Выбрать главу

Вядома, Валянцін нерваваўся. Тысяча акалічнасцей магла перашкодзіць яго дзёрзкаму пла­ну. Раптам яго каханая возьме ды не прыйдзе на свята горада? Захварэе, з'едзе да цётачкі на імяніны, закапрызіць з прычыны падранай панчохі. Ці палье дождж і размочыць усю святоч­ную мішуру. Альбо праз малую колькасць удзельнікаў адменяць спаборніцтвы кветкаводаў, і тады не падняцца Валянціну на сцэну ды не прамовіць слова пераможцы. Хоць вось гэтага не варта баяцца. Не было яшчэ такога выпадку, каб не знайшлося ахвотнікаў пазмагацца за перамогу. Усякі, хто высадзіў каля дома пару чаранкоў, хто па суботах матыкай у гародзе калупаўся, уяўляў сябе адмысловым селекцыянерам. У аднаго цюльпаны захварэюць, з'явіцца на кветках светлая штрыхоўка, — а ён мітусіцца, шампанскае адкаркоўвае: маўляў, стварыў новы сорт! У іншага на гладыёлусах бялян-капуснік пагаспадарыць, бутоны пагрызе, — а ён ганарліва заяўляе, што вывеў унікальныя дзіркаватыя кветкі! Цьфу, няўдачнікі. Хіба можа хтосьці з гэтых няшчасных сапернічаць з ім, Валянцінам?

Ён зрабіў самы ганарлівы выраз твару, які ўмеў. Вось так ён устане, адкіне валасы з твару і пранікліва вымавіць. Але ён не паспеў прыдумаць і першых слоў, таму што ў гэты момант бразнуў званочак, і ў краму ўвайшла яна, яго няверная прыгажуня. Як заўсёды, яна была сама дасканаласць, у пышнай абрыкосавай сукенцы і лакавых тупаносых туфліках, завітая і прыпудраная, як парцалянавая лялька з дарагой крамы цацак. І Валянцін адразу ўспомніў, што стаіць перад ёй паўапрануты, без сурдута, у недарэчных падцяжках, з ідыёцкай ухмылкай на вуснах.

— І што ж гэта за новыя акалічнасці? — спытала дзяўчына. — Май на ўвазе, я прыйшла выключна з цікаўнасці, а не паддаўшыся ўгаворам твайго бязглуздага ліста.

— Але я не пісаў табе лістоў, — разгублена прагаварыў Валянцін.

— А гэта, па-твойму, што? — яна працягнула яму канверцік. Валянцін бегла прагледзеў радкі, напісаныя незнаёмым круглявым почыркам. Жаночая рука, жаночая. Садоўнік незадаволена азірнуўся ў бок кухні. Хто прасіў умешвацца? Дабрадзейка знайшлася... Ён справіўся б і сам, ён пракруціў бы бліскучую мнагахадоўку, сыграў бы на фанабэрыі, заваяваў бы трыумфам — і вось, цяпер усё зламана, замест трыумфу — нясвежая кашуля і адсутнасць козыроў у ру­ках. Хоць, можа, так яно і лепш? А раптам яму ўсё-ткі адмовілі б, прылюдна? «Я не твая нявеста, няўдачнік!» — і натоўп вылуплівае вочы, узіраецца з прагнай цікавасцю, жалем, пагардай, насмешкай. Так, мабыць, гэта да лепшага. Не варта такія гутаркі на публіцы весці.

— Хвіліну, — прагаварыў ён, камечачы ліст. — Адно імгненне! Нікуды не сыходзь! — і, пераскокваючы праз прыступкі, Валянцін кінуўся наверх, у кабінет. Зняў, нарэшце, з шыі гэты дурны ручнік, нацягнуў сурдут, прыгладзіў валасы. Потым зрэзаў ружу і, трымаючы яе за спінай, бегам вярнуўся ў краму.

Прыгажуня з нудой круціла ў руцэ пальчаткі, незадаволена падціскала вусны. А за прылаўкам — вось табе і на! — уладкавалася Ліза і з захапленнем гартала кулінарную кнігу. І Густаў, цурбан гэтакі, прымасціўся ля адчыненых дзвярэй у сад, смаліў цыгарэтку. Знарок яны, ці што? І Валянцін зразумеў: так, знарок. Не з цікаўнасці ці нетактоўнасці, а наўмысна замінаюць, каб скамячыць сцэну яго прызнання. Нічога ў іх не выйдзе!

— Ты доўга маўчаць будзеш? — капрызна прагаварыла дзяўчына. — Я на танцы спазнюся!

— Я цябе не затрымаю, — сказаў ён. Так, спакойна, трэба ўзяць сябе ў рукі. — Ты абяцала выйсці за мяне замуж, калі расцвітуць чорныя ружы. І сведкі ёсць. Памятаеш?

— І што ж, яны расцвілі? — з'едліва спытала яна.

Валянцін урачыста апусціўся на калена і працягнуў ёй чорную ружу. Ён рознага чакаў: захопленых слёз («ах, няўжо гэта ўсё дзеля мяне?!»), здзіўленых, шырока расплюшчаных вачэй («але якім цудам табе гэта ўдалося?!»), недаверлівага маўчання («ах, як ён мяне кахае, і навошта я з ім была такою жорсткай?!»). Але таго, што адбылося, ён не чакаў зусім.

Прыгажуня грэбліва ўзяла кветку, пакруціла ў руках — і кінула садоўніку пад ногі.

— Што за падробка? Чарнілам ты яе паліваў? Ці скруціў з пап'е-машэ? — прагаварыла яна з'едліва. — Хіба гэта чорная ружа? Гэта вырадак нейкі. Яна і не пахне! А чорнай ружы не было, няма і ніколі не будзе!

— Ты абяцала, — скрозь зубы паўтарыў ён.

— Ах, абяцала? — яна злосна ўсміхнулася. — Але і ты абяцаў сёе-тое, дружа. Абяцаў, што я стану гаспадыняй дома, саду і крамы. А высветлілася, што ты нічым гэтым не валодаеш! У цябе нават імя падробленае!