Выбрать главу

Янка Купала

Калека

Гутарка зь мінулага часу

I

— Што з табою, браце мілы? Чаму хмуран ты не ў меру? Дзяцюк гэткі повен сілы! Як тут даць, здаецца, веру?
Адной радасьці, вясельля Быць павінны поўны грудзі, Ты ж, як зьбіты, як з пахмельля… Ну, і людзі, што за людзі?
А мо ёсьць на то прычына — Ўсё сваю прычыну мае: Ты дзяцюк, а вунь дзяўчына, Во адно ўжо і ўздыхае.
Ну, ўздыхайце сабе самі, Рад і я вам падцінаці; Можа, траплю дзе часамі І па сэрцу табе, браце.

II

— Пачну думу ад пачатку: Жыў я змалку ў вёсцы з краю; Мала помню родну хатку, А ўсё ж міла ўспамінаю.
Быўшы дзіцем, быў рахманым, Бацькі, маці быў пацехай, Плач нядолі не быў знаным, Колькі гуляў, колькі сьмеху!
Не заводзіў ні чым думак, — Трэба ў школу — ў чым тут стала? Сып, узяўшы кніжак клумак, Адно жаль — знаў іх замала.
Першы год ганяў я ў поле: Умірае бацька, маці, — Вось і стала сьвету болей Сіратою адной, браце.

III

— Ці вы знаеце, што знача Сіратою быць на сьвеце? Хмарка плача, вецер плача, Як такога дзе прымеціць.
Можа, скажаце таксама: Людзі літасьць над ім маюць; Не такая, людзі, крама, Ў якой людскасьць аглядаюць.
Адным цягам год за годам Шлі цярніста, шлі крывава, Зь мі моладасьць зь нягодай, Як асеньняя няслава.
Не раз труд было заснуці; Сьвет хацеў бы ў жменю ўзяці І, як вецьвем, страсануці… Так было мне цяжка, браце.

IV

— Як памерлі бацька, маці, З хаты выгналі за браму, Жыць прыйшлось доляй бадзяцкай, Няма што, пайшоў да пана.
Далі там агрызак хлеба, Далі колькі марных грошы; Што, здаецца, болей трэба? Будзь слухмяны, будзь харошым!
Здасца можа — добра гэтак, А дзе ж кут свой, а дзе воля? Панскі дом, страва, адзетак Душы, сэрца не здаволіць.
Не быць выгнаным надзея Не загосьце ў чужой хаце; Месяц сьвеціць, ды не грэе, Служба службаю, мой браце.

V

Скокам-бокам, напаўз горам Насьпеў годзік і дваццаты. Быў хлапцом — сказаць не сорам! Бач, пазвалі у салдаты.
I пайшоў я — няма дуру — Паспытаць ваеннай кашы; I што скажаш? — прыйшоў з скурай, I там людзі, і там нашы.
На муштроўку шоў у зьміру, Вайну ўзьнялі — туды глянуў; Праслужыў гадкоў чатыры I вярнуўся… куды? — к пану.
Прынёс крыжык — памяць з бою, Ды яго ж я, о пракляцьце! Аплаціў адной рукою… Эх, каб ім… Падумай, браце!..

VI

— Аднарукі, аднарукі! Гэтак дома ўсе казалі, Многа меў нуды, дакукі, Яшчэ горай стала далей.
Што рабіці, трэба жыці, — Стаў у двор за лесьніка я, А служыці, дык служыці, Мабыць, доля ужо такая.
Вось з наказу раз пайшоў я Вартаваць у лес павалы, Ноч была, на безгалоўе Бура выла, лес ламала.
I вось хвойка грук! I сукам Нагу крыша, не паўстаці, Бура глушыць енк мой гукам. А там далей, эх, мой браце!..

VII

Што было, і сам не помню, Год пралежаў у бальніцы, На сьвет выйшаў, хто ж уломню Дасьць і хлеба, і вадзіцы.
I паплёўся я з пакорай Туды, дзе такім дарога, Дзе адно сабрана гора, — Ў жабракі пайшоў з трывогай.
Дзіўна вам, што часам з нудаў Заглядаю у карчомку… Людзі, людзі! Іншым буду — Адчапіце мне хатомку.
Вы — шчасьлівы, з доляй яснай — I то рады пагуляці, А я ж, я — жабрак няшчасны… Эх, не крыўдзь насьмешкай, браце.