— Загадай ёй спыніцца! Яна ж мяне задушыць!
— І няхай, — адклікнуўся Валянцін, не прыбіраючы далоняў ад твару.
— Ну добра, добра, я згодная! Я выйду за цябе замуж! Ты ж гэтага хацеў? А цяпер загадай ёй спыніцца!
— А я тут ні пры чым. Яна сама. Ты ёй не падабаешся, вось што. Ёй агідна бачыць цябе. І мне таксама агідна.
— Ды што ж ты за чалавек такі? — не вытрымала Ліза. Ускочыў Густаў, перакуліўшы крэсла, але Ліза адхінулася ад яго рук, схапілася з усяе сілы за пругкія сцёблы і пацягнула іх на сябе. Ружа не чакала такога каварства, аслабіла хватку, вырвала на развітанне яшчэ пару лапікаў абрыкосавага шоўку і — ці то адчуўся лёгкі ўздых, ці то Густаву здалося? — адчапілася ад сваёй ахвяры. Ускрыкнуўшы, абедзве дзяўчыны паваліліся на зямлю.
Ах, як жудасна зараз выглядала некалі самая прыгожая дзяўчына горада! Сукенка ў лахманах, замест кудзерак — птушынае гняздо на галаве, капялюшык з'ехаў на патыліцу, на носе — яркая малінавая драпіна. Куды падзеўся той апетытны труфель?
— Я падам на цябе ў суд! Я выклічу паліцыю! Ты так проста не адкруцішся! — закрычала яна — і змоўкла, таму што Валянціна ў краме не было. Куды ён знік? Ці то выслізнуў за дзверы так ціха, што і званочак не дзынкнуў, ці то прашмыгнуў міма Густава ў сад — ніхто не ведаў, але факт заставаўся фактам: садоўнік прапаў без следу.
— Вы за ўсё заплаціце, — прашыпела госця. Паднялася, атрэсла сукенку і сышла. Не на танцы, вядома, а вулачкамі ды завулачкамі дахаты — пераапранацца, жаліцца татку, піць лаўравішнёвыя кроплі.
Ліза сядзела на падлозе. Яе рукі і сукенка былі ў крыві, а па твары цяклі слёзы, і нават нездагадлівы Густаў разумеў, што дождж у гэты раз ужо дакладна ні пры чым. Чорная ружа, пацішэўшы, драмала ў дзяўчыны на каленях і больш не парывалася кусацца і драпацца.
— Густаў, калі ласка, прынясі шклянку вады, — усхліпваючы, папрасіла Ліза.
Ён стрымгалоў рынуўся на кухню, ледзь не разбіў збанок, знёс па дарозе назад два крэселкі. Апусціўся на калені побач з Лізай і думаў напаіць яе, як дзіця. Але Ліза слаба ўсміхнулася, узяла ў Густава шклянку і паставіла туды зламаную кветку.
У чысценькіх вітрынах адлюстроўвалася паўдзённае сонца. Пераліваліся золатам літары на шыльдзе. «Бач ты, не разарыліся без мяне», — падумаў Валянцін ці то радасна, ці то горка. Прыклаўшы далоні да шкла, адгарадзіўшыся ад сонечных прамянёў, ён зазірнуў унутр. Так, Ліза верная сабе: па-ранейшаму ніводнай дарма зрэзанай кветкі, усё тыя ж шакаладкі і крэселкі, і нават кулінарная кніга, як і раней, ляжыць на прылаўку. Ён патаптаўся нерашуча, насунуў капялюш на вочы і ўвайшоў. Тут жа, пачуўшы брынканне званочка, з кухні з'явілася Ліза, выціраючы рукі аб фартух. «Катлеткі, — пацягнуўшы носам, вызначыў Валянцін. — Падрумяненыя курыныя катлеткі. Чорт, як даўно я не спрабаваў Лізінай ежы!»
— Колькі каштуюць кветкі, гаспадынька? Ці добры ўраджай? — спытаў ён хрыплым надтрэснутым голасам.
— А якія кветакі вам патрэбны?
— Ды сам не ведаю. Мне б спярша зірнуць.
— Валянцін! — выклікнула яна. Валянцін здрыгануўся ад радасці — але Ліза глядзела не на яго, а на заднія дзверы. Там стаяў высокі нязграбны хлапчук у саламяным капелюшы. Ён зусім не саромеўся незнаёмца, усміхаўся, круціў у руках матыку.
— Колькі разоў цябе клікаць? Мый рукі і сядай абедаць, — загадала Ліза. Хлопчык кіўнуў і знік у задніх пакоях.
— Дык што з кветкамі, гаспадынька? Я спяшаюся, — прагаварыў ён горка. Забылася... Ліза яго забылася. І адкуль тут гэты хлапчук? Няўжо зноў падабралі прыёмыша?
— Хадзем...
— Ты не пазнала мяне, Ліза, — дакорліва сказаў ён.
— Адразу ж пазнала, яшчэ па кроках за дзвярыма, — адказала яна ўсё тым жа роўным голасам. — Толькі не здагадвалася, што ты хочаш быць пазнаным.
Ён недаверліва ўсміхнуўся. Ах, Ліза. Усё тая ж дабрыня ў вачах, той жа мяккі голас. Але папаўнела, пакруглела. Няблага! І чаму ён раней заўважаў толькі кульгавасць? Прызнацца, ён лічыў Лізу дурнічкай і прасцячкай, нявартай мужчынскай увагі. І цяпер здзіўлена разглядаў яе: змянілася, як змянілася! «Здаецца, яна закаханая ў мяне», — успомніў ён задаволена.
— Ты ўсё прыгажэеш.
Ліза, насуперак яго чаканням, не збянтэжылася, а спакойна ўсміхнулася гэтаму немудрагелістаму кампліменту. Злёгку разгубіўшыся, Валянцін прыцягнуў яе да сябе.
— Ліза, Ліза... Як доўга ты мяне чакала...
— Паслухай... — прагаварыла Ліза з нейкай новай, чужой інтанацыяй. Ён здагадаўся зірнуць на яе руку. Убачыў пярсцёнак на безыменным пальцы. Ах, вось як? Прыбраўшы рукі з яе таліі, спытаў хмурна: