Выбрать главу

Валянцін змяніўся ў твары.

— Так-так, — працягвала яна. — Мой бацька пра ўсё дазнаўся! Зямля і дом належаць яму, — яна паказала пальчыкам на панурага Густава, — а ты ўсяго толькі прыёмыш, прывечаны са страху за тое, што загасне любімая справа. Старому Валянціну часта ўсміхалася ўдача, вось толькі з сынам-крэцінам не пашанцавала, таму стары ажыццявіў падмену. Ты стаў садоўнікам — а наўзамен пакляўся да канца жыцця прыглядаць за дурылам. Ваш зман так бы і не выкрыўся, калі б табе не прыйшло ў галаву ўзяць у жонкі дзяўчыну з прыстойнай сям'і! Вырашыў нас ашукаць, але не выйшла!

Забыўшыся на кулінарную кнігу, Ліза павярнулася да Густава. На яго флегматычным твары, як звычайна, не адлюстроўвалася ні паўдумкі, ні чвэртачкі эмоцыі.

— Ты ведаў гэта?! — прашаптала яна.

Ён паціснуў плячыма, што на яго мове азначала: «Так, ну і што з таго?»

Ліза не ведала, што і думаць. Усё гэта было вельмі падобным на праўду.

Так лёгка было ўявіць сабе дзяцінства Густава! Напэўна, ён позна пачаў размаўляць, пазбягаў людзей і цэлымі днямі праседжваў адзін у садзе. Важдаўся з багоўкамі, збіраў вусеняў, будаваў крэпасці з пяску. Небарака нават роднаму бацьку здаваўся хворым і недалёкім, разумова адсталым. Адзінае, позняе дзіця, самая вялікая надзея старога садоўніка — і самае вялікае яго расчараванне.

І так ужо супала, што старому на вочы ўвесь час трапляўся жвавы, кемлівы хлапчук, сын кухаркі ці ўнучак хатняй прыслужніцы, а можа, сірата-бадзяжка, што прыбіўся да гасціннага дому. Ён круціўся ў садзе, дапамагаў, распытваў, ведаў на памяць назвы кветак і марыў вырасціць блакітны цюльпан. Напэўна, не раз думаў стары з горыччу: «Эх, чаму гэта не мой сын?» Памеркаваў, пасумняваўся — ды і прыняў хлопчыка ў сям'ю. А што пра гэта думаў Густаў? Напэўна, яму было ўсё адно. Напэўна, ён ніколі не хацеў стаць праслаўленым садоўнікам. Жыў спакойна ў сваім доме, займаўся сваім садам — і якая розніца, што там напісана ў паперках і пад чыім імем стаяць пячаткі.

А Валянцін спрабаваў апраўдацца:

— У Густава няма схільнасці да кветкаводства! Ён грандыфлору ад фларыбунды не адрозніць! Ідыёт, прыдурак, толькі і ўмее, што жукоў пальцам душыць! Справа садоўніка Валянціна загасла б, калі б не я! Я выратаваў гэты сад, я пасадзіў у ім тысячы новых кветак! Нябожчык бацька Густава быў бы мне толькі ўдзячны!

— Мяне не цікавіць гэтая сентыментальная лухта, — перабіла яго прыгажуня. — Я ведаю адно: каб стаць гаспадыняй крамы, трэба выйсці замуж за яго, — яна зноў ткнула пальцам у Густава. — А ты, нікчэмнасць, не маеш ні шэлега за душой!

Яна павярнулася, каб сысці, але зачапілася за штосьці. Чартыхнуўшыся, зірнула ўніз — і завішчала ад страху. Таму што на падлозе больш не валялася выкінутая ружа. Там, багата паліты нядобрымі гаворкамі, угноены насмешкамі, падкормлены злосцю, чарнеў і шчэрыўся калючкамі маленькі шыпасты лес. Ніякая вада не спатрэбілася, каб немаведама адкуль узяліся карэньчыкі, трывала ўраслі ў падлогу, і адтуль пырснулі ўгару новыя атожылкі, тоўстыя, калючыя. І разрастаўся гэты лес, што самае жудаснае, вакол пышнай спадніцы з абрыкосавага шоўку. Спадніцы, за якую выплачаны грошы не проста велізарныя, а адкрыта непрыстойныя. Спадніцы, якая павінна была сягоння на танцах шамацець, агаляць стройныя шчыкалаткі і заваёўваць сэрцы, а замест гэтага няўхільна ператваралася ў лахманы пад вострымі шыпамі.

— Балван, твая дурная ружа псуе маю сукенку! — дзяўчына прысела на кукішкі, паспрабавала адарваць ад падола ўчэпістыя галінкі і войкнула, укалоўшыся. А калючкі, пакаштаваўшы крыві, драпежна рвануліся па дабаўку, папаўзлі па спадніцы, нібы мудрагелісты выродлівы гафт, ігольчастае лісце ўчапілася ў тканіну, і тая жаласна затрашчала.

— Што гэта, што гэта такое?! Што за чартаўшчына?! — істэрычна загаласіла прыгажуня. Тут ужо і Валянцін, нарэшце, зірнуў уніз. І прыўстаў са свайго месца Густаў, і перавесілася цераз прылавак Ліза, не стрымаўшы цікаўнасці. Карціна перад імі адкрылася страшнаватая: калючыя сцёблы, як чэпкія лапкі, караскаліся па абрыкосавым шоўку, сукенка перамазалася ўжо крывёй, і віселі ніткі ды лапікі, а кветкі з вострымі зубчыкамі (а можа, зубкамі?) на краях пялёсткаў ужо чарнелі на гарсажы і цягнуліся да гожанькага тварыка. Зрэшты, цяпер тварык ужо не быў прыгожанькім, яго перакрывіў страх. З натужлівым пыхканнем былая прыгажуня спрабавала вызваліцца, але толькі раніла пальцы, і падалі чырвоныя кроплі на лакавыя светлыя чаравічкі.

— Хацела чорных руж? Дык атрымай! — прагаварыў Валянцін. Вядома, ён не чакаў такога зыходу. І вядома, не цешыўся. Але нейкае дзіўнае горкае задавальненне спела ў глыбіні яго душы. І здавалася, быццам так і трэба, быццам здзяйсняецца справядлівая расплата, і хай усё ідзе сваім парадкам. Ён стомлена махнуў рукой, сеў проста на падлогу і закрыў рукамі твар.