Што заставалася рабіць? Толькі чакаць. Валянцін стаяў над парасткам, пазіраў на гадзіннік, выстукваў пальцамі напаўзабыты танцавальны матыў. Ах, як па-заліхвацку ён вытанцоўваў калісьці, а яго каханая смяялася і пляскала ў далоні! Ён сам не чакаў ад сябе такога спрыту. Утрэскаўся па вушы, як хлапчук, са скуры вылузваўся, каб дагадзіць, пацешыць, утрымаць. Ружы дарыў ахапкамі, штораніцы пасылаў кошык самых свежых, пакрытых расою, з залацістай карткай... На Каляды, на вячэры ў яе бацькоў, ён зрабіў прапанову — як і належыць, стаў на калена і пацалаваў руку. Яна толькі ўсміхалася, а тата яе прабурчаў у вусы: «Такія справы абмазгаваць трэба» — і выразнага адказу Валянцін так і не атрымаў, пакуль не пачуў здзеклівае «калі расцвітуць чорныя ружы». А можа, ён дарма хвалюецца, і гэта такое выпрабаванне на трываласць пачуццяў? Ці ўсё яшчэ больш банальна: любіла, любіла — ды і разлюбіла? Выкінула, як непатрэбную кветку? Ён паморшчыўся ад гэтых калючых, тужлівых думак, абхапіў сябе рукамі, нібы ў дрыжыках, як раптам убачыў, што ў расліны патанчэла сцябло, прарэзаліся шыпы, а пялёсткі сціснуліся, выцягнуліся і пачалі налівацца чарноццем, як быццам хтосьці праліў на іх бутэлечку чарніла.
Тут, як заўсёды, без стуку, у пакой шумна ўваліўся Густаў.
— Там у садзе. — пачаў ён.
— Колькі разоў я прасіў цябе стукацца? — нечакана для самога сябе зласліва крыкнуў садоўнік. — Я заняты, я праводжу важны эксперымент! Ідзі прэч!
Густаў няўцямна глядзеў на яго. Потым паціснуў плячыма і сышоў, па звычцы ссунуўшы хмурна бровы. «Яшчэ і пакрыўдзіўся. Знайшоў час, доўбня», — злосна падумаў Валянцін. І замер, усцешаны: пялёсткі ў нованароджанай ружы пацямнелі яшчэ мацней, нібы цень напоўз на бутон.
— Давай, давай, — падбадзёрыў яе шэптам Валянцін. — Мы ім усім пакажам! Яны ў нас яшчэ паплачуць! Чарней, мілая мая, чарней!
І кветка старанна чарнела. Яна ўбірала ў сябе ўсё: ваду, гармоны росту, злыя словы і рэдкія праменьчыкі сонца. Яна вагалася. Такія розныя і зменлівыя настроі ў людзей у гэтым доме. Густаў адкрыта сердаваў, і ружа паслухмяна прыняла яго густую, глейкую, як патака, злосць. Садоўнік цешыў і песціў у сабе клубок раўнівых сумневаў і крыўдаў, і ружа размотвала нітачка за нітачкай горкія, атрутныя, цяжкія думкі.
Нясмела пастукаўшы, у пакой нечакана зазірнула Ліза. Думкі дзяўчыны, светлыя і пералівістыя, як вада бестурботнага лугавога раўчука, здзівілі і ўзрадавалі кветку. Аказваецца, можна быць і такім — цёплым, любячым, спакойным? Ружа прымярала на сябе новыя эмоцыі, і яны вельмі ёй падабаліся.
— Паслухай... Я хацела пагаварыць з табой пра выставу...
— Не замінай мне! Зачыні дзверы! — ускіпеў садоўнік. Ён неадрыўна глядзеў на ружу і бачыў, што яе пялёсткі раптам пачалі бялець.
— Не прымай так блізка да сэрца...
— Пакінь мяне ў спакоі, крываножка! — са злосцю крыкнуў ён. Ліза скаланулася, як ад аплявухі, вочы яе сталі вялікімі і вільготнымі. Кветка ў вазоне здзівілася зноў. Як хутка мяняюцца эмоцыі людзей! Ад сонечнага лугу не засталося і следу, думкі дзяўчыны сталі раптам халоднымі ды зябкімі, як зімовы вечар, калі прагарэла апошняе палена ў печы і скрозь незаканапачаныя сцены пачала прабірацца ў дом ледзяная цемра.
Ліза паспешна схавалася за дзвярыма. Садоўнік з прыкрасцю стукнуў кулаком па стале. Абярнуўся і... убачыў, што ружа расцвіла.
Свежапаголены, з ручніком на шыі, садоўнік шпарка прычэсваўся перад люстэркам. Трэба спяшацца, конкурс кветкаводаў вось-вось пачнецца. Валянцін не сумняваўся, што пераможа. Дзіва што! Усе раты разявяць ад здзіўлення, калі ўбачаць чорную ружу. «Гэта немагчыма!» — выклікнуць яны. І калі Валянцін будзе стаяць з медалём на шыі, у натоўпе мільгане знаёмы твар, і тады ён голасна абвесціць: «Я стварыў гэты цуд для маёй нявесты, для самай прыгожай дзяўчыны горада!» — і што ёй застанецца, як не падняцца на сцэну? Ён люта ўсміхаўся, прадчуваючы трыумф. Яна не асмеліцца прылюдна адмовіцца ад дадзенага слова.
Ён прыслухаўся. Як ціха ў краме! Ніводнага пакупніка за дзень — і не дзіва: цяпер на плошчы сапраўдны кветкавы кірмаш, букецікі і бутаньеркі на любы густ. Шаноўная публіка, усё самае прыгожае — і толькі для вас! Ліза збіралася з самага ранку сысці туды з латком фіялак, як заўсёды, — але не, засталася дома, імкнулася не трапляцца на вочы, паціху прыбіралася ў кухні. За сняданкам дзяўчына была вельмі заплаканая, і погляд Густава быў больш хмурным, чым звычайна, усе маўчалі, і садоўнік падумаў нават: а раптам яны сыдуць, кінуць краму? І тут жа груба перабіў сам сябе: ды хай сыходзяць! Што я, прыбіральшчыцу не адшукаю, работніка новага наняць не здолею? Гэта настолькі няважна, гэта не варта ўвагі, асабліва цяпер.