VIII
— Глянь во з жалем — я калека,
Аднарукі, аднаногі,
Беспрытульнасьці апека
Ацямніла ўсе дарогі.
Дум гаротных колькі, колькі!
Хто зьлічыць, апець іх можа?
Каму ўцям чужыя болькі,
Хто бядзе чужой паможа?
Быў здароў, быў дуж і молад,
Ніпачым саха, сякера,
Што там значыў холад, голад,
Крэпка сіла, крэпка вера!
Дзе ж ты, вера, дзе ты, сіла?
На каго мне наракаці?
Эй, падмігівай, магіла!
Ты ж не злуйся, мілы браце.
IX
— Кастыль, торба, кій жабрачы
Маім пашпартам, адзнакай,
Было кепска, ўсё ж іначай
Над сваёй нядоляй плакаў.
Як і ўсе, і я меў сэрца,
Быў час — дзеўчынку нагледзеў;
Пасьля ж, пасьля ў паняверцы
I дзяўчынка зьнікла недзе.
Як апаленае дрэва
Пастухамі ў полі роўным,
Адзінока хмар павеваў
Жду век з сэрцам неспакойным.
Памру. Хіба крук над трупам
Хаўтуры будзе спраўляці,
Дый ноч гляне вокам рупным…
Эх, хоць ты успомні, браце.
X
Глянь душой, дзе, ў чым няшчасьце,
З твайго ж сьмех мне нараканьня, —
Зь віхраў зімніх не прапасьці, —
Рухне стужа, вясна ўстане.
Ў сьвет глядзі з надзеяй, дружа, —
Вера ў шчасьце не зашкодзіць;
Не ўсім доля роўна служа,
Не ўсіх колкай сьцежкай водзіць.
Хоць нож крыўды ўесца ў грудзі,
Хоць нуды сьляпое жала
Кроў смактаці зь цябе будзе, —
Стой за праўду, стой як скала.
Людзі… Што ж? хто не калекам,
Аб іх можна і не дбаці,
Будзь сам толькі чалавекам,
Будзь… Ей, будзь здароў, мой браце!
XI
Мне пара ужо зьбірацца…
Ох, сказаць хацеў дадому…
Мне пара ўжо з хаткі к хатцы
Хлеб ісьці зьбіраць па-свойму.
Гаварыці перад кажнай
Псалмы, пацеры, літаньні,
дбрыдаціся адважна,
Яксабакадзе прыстане.
Мо так выжабрую недзе
Куток ціхі дажыць веку,
Мукі хтось калекі ўгледзе,
Не дасьць згінуць чалавеку.
Прыйдзе зьмена мо на сьвеце,
Не дасьць бедным бедаваці,
Будзем жыць, і жыць хацеці,
I пець весела, мой браце.
XII
Гэтак правіў у карчомцы
Раз убогі, Куксай званы,
Мала меў чаго ў хатомцы
I быў так не зусім п'яны.
Яго слухалі цікава,
Праўды шмат ад яго чулі.
Кожны бачыў, як крывава
Можа доля справіць гулі.
Зь дзесяць год таму па дровы
Ехаў неяк я зімою,
Мала грэў і кажух новы,
Трос, як лістам, сівер мною.
Еду… Дзе крыж ля дарогі,
Штось відаць, як хто лёг спаці,
Глянуў.. Мёртвы Кукса ўбогі…
Так жыцьцё ён скончыў, браце.