
Вас, ціхіх, вас, даверлівых, сляпых,
Заўсёды толькі ёрмы i чакалі,
Шмат ездзіў хто па вас — цярпі, цярпі! —
I ўсюды пасвіў вас бізун
вякамі.
Вы моўчкі неслі сваю скаргу ў дол —
Мой край,
ты быў, як камень, безгалосы.
Скрыпелі толькі сохі навакол,
Званілі толькі ў балацінах косы.
Ступіў цяпер век іншы да сяла —
Даўно струхнелі сохі,
i прасторы
Ад краю i да краю заняла
Сягоння песня новая —
маторы.
Ёсць хлеб у вас — яго вам даў не бог!
Ды жывяце вы ўжо
не толькі хлебам.
Вам трэба песня,
шырыня дарог
Ды вольнае, без бамбавозаў неба...
Да вас, ледзь хвіля вольная,
бягуць
Мае сцяжыны —
жытам, верасамі.
Як хораша ізноў тут сэрцам чуць
Мне вашу мову —
простую, як самі.
Прысяду каля цётак i дзядзькоў —
Пальецца рэчкай вольнаю гаворка.
Усё, што на душы ў землякоў,
Вазьму да сэрца —
горка ці не горка.
I тое, што ў Падзерах паплавы
Ўзараны «Сельгастэхнікай» не ўзорна,
I што ад хіміі,
замест травы,
Пчол гіне цьма —
«унь ля вуллёў аж чорна»,
Я слова кожнае злавіць спяшу,
Каб знаць, вяскоўцы, клопат ваш i жыцце.
Той клопат — ён i мой,
i я прашу:
Кажыце мне пра ўсё, як ёсць,
кажыце.
Запомню ўсё, нічога не міну:
Праслаўлю дзень наш — сонечную
птушку,
A раўнадушша, подласць i ману
Вазьму я на пяро,
нібы на мушку.
Для праўды чыстай, што без пазалот,
Я адчыню ў радках шырока дзверы.
Адно мне трэба:
думак вашых лёт
Адбіць, як ёсць, вяскоўцы,
на паперы.
Любое мае слова, кожны зык —
Усё ад вас
i ў вашу абарону.
Я — гэта ваша мова, ваш язык,
Нягучны хай,
ды верны вам
да скону.
Першы крык
Ay, айкумена!*
Каметай
рассек я сцяну нематы.
Ад бабчыных пальцаў вось гэтых
i да нябёс яснаты —
ярасны крык.
Гэта —
продкаў
спрасованыя галасы.
Ау, айкумена!
Глотка
мая перапоўнена
(«Сын!»).
За вокнамі — ходзяць вёдры...
Рыпяць па сяле жураўлі...
I дзядзька ў белай кашулі
(ён вёз паўз платы канюшыну з Альхоўкі)
каня ля вакна прыпыніў...
Я -
з самага ціхага краю
(замарудзілі й рэкі там бег).
Ау, айкумена!
Гукаю
галасамі радзімы табе!
* Айкумена - населеная частка зямлі.
* * *
За Стоўбцамі, дзе, як паданне, ноч,
Каціў мне Неман серабро да ног.
У яснай, як пяць пальцаў, глыбіні
Тапіў ён, не хаваючы ані,
Змяю, Пегаса, Рыб, Вялікі Воз
I пастуха двурогага нябёс.
Якая прыгажосць!
Ды ў дзіўнай той цішы
Чагосьці не хапала ўсё ж душы...
Раптоўна збоку, там, дзе белы плёс,—
Як нож у ноч, застылай хвалі ўсплёск!
Ды гэта ж, ледзь ні побач, паўз кусты
Ішлі, гнучыся у дугу, плыты —
Па Млечным Шляху, па маладзіку,
Па неба скінутага цаліку!
Агонь пабліскваў па плытах. Пры ім
Стаяў хлапец з цыгаркаю i пхаў
У бераг жэрдкай; дзядзька на спіне
Ляжаў i хроп — між зор відаць быў нос!
І сэрца тут мае, якое штось гняло,
Устрапянулася у момант, ажыло.
Я зразумеў, прырэчных плёсаў госць:
Найлепшы той пейзаж, дзе людзі ёсць!