Герцан
Герцан выратаваў гонар
рускай дэмакратыі,
Ляціць вазок. Раўніны снегавыя.
Бывай, мой край, бывай, бывай, Расія!
Бяру з сабой смугу тваю i зоры,
Твае бары, прасёлкі, тваё гора.
Няхай слупы мільгаюць верставыя —
Я не ўцякаю ад цябе, Расія.
Я не цябе, Расія, пакідаю —
Кідаю бенкендорфаў, мікалаяў,
Ярмо сваё, ўладзіміркі, казармы
Ды вас, літаратурныя жандармы.
О як яны цябе ўсе акруцілі,
Аблыталі, Расія, аглушылі!
Так моцна спіш ты ў снягах. Паслухаць:
Ад мора i да мора — глуха, глуха.
А голас хто падасць — жандармаў зграя
Ўміг рот заткне тут, аплюе, аблае.
Расія, я не здраднік твой, я воін,
Я еду зброю гартаваць да бою.
Так, еду, ды з табою я да скону,
Я стану, знай, Расія, тваім звонам,
Праўдзівым, непадкупным i магутным,
Каб быў ва ўсёй імперыі ён чутны,
Каб цар дрыжаў, пачуўшы гэты звон,
Каб рухнуў вобзем самаўладдзя трон
І на абломках тых, пад небам сінім,
Нарэшце ўстала Новая Расія.
«Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча ў мінскай кнігарні, 1855 год
— Ці бачыла, пані Альжбета:
Кніжка, пісаная беларускаю мовай! Ха-ха!..
— Як?! Гэтай хамскай, мужычаю,
пастуховай? Хі-Хі!..
— Мо і пісалі для хама,
што возіцца з гноем няспынна? Ха-ха!..
— Што спіць у бруднай халупе сваей
са скацінай! Хі-хі!..
— Mo пан аўтар зрабіць мужыка
грамацеем мяркуе? Ха-ха!..
— Чаго добрага, кіне пугу хам'ё
ды ў школу яшчэ пашыбуе! Хі-хі!..
— Стане вучоным мужык,
будзе пісаць трактаты! Ха-ха!..
— На асамблеі ў сталіцы
будзе сядзець депутатам! Хі-хі!..
— А можа, ў міністры
паперціся ў лапцях захоча? Ха-ха!..
— На трон каралеўскі
у шарачку заскочыць! Хі-хі!..
— Кіраваць яшчэ ўздумае
намі, панамі! Ха-ха!..
— З зямлі гэтай нас прагнаць зажадае
нашымі ж бізунамі! Хі-хі!..
— Ха-ха!..
— Хі-хі!..
Каліноўскі — апошняе слова
Бывай здаровы, мужыцкі народзе.
Такі іскрысты сёння снег!
Такія белыя аблокі!
Тут, на зямлі,— не ў сне, не ў сне! —
Апошнія лічу я крокі.
Да перакладзін чорных тых
(Чаму бялеюць ix сукі?)
Ўсе дваццаць шэсць гадоў маіх
Вядуць стальныя два штыкі.
Даруй мне, тата, i бывай:
Я не вярнуся ў нашу хату.
Больш не адчуць рукою, знай,
Тваёй далоні вузлаватай.
Даруй, Марыська, родны птах,
Я i цяпер, нібы дарункі,
На збітым твары, на губах
Нясу твае ўсе пацалункі.
Даруй, даруй: б'е час разлукі
І тую шыю, што твае
Так моцна абвівалі рукі,
Вяроўка сёння абаўе.
Даруйце мне, што ў час юначы
Сябе я гэтак не бярог.
Паверце вы: я жыць іначай
Не мог, не мог, не мог, не мог.
Вы знаеце: ні канакрадам,
Hi казнакрадам я не быў
I казытлівы пах улады,
Паверце, ў ноздры мне не біў.
Я не таму йду паміраць:
Мне напляваць на тыя троны,
На каралёў усіх кароны,
На крык ix скарбаў — напляваць!
Пячэ мне сэрца боль другі:
Як ластаўку, на згубу
Няшчасны край мой дарагі
Дзярэ арол двухдзюбы!
Мужык, у крук сагнуты, тут —
Ці спёка, ці разводдзе —
Валочыць паншчыны хамут
З стагоддзя у стагоддзе.
Цар толькі прывід волі даў:
Па ўсіх палях наўкольных
Адзін бізун, як i гуляў,
Ізноў гуляе вольна.
Ды што цару народа енк,
Што слёзы паланянкі:
Абы ён толькі піў ды еў
Ды ладзіў пагулянкі.
Цары ж ca смакам хочуць жыць,
Жыць з сэнсам i без сэнсу!
Народ ім трэба, каб давіць,
Народ ім трэба, каб даіць,
Каб, нібы па масту, хадзіць