Iм па касцях i сэрцах!
Ну, а каб легка клаўся ён
Пад царскія падэшвы,
Вылазяць зграі халуёў
Для «апрацоўкі грэшных».
О, я вас знаю, халуі,
Пасобнікі разбою!
Адна ў вас мара — на чаі
Вам кінулі б паболей.
Перад дваром вы — бараны,
Угоднікі, маўчальнікі —
Вам хоць бы выбіцца ў чыны,
Пралезці б у начальнікі.
Што праўда вам, што вам народ,
Што Бацькаўшчыны гора!
Вам свой напхаць бы толькі рот,
Набіць ядою горла.
Вы ўміг тупы цара дэкрэт
«Правесці ў жысць» гатовы.
З усіх амвонаў i газет
Нам «чысціце» галовы.
A пікні вам — як чорны зброд,
Вы ўсіх распяць ахвочы.
Заткнулі вы народу рот
I завязалі вочы.
О так!
З народа можна ўсё рабіць:
Масты масціць, вяроўкі віць,
Гнуць дугі, круціць атосы,
Калі ён нямы, безгалосы!
Вось так, народ, ты ланцугі
I цягнеш век, нябога.
Табе убілі у мазгі,
Што гэта ўсё ад бога.
Ты за цара ў агонь прывык
Ісці, хлуснёй аглушаны,
А цар тваёй рукой, мужык,
Цябе ж самога й душыць...
Калі на край мой крумкачы
Ляцелі хіжым роем,
Вучыў ты, бацька: лепш маўчы
Ды беражы здароўе.
Я не паслухаў, выбачай:
Безабаронны, клікаў край.
I я пайшоў у навальніцу,
У бой зацяты — нож на нож.
«Мужыцкай праўды» бліскавіцай
Я рассякаў нямую ноч...
Цяпер — бывай, бывай, народ,
Даруй за мой канец такі.
Зрабіў я ўсё — на эшафот
Вядуць стальныя два штыкі.
Усё маўчыць. За небакраем —
Палёў заснежаных абрус.
Мая прыгнутая, глухая,
Мая льняная Беларусь.
Там да сяўбы — мне добра бачна —
Ужо ладзяць новыя плугі.
Ты знай, жандар: не ўсё ў нас страчана —
У далях спее бой другі.
На скатаванае зямлі
Збірай жа, люд мой, новы гром.
Я знаю: прыйдзе час, калі
Тут станеш ты гаспадаром.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві у шчасці, жыві у свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
Бацькаўшчына
На пясчаным грудку Зямлі
(там растуць арабіны i слёзкі)
Веска наша жыве...
Ніводзін лівень i снег,
ніводзін вецер, што заўсёды
ляціць куды-небудзь,
Не абамінае двор наш i хату
пад небам.
Дні, як белыя ветразі,
прыплываюць да нас
з усходняга небакраю,
За бярозы чапляюцца...
Кожны — па-рознаму звоніць,
на чыстых граючы струнах,
Кожны — як ясны пярсцёнак,
як дарагі падарунак.
Мы ix ад сябе не пускаем,
сцеражом,
як у Заўтра кладку:
Хай у вочы плывуць,
Хай у вушы плывуць,
Хай у жылы плывуць
да астатку.
З календара хлебароба
(успамін)
Снягамі ўжо аселіцы
Засыпаны без ладу.
Ix аддалі мяцеліцам
У поўную уладу.
Ды ў бацькі твар — як сонца,
Разгладзіліся зморшчыкі:
Яму мех шчасця сёння
Напелі калядоўшчыкі.
Напелі, напрарочылі
З калматаю «казою»
Пра поле, дзе, ахвочыя,
Растуць жыты лазою,
Дзе каласы пад ліўнямі
Згінаюцца вясёлкамі,
Дзе звонка ночы жніўныя
Гукаюць перапёлкамі...
I бацька ўжо не чуе
Мяцеліц свіст няроўны.
Ад рання штось чаруе
Каля плугоў-баронаў.
Ён думку — сон пра лета
У сэрцы ўжо мілуе.
Нанова ўсе палеткі
У галаве малюе.
Дзядзька Адам